Выбрать главу
Ну, а яблыкі! Жытнёўкі, I апорты, і мядоўкі, I ранеты-наліванкі, Манастыркі і цыганкі... Ды антонаўкі якія! Сакавітыя, важкія Ў сьпелі залатой.
Прыгадаю я ўсё гэта, Як прыгожы верш паэта, Як твой першы пацалунак, I апошні пачастунак, I як вечар той.
* * *
Пад акном стакрылы клён, Родны дом, як мілы сон. Сьлёзы цісьне успамін, У грудзёх кляновы клін.
Не магу ўсхапіцца ўраз, Чорны смутак закружыў. На сьвяты гляджу абраз... О, Ісус мой на крыжы!
Божа, верыць памажы! Цуд зрабі, зламі ўсё зло, Каб дабро не ў міражы, А ў мой край мяне вязло.
Каб-жа там ды пад акном Мне шумеў стакрылы клён. Чую я: самотны ён Кліча нас у родны дом.
* * *
Учора тут прайшлі касцы, Сьпявалі косы дружным хорам. I ў сене — зьвялыя званцы З рамонкам, люцікам, чаборам.
А краскі гэтыя жылі, Яны цьвілі на ўцеху мілым, Якіх прынаджвалі палі Ісьці ў палон прыродным сілам,
Напіцца мёду з палыном З дзяўчынай дзесьці пад ляшчынай... Ды вось адвозяць у гумно Мурог і віку з канюшынай.
О, гэты могільнік травы! Жыцьцё і тут, як на паверцы. Дзьве на падушцы галавы, А пад дзяружкай б'юцца сэрцы.
Маячаць шлюбныя вянцы... I шчасьце мроіцца ў суквецьці: На полі рвуць малыя дзеці Жывыя сінія званцы.
* * *
Я выйду на вуліцу, За горад пайду. I песьня прытуліцца, Прагоніць нуду.
I скоціцца зьнічкаю Ў пачуцьцяў гульню. Пад ціхай каплічкаю Я крок прыпыню.
Тут быццам-бы дома я... Ты, сэрца, бяры Ўсё тое знаёмае, Той звычай стары.
Хай сьвечка васковая Гарыць у вакне, Хай радасьць вясковая Глядзіць на мяне.
* * *
Чайны домік. Ліхтары. Тупаценьне дробнае. Гейшы, госьці, дог стары, Штосьці і падобнае.
I падзеі па чарзе Ткуць фату фатальную. Змрок з душы тваёй паўзе Ў залю тэатральную.
Там на сцэне — стог сьвятла. Ах, куток Японіі!.. I далонь твая лягла Пад маёй далоняю.
Ты сьмяешся... Што за быт? Што за гульні з гейшамі? У цябе інакшы спрыт, З чынамі хітрэйшымі.
Сёньня спаліш ты мяне, Сонечна-вясновая. Час сьпякоту аджане, А ўжо з намі новая.
* * *
На чужым аўтамабілі Мы, на жаль, свой гонар зьбілі... Па дарозе землякі Разьвязалі языкі:
«Ах, Італія якая! Ад красы аж дух займае! А у нас... балота, гразь. Нават князь — і той ня князь».
I сваё ўсё ганяць, плямяць... А мне вёска наша ў памяць. Каля стайні на гнаі Маюць клопат вераб'і,
I ня бачаць сьвет прыгожы За сьцяною агарожы. А прыгожа, сапраўды! Пушча, хвойнікі, сады.
I палі, і сенажаці, Блонь, азёры, рэкі, гаці, Лазьнякі і чараты... Беларусь! Вось гэта ты!
Ты — Мадонна! Вобраз гэты Панясуць твае паэты, Самародкі-мастакі, I ў народы і ў вякі.
* * *
Глуш лясная. Цемры дзёгаць. I маўклівыя кусты. Зразумець кусты ня могуць, Што тут робім — я і ты.
Што за дзіўныя героі Апаўночы ў гушчары! Дзе цалуюцца абое, Там спакойныя зьвяры.
Кожны мае свой інтэрас, Загадаем сьмела ім: — Прэч ад нас на мёртвы верас, Сьпеце ў логаве сваім!
Чуеш? Нешта зашасьцела. Ш-ша!... Ніхто. Ні воўк, ні гад. Толькі рукі цепляць цела, Сьлепа поўзаюць наўгад.
I распальваюць жаданьне... Ты ад шчасьця ня крычы. Каля нас чарэмха ўстане Белым прывідам начы.
Рамантычна і прыгожа! Ды арэшнік малады Зразумець таго ня можа, Што загнала нас сюды.
* * *
Не пайду я нікуды — Ў хаце вечарынка. Любай голас малады Вылівае скрынка.
Ах, пракляты патэфон! Ён мяне узрушыў. Чую бацькаўшчыны звон, Шум старой ігрушы.
Тэй ігрушы, пад якой Мне даўней сьпявала Дарагая маіх мрой Міла, але мала.
Я шкадую, што тады Песьняў тых ня слухаў. Любай голас малады — Рэха завірухаў.
Так, амаль стагодзьдзя чвэрць. Сьціхла... не сьпявае... Але гукі душаць сьмерць, Зноў прыйшла жывая.
З даўніны зазваў яе, Голасу праверка... Плаўна кружыцца, пяе Чорная талерка.
I з-пад голкі гул плыве, Скрыпкай грае скрынка... Шумна, хмельна ў галаве — Ў хаце вечарынка.
* * *
Зноў лісты — ўспаміны На стале. I самота гіне Пры сьвятле.
Дзіва ці ня дзіва — Цень са мной. Хіліцца маўкліва Волат мрой.
Чарадзейна ўпотай Ля мяне Лёг жывой істотай На сьцяне.
Паўтарае тое, Што і я... У маім пакоі Ёсьць сям'я:
Я, мой цень, і словы, I лісты... А спадзеў вясновы — Прыйдзеш ты.
* * *
Ты ляжыш неакрытая, Бессаромна-прынадная. Мне чужая і ўсё-ж такі родная, — Бо нагадваеш Случчыну.