Выбрать главу
...Вось іду я шашою-дарогаю. I за ўзгоркамі поле шырокае, Поле чыстае, урачыстае. Пасяродку стаіць хутарок.
Там спатканьне з Марыляю. Потым сьцежка вядзе нас у гай, У лагчыну, дзе сьпелыя ягады, Дзе на сонцы суніцы салодкія...
Раптам мары мае абрываюцца. Чую мову чужую, нязвыклую. Лернік-вечар у сьветлым пакойчыку Зь іншай песьняй, з эротавым кленчаньнем...
Ты ляжыш неакрытая, Бессаромна-прынадная...
* * *
I надумаўся вучоны, Інкубатар ставіць ён. Дэманструе дэман чорны Сёньня штучны эмбрыён.
Без пачуцьцяў, без каханьня I прыродзе насупор З крыкам выпаўзе і ўстане, Як дакор, бязбожны твор.
Выйдзе вырадкам калматым Зь інкубатарнай цішы, — Недарэчным аўтаматам, Без вачэй і бяз душы...
— Не кажы, мой дабрадзею! Ноч стаіць каля дзьвярэй. Я ад страху ледзянею... Абдымі мяне і грэй.
Грэй, каб я магла на сьвеце Боль пазнаць і радасьць дзён. Хай у змрочным габінэце Гіне штучны эмбрыён.
* * *
З табою мы ў лесе з куста Сарвалі апошнюю ягаду. Малінавы куст узрастаў Таемнымі ценямі захаду.
— Апошні сулад красаваў, — Пачулі мы голас аракула... Старая сівая сава Паблізу у поцемках плакала.
А ты зразумець не магла, Усьмешка твая палахлівая. Няўжо наплывае імгла I згубіцца радасьць маўклівая?
* * *
Залаты адвячорак купаецца ў моры. Хвалі шумнай гульлівай вады Падымаюць мяне, вызваляюць ад зморы; Адчуваю — я зноў малады.
Я ня буду сядзець пад крылом парасона, Любавацца загарам чужых. Сам на беразе смажаны сьпекаю соннай Сёньня права плыўца заслужыў.
Мне пясчынкі пяшчотна пяюць аб аморы... Вельмі проста — прастора мая! Залаты адвячорак купаецца ў моры, З адвячоркам купаюся я.
* * *
Неспакойнае хаценьне Ёсьць душы зарніца. Залатое зіхаценьне Ў лятуценьнях сьніцца.
Я вясельныя вароты Расчыняю ў словах, Каб праехалі сіроты На пачуцьцях новых.
Каб самотныя і ўдовы, Дзяцюкі, дзяўчаты Месяц мелі свой мядовы, Песьнямі пачаты.
Вось яны, тугія лейцы! На любоў кіруйце. Будзе радасна ў сямейцы, А як не — даруйце! —
Падзялю і гора з вамі... Болем апантаны, Паэтычнымі радкамі Забінтую раны.
* * *
Жыў паэт, цярпеў няўдачы I пісаў такі закон: Хай сьляпыя сонца бачаць, А глухія чуюць звон.
Нёс паэт свае скрыжалі, Верыў Слову і канаў... Кпілі, білі, зьневажалі, Крытык моўчкі абмінаў.
I няма яго ў народзе. А ці ён пакінуў сьвет? Мо наступнае стагодзьдзе Прыгадае: Быў паэт!
Ён — забіты і забыты, I зьняслаўлены ў жыцьці — Ўстане з чорнага нябыту, Будзе ў вобразах расьці.
I пад прыскам, дзесьці ўнізе, Ўскрыкне Фэнікс трапяткі... Прачытаюць людзі ў кнізе Палымяныя радкі.
Зразумеюць, што на сьвеце Ёсьць пачуцьці без цаны, Што кагосьці ў весьнім цьвеце Не заўважылі яны.
* * *
На цьмянай шыбе цень грубы, Мой цень, мой кон з вагонным гулам, А вечар шэры і рабы Пяе мне ціха аб мінулым.
Было — і ў чэрвені цьвілі Чырвоны мак і вецьце ліпаў. I красавалі скрозь палі, I вецер там мой цьвет рассыпаў.
А потым зьмёў і затаптаў, Не засталося ані сьледу. Гляджу ў вакно: і гай, і стаў, I я ў маленства мройна еду.
У гай іду я па грыбы, На стаў іду я вудзіць рыбу... Ах, гэта сны! Мой цень грубы Ў вакне жалобай лёг на шыбу.
* * *
А хіба-ж мы радасьці ня мелі? Дзе вы, дружкі з песьняй, з караваем? Без каханьня змрочна і ў пахмельлі, На вятры пустым перагараем.
Адчуваем страшную самоту. А самота ў нас не маладая,— На аблічча ў сівер і сьпякоту Грым гадоў упарта накладае.
I ляжаць у тых жывых барознах Цені крыўды, прыкрасьці і злосьці... Маладосьць прайшла па сьцежках розных, А мінала блізкага кагосьці.
* * *
Прыйшла неспадзяванкай, Як мара, што нязьдзейсьненая, Як маці, як каханка — I чыстая, і песенная.
I ўся — краса духовая, I пекната прыродная. У жарсьці выбуховая, Як бомба вадародная.
Я ў гэтым зьвязку — частка Раздробленага атаму. Я вычуваю часта: Няма канца пачатаму.
Стаецца вечным слова, Яно здаўна няўсьцішнае. Старое гляне новым, А новае — ня лішняе.
Прыйшла... У косах кветка. I постаць — сад расквечаны. Як ветрык цёплы ўлетку, Усьмешка ветлай дзеўчыны.
Паэт, ты шчасьце маеш Багатае і дзікае, Жывы букет трымаеш З бахматаю гвазьдзікаю...
* * *
Нясі хутчэй у поўным шчасьці Твой солад сонечны, твой мёд. Мне давялося нізка ўпасьці I прадчуваць высокі ўзьлёт.
I зразумець, што скрозь цудоўна, Што разам з бацькаўшчынай ты Ўвайшла ў жыцьцё маё раптоўна, Як вобраз велічны, сьвяты.
Ты увайшла і села поруч З маімі шчасьцем і бядой. I асядае ў горле горыч... Ёсьць песьня ў сіле маладой!..