Выбрать главу

Міліцыянт старанна запісаў сабе штосьці ў нататнік, які трымаў у руках.

– А жыла яна далёка? – зноў запытаўся ён ва ўсіх адразу.

– Дык праз дом адсюль і жыла, вунь там, – ахвоча падказаў ужо мужчынскі голас.

– А хто бачыў, як адбылося гэтае здарэнне? – працягваў міліцыянт, зноў жа не звяртаючыся ні да каго канкрэтнага. Аднак гэтым разам удача ад яго адвярнулася: ніхто не адгукнуўся. Людзі азіраліся навокал, першымі спрабуючы ўгледзець таго шчасліўчыка, які стаў сведкам такой незвычайнай падзеі. Шчасліўчыка не знаходзілася…

Зразумеўшы, што шанцаванне скончылася і далей пойдзе звычайная чарнавая праца, міліцыянт даў знак падначаленым забіраць цела і накіраваўся ў паказаны яму дом, дзе жыла забітая Рыўка Гольдберг.

Хлюдзінскі павярнуўся сыходзіць і незнарок зачапіў плячом суседа. Той незадаволена прашыпеў, Антон павярнуўся са словам «Прабач…» і не дагаварыў – на яго з халодным агнём варожасці глядзелі выцвілыя вочы Канстанціна Мачугі.

1914—1926

Канстанцін Мачуга ажаніўся незадоўга перад вайной. Сам ён прыгажуном не быў: каржакаваты, быццам складзены з падагнаных адзін да аднаго цурбачкоў, з прасцяцкім наіўным тварам і бляклымі вачыма, за якімі немагчыма было ўгадаць думак. А вось жонку сабе ўзяў ладную, гожую: на Валянціну заглядаўся шмат хто не толькі з халасцякоў, але і жанатыя. А і было на што глянуць – усё было, што называецца, на месцы: і абаяльная ўсмешка на сімпатычным тварыку, і зграбная фігура з усімі належнымі акругласцямі. Агонь-дзеўка, якая і за словам далёка не палезе, і ўсмешкай адорыць – як чырвонцам. А чорныя яе валасы вабілі, прасілі запусціцьу іх мужчынскія пальцы і лашчыцца, гуляцца з пакорлівымі пасмачкамі.

Прыгожая жонка трапілася Канстанціну, як ні глянь. І было гэта для яго прадметам гонару і адначасова – глыбокага душэўнага болю. Кожны чужы мужчынскі погляд на Валянціну ўспрымаў ён як замах на сваё, толькі яму прыналежнае.

Мучыўся праз гэта Мачуга аж да зубоўнага скрыгату. Не прайшло і пары месяцаў пасля шлюбу, як прыйшоў ён дадому п'яны. А ў адказ на мяккі жончын дакор стаў яе люта біць. Кулакі з сілай выбівалі дыханне з жончыных грудзей, малацілі яе па спіне, моцны ўдар у твар адкінуў Валянціну на сценку, па якой яна беспрытомна спаўзла на падлогу і ляжала нерухома.

Канстанцін няўцямна паглядзеў на жонку, якая не варушылася, пакратаў яе мыском бота – ніякай рэакцыі. Мармычучы штосьці сабе пад нос, ён дабрыў да ложка і праваліўся ў цяжкі задушны алкагольны сон.

Зранку ён пачуваўся кепска: балела галава, да горла падступала млосць. Але разам з тым унутры яго была нейкая палёгка, быццам учора падчас п'янага самасуду ў ім распрасталася нейкая спружына, якую накручваў кожны чужы погляд на яго жонку, на яго маёмасць. Ад гэтага яму было лёгка і трошку няёмка – не за тое, што біў Валянціну (хто ж жонку не б'е?), а ад таго, што спружына гэтая выпрасталася ў ім толькі ў п'яным выглядзе.

А яшчэ праз якія пару месяцаў пачалася вайна з германцам. Мачугу мабілізавалі не адразу, але ж прыйшла і яго чарга ваяваць за веру, цара і Айчыну. Праводзіць мужа на фронт Валянціна прыйшла, старанна хутаючы твар у хустку па самыя вочы…

Канстанцін думаў, што тая спружына ў ім не будзе нацягвацца, калі ён будзе далёка ад жонкі. Аднак гэтая надзея не спраўдзілася: напружанне ўнутры яго пастаянна нарастала. Лягчэй станавілася хіба што пасля рукапашнага бою, калі ўласнаруч насаджваеш германца на штык, б'еш яго з размаху прыкладам вінтоўкі або азвярэла душыш.

Бог вайны ці хто іншы, адказны за лёс чалавека на вайне, Мачугу аберагаў: атрымаў ён падчас усіх баёў толькі дзве невялікія раны – куля трапіла ў левую руку, ды яшчэ адна падрапала яму шчаку.

А смеласць і адвага байца былі заўважаныя камандзірамі. Паколькі малодшыя афіцэры гінулі на фронце не менш за шараговых салдатаў, то іх заўсёды неставала. Так Канстанцін Мачуга атрымаў накіраванне на курсы прапаршчыкаў.

Чатыры месяцы на курсах прамінулі хутка – нават не паспеў адвыкнуць ад свісту куляў. Перад адпраўкай на фронт атрымаў Мачуга кароткі адпачынак, каб змог пабачыцца з сям'ёй.

Валянціна войкнула ад нечаканасці, калі муж прыйшоў дадому. Ягоныя пацалункі былі прагнымі, патрабавальнымі, яна пакорліва прымала мужавы ласкі, але Канстанцін адчуў, што ў жонцы штосьці змянілася за час яго адсутнасці. У той жа вечар ён напіўся, стаў крычаць на жонку, раз'юшваючы сябе. Ён называў Валянціну паблядушкай, пытаўся, якога хахаля яна сабе завяла і ці адзін ён, той хахаль…

Жонка моўчкі глядзела яму проста ў вочы, сціснуўшы зубы. Верхняя губіна ў яе пачала бялець ад напружання. Але калі Канстанцін замахнуўся на яе, Валянціна схапіла падрыхтаваную чапялу і з усяе моцы выцяла ёй мужа па запясці. Правая рука Канстанціна заныла, занямела, і ён перастаў яе адчуваць.