Выбрать главу
Прырода Палесься Яго напаіла Крынічнаю песьняй, Зарой небасхілу.
I выйшаў ён проста Зь вясковага раньня, Як новы апостал Людзкога каханьня,
Такога зямнога Жывога каханьня, Аж болю замнога, Трывог і згараньня.
Ці ў гэтым загана? Ці-ж доля схлусіла? Пад сэрца загнана Прыгожая сіла.
Палескіх гушчараў Ён мовы ня кінуў. Ня страціў тых чараў На бруку Брукліну.
ЧАРОМХАВЫ ЧАД
У жывым харасьцьве Песьня шчасьця плыве. Белы сад. Сьмех дзяўчат. I чаромхавы чад. Юр-вясна на траве.
Дзень чароўны такі Выслаўляюць шпакі. А дзе-ж ты, залаты? Гоніш дзесьці плыты. Кожны крок твой цяжкі.
Дзе прыпынак твой? Дзе-ж? Ты, гаротны, плывеш Ад сяброў, ад братоў Да чужых берагоў. А каму там пяеш?
Мо далёкай вясьне? Мо згадаў і мяне? Хатні лад. Белы сад. I чаромхавы чад... Гэта-ж сэрца кране.
ТАНЦОРКА
Людзкі натоўп стаіць сярод Шырокай вуліцы. Там кастаньеты сыплюць шрот, I ў гуках чуецца:
Мая радня, Мая сям'я, Мая Гішпанія! Сьпяваю я, Танцую я, — Але ці-ж пані я?
Ці-ж лёгкім рытмам зараблю Віна і хлеба я? Люблю мастацтва, Край люблю, Багацьцем грэбую.
I сьмех гітары загайсаў Над сіньёрытаю. Жалобным шалікам каса Мая акрытая.
А весялосьць расьце ўдвая I ў ёй я плаваю. Сьпяваю я, Танцую я, Жыву забаваю.
Прыветным позіркам тваім Мой спрыт распалены... Ты стаўся блізкім, дарагім, Маёй крышталінай.
Дармо схаваўся між чужых I ўторыш воплескам. Ты да мяне цяпер бяжыш Праменным водбліскам.
Сьпяваю я, Танцую я, Гульліва-сьмелая... Краіна ў сьнежані твая Бяскрайня-белая.
I там таксама сонца ёсьць, А хмары сьцелюцца, Прайшла твая там маладосьць, А зь ёй мяцеліца...
Цябе я песьнямі любіць Хачу нясьпетымі, У бубен біць, Абцасам біць I кастаньетамі.
РЫМЛЯНКА
Кахаць, гарэць, і зь ёю жыць, I ў хаце мець ня наша слова. Ці ня чуваць, што ў сэрцы сыць Займае месца паступова.
I песьні поўдня, і віно, Утульнасьць, мяккія пасьцелі... А ці ня ў роспачы адно Жывыя мары зашасьцелі?
Чаму Італія мяне Сваёй красой зачаравала? Чаму я ў гэтай старане Пачуцьцяў выказаў нямала?
Гарачы сонечны настой Плыве прастораю шырокай. Схіліўся вобраз нада мной Рымлянкі смуглай, чарнавокай.
Яна ўплятае ў косы-смоль Маё ўстрывожанае сэрца. I я ў палоне. Чую боль. Так поўна папрыкі і перцу!
Мне горка. Вырвацца хачу З удушша чаду і прынады. Крычу я лёсу-асначу: Мне не дасі ніякай рады!
Разлад ад роздуму майго... Мая мадонна без кароны. Замест пшанічных пірагоў, Яна мне варыць макароны.
Замест лагодных нашых слоў, Яна мне «прэга» прамаўляе. Таму я з прагаю гатоў Паслухаць голас майго краю.
Сіньёра, радыё ўлучы! Пастаў на ведамыя хвалі, Каб беларусы з далячынь Мне гаварылі і сьпявалі.
Пачую роднае, сваё — Сьвятыя гукі нашай мовы. Як мы шчасьлівыя ўдваёх Былі-б, каб іншыя умовы!
Каб ты ў жытнёвыя палі Даўней выходзіла сьпяваці, Каб нашы звычаі былі Не супярэчлівымі ў хаце.
На жаль, мой край табе чужы, Мой кожны чьн — незразумелы. Ты пра каханьне не кажы: З дурноты ўзбуджаныя целы.
I гэта цягне нас на дно, I розум жарсьцяй патаптаны. Ці не самотнае судно Плыве ў сівыя акіяны?
На пяцьдзесятай на вясьне Мая душа ў трывозе тужыць. Я бачу Бацькаўшчыну ў сьне, Мне радыё на радасьць служыць.
Паслухаць роднае! Шрубкі Круці, пастаў на тыя хвалі, Каб беларусы-землякі Мне гаварылі і сьпявалі.
Ты чуеш? Льлюцца галасы! I ціхі шум у радыёлі. Здаецца, жыта і аўсы Шасьцяць сасьпелыя на полі.
Усе дарогі ў Рым вядуць, — Старая прыказка вядома. А можа ў Менск? У Вільню? Жмудзь? Чаму ў Італіі, ня дома?
А дзе мой дом? Дзе сваякі? Ці застанецца ўсё забытым? Узяць-бы сьцежку нацянькі, Ісьці і жыць вясковым бытам.
I цішыня, і супакой, Бярозка, бусел ля балота... Рымлянка, сёньня я з табой, А заўтра — смутак і самота.
Утоіць думкі не магу: Тваёю песьняю сагрэты. Але на нашым мурагу Сьпяваюць лепшыя кабеты.
I я ім блізкі, я ім свой... Ты толькі чар паўдзённай казкі. Хіба на старасьці сівой Нам разыйсьціся з добрай ласкі.
СУСЕДКА
Сьпеў тарантэлі, Уздохі бубна... I ўсё Ў гатэлі Так дружалюбна.
I шум няспынны Жыцьця і мора Глушыў хвіліны Людзкога гора.
А дзесьці ў скалах, Дзе змрок лілёвы, Душа шукала Красу і словы.
Ці-ж вобраз высах? Сатлелі скарбы? На кіпарысах Гусьцелі хварбы.
Суцішнасьць рухаў I звон цыкадаў. Я казку слухаў, Я ў казку падаў.
I — лятуценьні... Пляту я ценi Цяжкога лёсу У сонца косы.