Выбрать главу

– Калі яшчэ раз мяне хоць пальцам зачэпіш, я цябе заб'ю, – ціха сказала жанчына. – Ачомаюся – і зарэжу ўначы…

Яна працягвала глядзець мужу ў вочы з халоднай рашучасцю.

Канстанцін, як выявілася, быў не настолькі п'яны, каб недаацаніць жончыну пагрозу. Некалькі хвілінаў яны маўчалі, паглядаючы адно на аднаго. Потым Мачуга сплюнуў на падлогу горкую сліну і выйшаў з дому. Да раніцы яго не было, а потым наваспечаны прапаршчык вярнуўся, маўкліва сабраўся і з'ехаў на фронт, не дагуляўшы два дні з адпушчанага яму адпачынку.

З насцярогай прыслухоўваўся Канстанцін да сваіх адчуванняў пасля развітання з жонкай. Чакаў, калі ж тая ўнутраная спружына нацягнецца да ўпору. Але заўважыў, што камандзірская пасада прыносіць яму палёгку: паганяе прапаршчык Мачуга сваіх салдатаў, тыкне каторага – і лягчэй яму становіцца ўсярэдзіне, папускае яго. З адной аглядкай, праўда, ганяў ён сваіх падуладных – калі была сапраўдная нагода. Знарочыстых дачэпак прапаршчык не прыдумваў, бо ведаў: на фронце куля можа прыляцець не толькі з боку ворага, але і са спіны… Але ж яму і ненадуманых дачэпак было досыць: камандзір ганяе салдата для навучання – каб той застаўся цэлым на вайне.

Адрачэнне цара сустрэў Канстанцін усё ў тым жа званні прапаршчыка – не палічылі яго вартым павышэння. Да новых палітычных павеваў Мачуга далучацца не спяшаўся, але ўважліва слухаў, што кажуць розныя партыі. Найбольш сімпатычнымі падаліся яму бальшавікі: яны заклікалі спыніць абрыдлую вайну і адпраўляцца ўсім дадому. І стаў прапаршчык Мачуга бальшавіком, нават у палкавы камітэт трапіў.

А потым бальшавікі і ўвогуле ўзялі ўладу ў дзяржаве, і пайшла Мачугава кар'ера ўгору. Адно кепска – з вайны ён так і не сышоў. Наадварот, у дадатак да германскага і аўстрыйскага франтоў вайна парасла сваімі крывавымі кветкамі спрэс па краіне. Давялося Канстанціну і з Дзянікіным паваяваць, і з палякамі, і эсэраўскія ды меншавіцкія паўстанні расстрэльваць. І папускала Канстанціна кожны раз пры атаках, пры расстрэлах – распроствалася спружына. І дыхаць станавілася лягчэй. Ды яшчэ давала яму палёгку ўлада: даслужыўся Мачуга да камандзіра палка. Значыць, правільны бок выбраў – у белых пайшоў бы ён хіба што ў якую афіцэрскую роту, куды збіралі такіх самых «наштампаваных» за вайну малодшых афіцэраў, якім не было салдатаў, каб камандаваць…

Калі ён вярнуўся пасля мабілізацыі ў Воршу да Валянціны, тая сустрэла яго так, як мужняя жонка і павінна сустракаць пасля доўгага растання. І расслабіўся Канстанцін, вырашыў даць волю сваёй спружыне: голас на жонку павысіў, стаў яе абражаць, каб сябе больш раз'юшыць… І раптам натыкнуўся на яе халодны погляд. І замоўк на паўслове. Зразумеў: не будзе больш, як раней. Не дасць яму Валянціна распусціць рукі – зарэжа, як і абяцала.

А праз пару дзён даведаўся Канстанцін, што жонка ягоная цяпер кіруе ў жаночым савеце – змагаецца за правы кабет. Даведаўся пра гэта ён зусім выпадкова: у гаркаме партыі, дзе ён станавіўся на ўлік і атрымаў прапанову заняць пасаду інструктара аддзела, першы сакратар раптам запытаўся, кім яму даводзіцца Валянціна Мачуга.

– Жонка, – у неўразуменні прамармытаў Канстанцін.

Твар першага заблішчэў, як наваксаваны чаравік, і расплыўся ў шчаслівай усмешцы:

– Як жа гэта цудоўна, што атрымалася такая перадавая ячэйка грамадства! Муж і жонка – разам актывісты, ідуць наперадзе і сваім прыкладам паказваюць дарогу іншым. Наша грамадства мусіць браць вашую сям'ю за ўзор і раўняцца на вас як на правафланговых. Муж – актыўны камуніст, герой вайны, жонка – кіраўніца жансавета…

Мачуга зніякавеў, бо жонка ні словам, ні намёкам не давала яму зразумець, што займаецца грамадскай дзейнасцю, ды яшчэ і на такой пасадзе. А сакратар тым часам працягваў, не заўважаючы азадачанай фізіяноміі суразмоўцы:

– Не сакрэт, таварыш Мачуга, што многія ў нашай партыі па-ранейшаму лічаць жанчын не роўняй сабе. Падставы для гэтага ёсць: жанчыны займалі пры гнілым царскім рэжыме прыгнечанае становішча. Але ў наш час жанчыны, як і іншыя працоўныя слаі, атрымалі роўныя правы з мужчынамі… І ваш прыклад дае нам надзею, што і астатнія чальцы нашай перадавой партыі на шляху да сацыялізму неўзабаве зразумеюць гэтае палажэнне. Так сказаць, жанчына – гэта таварыш камуніста! – і сакратар тыкнуў пальцам некуды ў бок столі, быццам падпіраючы свае словы, завіслыя ў паветры.

Дадому Канстанцін ішоў у задуменні: ён ніяк не мог уразумець, як яму цяпер жыць з Валянцінай, як да яе ставіцца, як абыходзіцца… Добра першаму сакратару – для яго Валянціна толькі чужая жанчына, якая кіруе жансаветам. А як быць яму, мужу гэтай жанчыны?