Выбрать главу

Дома ён зняў боты, з грукатам паставіў іх у кут. Аднак сустрэць яго, на дзіва, ніхто не выйшаў. З жончынага пакоя былі чуваць галасы. Канстанцін зазірнуў туды: у Валянціны сядзелі чатыры госці – усе маладзейшыя за яе.

Жанчыны павіталіся з гаспадаром, а потым Валянціна працягнула, быццам мужа і няма побач:

– Новы, рэвалюцыйны час жанчыну вызваліў, і гэта значыць, што яна сама павінна заняць годнае месца. І таварыш Аляксандра Калантай правільна вучыць нас, што свабодная жанчына, якая працуе, можа сама распараджацца сваім лёсам, сваёй душой і сваім целам. Не можа быць такога, каб толькі мужчына атрымаў права на выбар жанчыны: яна таксама мае права прыйсці да яго і сысці ад яго.

Жанчыны ўважліва слухалі, быццам вучаніцы вакол наваяўленага прарока – дакладней, прарочыцы.

– А як жа сям'я? – нясмела запыталася адна з іх.

– Пры старым рэжыме лічылася, што сям'я ствараецца на ўсё жыццё. І жанчыне не было куды сысці ад мужа, – цярпліва тлумачыла Валянціна, раз-пораз устрасаючы сваімі чорнымі валасамі. – Яна заставалася служанкай пры ім. Але цяпер мы будуем сацыялізм, дзе жанчына сама зможа зарабіць сабе на жыццё – ёй не патрэбны будзе муж-кармілец. Калі замужняя жанчына пакахае іншага чалавека, яна мае права сысці да яго. А калі проста разлюбіць мужа, то таксама зможа сысці і жыць асобна. Таварыш Аляксандра Калантай вучыць нас, што ў пралетарскай дзяржаве не можа быць эксплуататарскага прымусу ў сям'і.

Маладая кірпатая госця пачырванела, амаль зраўняўшыся колерам з пунсовай хусткай на галаве, і спыталася:

– А чым такая жанчына адрозніваецца ад… – яна замоўкла, падбіраючы найбольш мяккае слова, – гуляшчай?

Павісла напружаная ціша: усіх цікавіў адказ.

– Таварыш Аляксандра Калантай у сваім артыкуле «Каханне і новая мараль» дае нам адказ і на гэтае пытанне. Якія віды адносінаў мы ведаем на сённяшні дзень? Гэта законны шлюб, вольны шлюб і прастытуцыя. З законным шлюбам усё ясна: ён аддае жанчыну ў рабства мужу. Прастытуцыя, адзначае таварыш Калантай, маральна нявечыць людзей, бо робіць жанчыну прадметам гандлю, а мужчыну – спажыўцом гэткага тавару. Гэтыя вычварныя капіталістычныя адносіны не могуць стаць узорам для новага грамадства.

Павісла паўза. Валянціна абвяла сваіх госцей позіркам, уважліва ўглядаючыся ім у вочы.

– Як жа спалучыць сям'ю і тое, што жанчына, як і кожны чалавек, у сваім жыцці развіваецца, здабывае новыя веды, спазнае новыя пачуцці? Ёй можа стаць папросту цесна і няўтульна ў старых адносінах, у ранейшай сям'і, асабліва калі там муж абскурантыст! Таварыш Калантай лічыць, што самай найлепшай формай пры гэтым будзе паслядоўная манагамія.

Апошняе слова, без сумневу, выклікала сярод прысутных жанчын збянтэжанасць. Яны позіркамі перакідвалі яго адна адной, як гарачую печаную бульбіну, што дасталі з вогнішча.

– Гэта значыць, што адна жанчына і адзін мужчына нейкі час жывуць разам, сям'ёй, – паспяшалася патлумачыць Валянціна.

Калі госці сышлі, жонка падышла да Канстанціна і, гледзячы яму ў вочы, халодным тонам сказала:

– Ты ўсё чуў? Дык вось, я таксама за паслядоўнасць.

Канстанцін глядзеў на яе агаломшана, нібы мыла з'еўшы, – ён не мог зразумець, да чаго яна вядзе. Наступныя словы канчаткова перакрэслілі ўвесь ягоны сусвет.

– Я сустрэла іншага мужчыну.

Паветра неяк імкліва загусцела, і Канстанцін адчуў, што не можа ўвабраць яго ў сябе. Ён давіўся пругкімі каўткамі паветра, якое не хацела запаўняць лёгкія.

Так Канстанцін Мачуга даведаўся пра існаванне Антона Хлюдзінскага. А пабачыўшы яго потым, ніяк не мог зразумець, што Валянціна знайшла ў гэтым танклявым высокім акулярніку.

6 траўня 1926 года, чацвер, вечар

Невысокі будынак па адрасе вуліца Зялёная, 17 быў вядомы ўсяму гораду: тут размяшчаўся акруговы аддзел Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення – у скароце АДПУ, ці проста ДПУ.

Аператыўны ўпаўнаважаны Раман Васільчук сядзеў за масіўным дубовым сталом. Кароткімі пальцамі левай рукі ён задуменна чухаў адрослую за дзень шчаціну на шчацэ, пальцы ж правай тым часам ездзілі па радках данясення ад сакрэтнага супрацоўніка пад псещданимам «Бландзінка». Палец на радку дапамагаў сачыць за напісаным, бо грамата была не самым моцным бокам Васільчука. Затое пралетарская свядомасць і класавае чуццё ў таварыша ўпаўнаважанага былі самай высокай якасці – да ворага ён быў бязлітасны.