Выбрать главу
Глядзіць мой край на лёс выгнаньніка. Яшчэ ня ўсё пакрыта плесьняю. Прыходзіць доля да выбраньніка I заручае з роднай песьняю.
* * *
Не кажы мне, што песьні няма, Што ласкавага слова ня маю. Я на смутку цябе сунімаў Шалясьценьнем зялёнага маю.
Гэта-ж творчая радасьць расла. I цяпер, бачыш, поўная восець... Зьвяз народжаных слоў да стала Адвячоркам натхненьне падносіць.
А яшчэ як любоў прыгарне, — Заварушыцца песьня жывая. Перадай толькі ноту струне, I нямая струна засьпявае.
* * *
Архідэя, архідэя! Ты ня з нашае старонкі. Кветка тропікамі вее, Ды мяне зусім ня грэе, — Я прыгадваю рамонкі.
I сумленьне дапякае, Аж сьляза ў вачох імгліцца. Архідэя не благая, Але ўсё-ж такі чужая У маёй цяпліцы.
* * *
У нас з табой ідзе ўсё гладка, — Здаецца так, — і сьмех, і жарты. Пагляд аліўкавы, упарты: Ці запякаецца аладка?
А я, прызнацца, адчуваю — Усё ня тое, ой ня тое! Ты — лятуценьне ня пустое, Ды не з майго, з чужога краю,
Дзе танец зь лясканьнем па ляжках, Дзе песьня з пошчакам-фальцэтам, I піва ў кубках, піва ў пляшках Б'е цяжкім духам, пенным цьветам.
У вольнай грубасьці баварца Бывае людзкасьці нямала... Як моцна ты мяне трымала У згодзе, радасьцях і сварцы.
А ўсё-ж ня тыя і настроі, I захапленьні, і гаворка. З табой мне соладка і горка, Адно ня разам нашы мроі.
* * *
Рэйну зь Нёманам ня зьліцца Аніколі, анідзе. I палеская крыніца Песьню ў Альпы не вядзе.
Родны край я не забуду... Зноў праз боль і праз тугу Я гляджу, дзіўлюся цуду — Лашчыць іншую магу.
Чую бурную хвіліну, Як мужчына і паэт. Я тану ў твой Рэйн і гіну, I ўсплываю ў чысты сьвет.
У вачох тваіх, бы ў люстры, Бачу дробнага сябе. Гэта нейкі д'ябал шустры Там на дне мяне скрабе.
Мне балюча. Ты, арліца, Рвеш мяне ў сваім гнязьдзе. Кпіць душа мая ў бядзе: Рэйну зь Нёманам ня зьліцца.
* * *
Да мяне прыходзіш ты, чужая. Боль гудзе... Ці-ж родную пакінуў? Я ў мінулым мілых паважаю, Я нясу букеты успамінаў.
Лес і поле, сад і загуменьне. Звонкі голас палкай маладосьці. Хай былі дзіравыя кішэні, Ды затое сэрца мела штосьці.
Чысьціня і сьціпласьць беднай хаты, Любасьць там ня знала непагоды... А сягоньня — ты, твой дом багаты I твой флірт Пад крык апошняй моды.
На тваіх-жа вуснах латка сьмеху; Іншых звычак, іншае маралі... У маэстра вырвалі суцеху, Скрыпку чарадзейную забралі.
I скрыпач бярэ тваю гітару. Струны стогнуць, а ігра ня тая. Перагар пачуцьцяў. З перагару Ты ўстаеш — бразготная, пустая.
* * *
Загарні паперы ў скрутак I пакінь свой горкі смутак — Лятуценьняў злую млосьць. Я прыйшла... I маладосьць
Тут гарачай хваляй плешча... Навальніца бурных пешчаў. А няма ласкавых рук, А няма ў забавах мук.
Я з табой цярплю няўдачу: Твой адбой спакойны бачу. Адыйшоўся і маўчыш, Як галодны ў сьцюжу чыж.
Зразумела, я — другая... Тая верыць і чакае. Ад яе праз акіян Ты прынёс чабор-цім'ян.
Пахнуць бацькаўшчыны зёлкі... На чужыне вецер золкі Вохнасьць гэтую нідзе Не разьвее, не зьвядзе.
* * *
На ўзьбярэжжы, дзе месца глухое, Дзе, як кажуць, ніводнай душы — Мы спакойна ляжалі абое. Вецер вільгаць на целах сушыў.
Мора штосьці аб райскай старонцы Мармытала, як бабка ў сяле... Ах, як добра нам грэцца на сонцы! Гэта нашая радасьць, але...
Толькі тут не бязьлюдзьдзе Палесься, З морскiх скалаў хто-небудзь зірне!.. Павярнулася ты і сьмяешся, I спакусай ляжыш на сьпіне.
А купальнік скамечаны збоку Нахіліўся кустом над табой, Каб ня бачыла блізкае вока Ўсяго скарбу красы маладой.
* * *
Вясёламу зборышчу донна, Вітаючы, кідае ружы. Гітара заходзіцца звонам, Танцорка ў гарачым ускружжы.
Як ветразь, шугае спадніца, Карункі зьбягаюцца пенай. Здаецца, што лодка імчыцца Імкліва пад бурай страшэннай.
А вочы, як зорачкі ночы, Іх чорная золь не згасіла. Яны зь цяплынёю жаночай, Той позірк — таемная сіла.
Вясновыя чары дзяўчыны! Пачуцьцяў расьце навальнiца. Мне хочацца з гэтай прычыны За мачты, за рукі ўчапіцца.
I гойдацца з лодкай на хвалі, Прызнацца прыгожай гішпанцы: Мы зь ёй маладосьць захавалі, Мы жарсьць замыкаем у танцы.
* * *
Капцюрыць ахвяру каршун... Кахае яна Дон Кіхота. Аморавы крык увушшу, Прадоньне ўваччу і сьпякота.
Аблічча ў цудоўным сьвятле... Зь вянком маладая сустрэне Героя свайго. А далей — Раздражнены бык на арэне.
Зьвярыная пожадзь, ізноў Зьявіся, каб нэрвы трымцелі. Ад пешчаў — аж кроплямі кроў На здрапаным, змораным целе.
I ўся ў захапленьні яна. Вікторыя ў прагных намерах. Ці ейная ў гэтым віна, Што радасьць ідзе ад тарэра.
АПОСТАЛ КАХАНЬНЯ