Выбрать главу

Уладзімір Бутрамееў

Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай

Частка першая

Беларуская зямля старажытных часоў

Легендарныя продкі беларусаў

АДАМпаводле    Бібліі і Карана, першачалавек, продак усіх людзей, якога Бог стварыў з зямнога праху.

ЕВАжонка Адама, якую Бог стварыў з рабра Адама, першая жанчына, прамаці ўсіх людзей.

ЯФЕТсын біблейскага Ноя, які пасля патопу стаў продкам індаеўрапейскіх народаў — індусаў, персаў, грэкаў, славян, германцаў і кельтаў.

СЛАВЕНпаводле легенд, продак славянскіх народаў.

РАДЗІМпаводле «Аповесці мінулых гадоў», продак радзімічаў, якіх ён прывёў на пасяленне на раку Сож.

ДРЫГАВІТна думку гісторыка М.Ермаловіча, продак дрыгавічоў.

КРЫВАна думку гісторыка М.Ермаловіча, продак крывічоў.

Кожны чалавек хоча ведаць, адкуль і калі з'явіўся яго народ, як жылі далёкія продкі і хто з іх праславіўся подзвігамі і вялікімі справамі. Гісторыя беларусаў, як і іншых народаў, пачынаецца ў далёкім мінулым, і вучоныя не могуць дакладна растлумачыць, як ўсё было на самым пачатку. Але захаваліся легенды і паданні, якія апавядаюць пра гэта. Яны іншы раз падобныя на казкі, але, па-першае, нават у казцы ёсць нейкая кропля праўды, а па-другое, лепш мець адзінае ўяўленне, хай сабе і напалову казачнае, чым блытацца ў недакладных звестках. Таму, каб вызначыць месца беларусаў сярод іншых народаў свету, мы і звернемся да паданняў і легендаў, якіх шмат у адной з самых старажытных кніг свету — Бібліі, у летапісах, у старых хроніках.

Паводле Бібліі, Бог стварыў неба і зямлю, расліны, жывёл і першых людзей — Адама і Еву. Адама і Еву мы лічым найстаражытнейшымі продкамі ўсіх людзей, у тым ліку і беларусаў. Гэта прапрапрапродкі.

Адам і Ева жылі ў раі, але яны парушылі загад Бога, і ён выгнаў іх на зямлю. У Адама і Евы нарадзіліся два сыны — Каін і Авель. Каін быў земляробам. Авель пасвіў жывёлу. З зайздрасці Каін забіў Авеля. Так людзі зрабілі грэх — братазабойства.

Калі людзей стала шмат, яны натварылі столькі грахоў, што Бог затапіў зямлю вадой, каб знішчыць іх. Толькі аднаму чалавеку, які не грашыў, Бог загадаў пабудаваць каўчэг і ратавацца ад патопу. Звалі гэтага чалавека Ной. У каўчэг ён узяў па пары ўсіх жывёл і сем'і сваіх сыноў — Хама, Сіма і Яфета. Ад іх пайшоў пасля патопу род людскі на зямлі.

Ад Хама пайшлі егіпцяне. Самыя вядомыя з іх — фараон Хеопс, які пабудаваў найвялікшую ў свеце піра­міду, і прыгажуня Неферціці. Паводле легенды, ад Хама паходзяць таксама ўсе жыхары Афрыкі і старажытныя фінікійцы, якія прыдумалі першы алфавіт. Фінікійцам быў і славуты палкаводзец Ганібал.

Ад Сіма пайшлі яўрэі, вавіланяне і арабы. Яўрэі захавалі легенды і паданні старажытных народаў і склалі святое пісанне — Біблію. Самыя славутыя сярод іх былі цар Давід, мудры Саламон і Ісус Хрыстос, пачынальнік хрысціянскай рэлігіі. Вавіланяне праславіліся самым вялікім горадам таго часу — Вавілонам, а арабы — прарокам Мухамедам, пачынальнікам мусульманскай рэлігіі — іслама.

Ад сыноў Яфета пайшлі народы, што жывуць ад Індыі да Еўропы і размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах. Гэта і індусы, і персы, і грэкі, і германцы, і кельты, і славяне. Сярод індусаў жыў Буда, стваральнік яшчэ адной сусветнай рэлігіі — будызму. Персы заваявалі мноства краін ад Індыі да Грэцыі. Грэкі вядомыя імёнамі вялікіх філосафаў Сакрата, Платона, Арыстоцеля, а яшчэ больш — імем славутага паэта Гамера. Блізкія сваякі грэкаў македонцы на чале з Аляксандрам Македонскім заваявалі амаль увесь свет. А нашчадкі далёкіх сваякоў грэкаў — траянцы заснавалі ў Італіі горад Рым, які пасля стаў цэнтрам сусветнай імперыі. Вялікія рымляне — палкаводзец Юлій Цэзар, аратар Цыцэрон. Ад кельтаў (іх яшчэ называюць гагамі) і германцаў паходзяць сучасныя французы, немцы, англічане, аўстрыйцы, сярод якіх таксама было шмат славутых людзей.

Аднаго з сыноў Яфета звалі Славенам. Ад яго пайшлі славяне. Таму біблейскі Яфет — наш агульнаеўрапейскі прапродак, а Славен — агульнаславянскі прапродак. Славен пасяліўся ў лясах, там дзе цяклі рэкі Лаба (Эльба), Вісла і Дунай. Славяне былі высокага росту, стройныя, з русымі валасамі. Сярод іншых народаў яны вылучаліся сілай, вынослівасцю. Калі ў баі ў першых шэрагах стаяць славяне, то яны зломяць любога праціўніка. Змагаліся яны ў пешым страі мячом і дзідай, у простых кашулях, а то і напаўголыя, без кальчуг і даспехаў. Трапіўшы ў палон, цярпліва зносілі любыя пакуты і катаванні і паміралі мужна, не просячы літасш. З гэтай прычыны славян часта ўцягвалі ў войны як саюзнікаў. Да нас дайшлі словы аднаго з іхніх ваенных правадыроў Лаўрытаса: «Ніхто не зможа нас, пакужі ёсць на свеце вайна і мячы», — горда сказаў ён.