Выбрать главу

Агента «Бландзінку» Васільчук цаніў: гэта быў дыямент сярод яго агентаў. Ніякае заданне не было для «Бландзінкі» невыканальным.

У асяроддзі, якое можна ахарактарызаваць як нацыянал-камуністы, дагэтуль пануе эйфарыя з нагоды павелічэння БССР. Гучаць размовы пра тое, што неўзабаве ў Беларусь вернецца і Смаленск з Бранскам. Мяркую, што такія настроі перадаюцца з Менску. Пашыраць іх дапамагаюць сталічныя эмісары, якія ездзяць па Беларусі пад выглядам пралетарскіх пісьменнікаў. Не выключана, што падтрымліваюць іх нядаўнія эмігранты з белапанскай Польшчы ды іншых імперыялістычных дзяржаў, якім Савецкая ўлада даравала ранейшыя грахі «бээнэраўшчыны» і дазволіла вярнуцца на Радзіму.

У групе, блізкай да левай апазіцыі, узмацняюцца крытычныя настроі. НЭП у размовах яны расшыфроўваюць не як «новая эканамічная палітыка», а як «новая эксплуатацыя пралетарыяту». Найбольш крытычных водгукаў выклікае дзейнасць наркама земляробства БССР Змітра Прышчэпава, якога вінавацяць у патуранні кулацкім настроям на вёсцы. Гэтая з'ява атрымала характарыстыку «прышчэпаўшчына».

Разам з тым гэтая левая апазіцыя крытыкуе партыйныя вярхі за адсутнасць дыскусіі па гарачых пытаннях нават у межах партыі.

Са свайго боку, лічу неабходным узмацніць кантроль за гэтымі дзвюма групамі, якія з'яўляюцца найбольш небяспечнымі ў агляднай перспектыве.

Бландзінка.

З яўнай палёгкай Васільчук уздыхнуў, дачытаўшы паперу. Ай ды «Бландзінка»! Ай, малойца! У перспектыву глядзіць, у будучыню!

Ён дастаў з верхняй шуфляды стала драўляную каробку-пушачку з пячаткай «Строга сакрэтна», пяшчотна хукнуў на яе і прышлёпнуў надпіс у левым верхнім куце данясення. Потым звыклым рухам апусціў пячатку ў пушачку і вярнуў усё на ранейшае месца ў шуфляду. Само ж данясенне з павагай і любоўю, з якой калісьці, вельмі даўно нёс абраз на чале царкоўнай працэсіі, аднёс да сейфа ў куце кабінета. Данясенне далучылася да шэрагу іншых з падобным густа-сінім грыфам, якія збіраліся ў канцылярскай тэчцы, ствараючы разам такую эпапею жыцця, што і не снілася якому-небудзь там графу Талстому.

Дзеянні Васільчука не засталіся незаўважанымі. На сцяне ў яго за спінай віселі два партрэты, якія ні на хвіліну не заплюшчвалі вачэй, пільнуючы ўсё, што адбываецца ў кабінеце. Партрэт Дзяржынскага леваруч ад Васільчука паглядаў сувора, крыху скептычна і бескампрамісна, партрэт Леніна, што вісеў справа, – дапытліва і з нейкай затоенай насмешкай…

8 траўня 1926 года, субота, пад вечар

Ах, восень-румза! Пасярод алейНавошта блытаеш аголенае вецце?Апалае лісцё ўжо не падыме вецерІ не пагоніць, не памчыць далей…

Аўтар чытаў свой верш крыху напеўна, расцягваючы галосныя, быццам пераймаў нейкага дарэвалюцыйнага артыста. Было ў ягонай манеры штосьці ад дэкадэнцкага надлому Аляксандра Вярцінскага.

Хлюдзінскі сядзеў на пасяджэнні аршанскай філіі літаратурнага аб'яднання «Маладняк» і вывучаў навакольных. Яму хацелася курыць – здавалася, што язык аж смыліць ад нясцерпнага жадання. Але курыць у памяшканні не дазвалялася, і, каб пераключыць сваю ўвагу, Антон заняўся разгляданнем твараў.

Аўтар верша здзівіў Хлюдзінскага: Антон думаў, што цяпер, пасля грамадзянскай вайны, пасля напраўду тэктанічных зрухаў у грамадстве, пасля падзеяў, якія перакрышылі і перамяшалі ўсё на свеце, ніхто не піша вершаў у такім дэкадэнцкім стылі.

Тым часам аўтар працягваў дэкламаваць на памяць, не гледзячы ў спісаны аркуш, які трымаў у левай руцэ:

Апошнім пацалункам брудны глейПаставіць пляму на прыгожым квеце.
І ўсё, што голае было на свеце,Здаецца восенню яшчэ галей.

Пасля папярэдніх паэтаў гэты быў такой самай нечаканасцю, як трусік з капелюша фокусніка. Нішто не прадказвала, што ён тут з'явіцца – і ўсё ж ён быў!

У невялікай зале гарадскога тэатрыка было поўна народу. Людзі не толькі занялі ўсе сядзячыя месцы, але і таўкліся ў праходах. На шчасліўчыкаў, якім удалося сесці, часам кідалі зайздрослівыя позіркі. Але ўсё ж сцэна адбірала больш увагі: дзеля відовішча, якое адбывалася там, гледачы былі згодныя трываць нязручнасці.

Хлюдзінскі згадаў афішу, расклееную на адной з гарадскіх вуліц: «Таварышы аршанцы! Запрашаем на Першыя Публічныя Чытанні, якія ладзіць Аршанская філія „Маладняка“! Уваход вольны для ўсіх таварышаў». Далей паведамлялася, што чытанні адбудуцца ў гарадскім тэатры, і быў пазначаны час. Пад тэкстам чырвоны сілуэт чалавека нешта прамаўляў у рупар – відаць, чытаў вершы нябачнай публіцы, якая не змясцілася на афішу.