Выбрать главу

Ачомаўшыся, Антон паспяшаўся на двор за селянінам.

На двары стаяў звычайны сялянскі воз, дно якога было засцеленае сенам, каб менш муляла пры яздзе. На сене і ляжалі абяцаныя селянінам косткі.

– Вось! – з гонарам сказаў мужык. – Яны вельмі старыя.

Хлюдзінскі маўчаў, бо яму проста заняло мову. Потым ён усё ж выціснуў з сябе, быццам праз сілу, словы:

– Дык гэта ж каровіны…

– Ага, – вясковец і не думаў пярэчыць. – Нашая Матруна ўжо дужа старая была. З мясам мы сяк-так далі рады, а вось косткі хацелі выкінуць сабакам. Але ж сусед сказаў, што можна ў горадзе здаць за грошы. Дык чаго ж дабру прападаць, так? Вы не сумнявайцеся, таварыш, старэй за нашую Матруну ў вёсцы каровы не было – яна яшчэ царскі рэжым помніла.

І селянін перайшоў да жыццеапісання сваёй жывёліны. Па яго словах, жыццё яе было амаль што легендарным: у свой час карова пазбегла не толькі нямецкага палону, але і харчразвёрсткі. Доўгія гады Матруна заставалася карміліцай і надзеяй сям'і…

– Не-не, нам трэба не такія косткі, – мара Хлюдзінскага на вачах разбівалася на аскепкі, ператваралася ў нікому не патрэбны друз. – Нам трэба косткі зусім старыя, якім ужо не адно стагоддзе.

Правая рука селяніна пацягнулася да патыліцы і пачала вышкрабаць з-пад яе думкі:

– Не, таварышу, столькі ні адна карова не жыве. Дый іншая якая жывёліна таксама… Хіба што крумкач! Хочаце – крумкача вам падстрэлю? Гэтая хітрая курв… птушка і па трыста гадоў жыве, кажуць, бо падлу дзяўбе. Але толькі ў яго і будуць такія старыя косткі, як вам трэба.

Ледзь удалося Антону адкараскацца ад прапаноў назолістага селяніна, які абавязкова хацеў лёгка здабыць лішнюю капейчыну ад недалужнага гараджаніна. Правёўшы наведніка за дзверы, музейшчык пабачыў, як той на развітанне завучаным, механічным жэстам перахрысціўся на вежы, якія ўжо некалькі гадоў стаялі без якіх-небудзь крыжоў. Бездапаможна тыкаліся яны ў неба, і гэтак жа бездапаможна апусцілася рука селяніна, калі яго позірк не знайшоў крыж на належным месцы.

Пасля гэтага Хлюдзінскі зачыніў будынак і выйшаў на нешырокую вулачку – утаптаная пасярэдзіне, яна паступова зарастала травой бліжэй да платоў, з-за якіх вызіралі невысокія хаты. У паветры ўжо адчувалася вечаровая свежасць, і на прызбах сталі з'яўляцца мясцовыя жыхары – пераважна старыя, якія выйшлі патачыць лясы, абмеркаваць суседзяў і навіны. Антон вітаўся з імі, быццам ішоў не па горадзе, а па вёсцы, дзе вітанне абавязковае з усімі сустрэчнымі.

У думках Хлюдзінскі пасміхнуўся: «Бадзяюся паміж касцёламі». Так, ягоны шлях зараз ляжаў у напрамку дамініканскага касцёла: у адным з дамоў на Смалянскай вуліцы ў яго было дамоўленае спатканне. Аднак калі ён выйшаў да вуліцы Падгорнай, то адразу ж заўважыў нечакана вялікі збор людзей. Стоўпіўшыся каля аднаго з невысокіх будынкаў, яны насцярожана маўчалі, і гэтае маўчанне з кожным імгненнем пагрозліва гусцела ў паветры.

Было ў гэтым натоўпе штосьці няяснае, змрочнае, і цікаўнасць пацягнула Хлюдзінскага ў той бок, быццам магнітам. Праштурхаўшыся бліжэй да сярэдзіны, ён пабачыў нежывое жаночае цела, якое ляжала, нязручна падкурчыўшы ногі і ўзняўшы правую руку ў апошнім руху. Галава з чорнымі кудзеркамі валасоў бездапаможна адкінулася, горла жанчыны было распаласаванае ледзь не ад вуха да вуха. Густая кроў, якая вылілася з раны, пацямнела і змяшалася з дарожным пылам, утварыўшы брудную лужу. На гіпсава-белым твары ненатуральна чырванелі кармінавыя вусны: смерць не змагла сцерці яркую памаду. Ногі заблыталіся ў зялёнай спадніцы – відавочна, вынік агоніі. Прыгожыя ногі, адзначыў міжволі Хлюдзінскі, пабачыўшы, што адна з іх адкрылася да калена. Было ў гэтай пасмяротнай адкрытасці штосьці спакушальнае і ўвадначас страшнае.

– У міліцыю паслалі? – прагучаў за спінай Антона чыйсьці сіплаваты голас.

– Ага ж, – адказаў немалады сівы мужчына ў кепцы, у якім беспамылкова ўгадваўся рабочы, што вяртаўся з працоўнай змены дадому. Яго жылістыя рукі з чорнай аблямоўкай на пазногцях нервова сціскаліся ў кулакі, потым расціскаліся, каб праз якое імгненне зноў сашчапіцца на чымсьці нябачным.

Неўзабаве прыбылі міліцыянты, расштурхалі натоўп і прапанавалі грамадзянам разысціся і не перашкаджаць працы праваахоўных органаў. Гараджане разышліся, але недалёка – падаткнулі сабой навакольныя платы і дрэвы. Адмаўляцца па сваёй ахвоце ад такога відовішча ніхто не пагаджаўся.

Міліцыянт, які быў у гэтай групе відавочна самы галоўны, звярнуўся да людзей:

– Грамадзяне і грамадзянкі, хто-небудзь ведае забітую?

– Дык Рыўка гэта, Рыўка Гольдберг, – адразу ж адгукнуўся жаночы голас, у якім не было чуваць літасці да забітай. – Як яе не ведаць… Тут яе ўсе ведаюць, патаскушку гэтую.