Выбрать главу

Яраслаў стаў адным з самых знакамітых князёў, якія валодалі Кіевам. Сын Полацкай Рагнеды ўпершыню сярод усходніх славян увёў у сваёй дзяржаве пісаныя законы. Яны былі сабраны ў кнізе, якая атрымала назву «Руская праўда». Летапіс апавядае, што склаўшы гэты першы судзебнік, ён сказаў:

— Па гэтай грамаце жывіце, як напісана, гэтым і кіруйцеся.

Пазней законы Яраслава дапаўняліся іншымі князямі. Па іх у старажытнай Кіеўскай дзяржаве судзілі некалькі стагоддзяў. У гісторыі ўсходніх славян летапісны спісак законаў Яраслава можна параўнаць з тым каменем, на якім былі запісаны першыя ў гісторыі чалавецтва законы цара Хамурапі ў Старажытным Вавілоне, або з меднымі дошкамі законаў Старажытнага Рыма, на якія потым раўняліся законы ўсіх еўрапейскіх дзяржаў. На іх аснове заключаліся палітычныя дагаворы, перамір'і і саюзы. За сваё жыццё Яраслаў зрабіў шмат чаго, што назаўсёды ўвайшло ў гісторыю. Але самае значнае — гэта яго законы. Менавіта за іх яго празвалі Мудрым.

Яраслаў Мудры клапаціўся і пра адукацыю. Ён сам умеў чытаць і пісаць, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю. Пры ім у Кіеве пачалі перапісваць кнігі, ён стварыў і першае вучылішча, у якім трыста юнакоў набылі пісьменнасць, адкрыў першую на той час бібліятэку, якая месцілася ў царкве. Летапісец, апавядаючы пра яго клопат аб кнігах, напісаў словы, якія сталі славутыя:

— Вялікую карысць маюць людзі ад кнігі. Кнігі настаўляюць і навучаюць, менавіта ад слоў кніжных маем мы мудрасць.

Пры Яраславе Мудрым быў пабудаваны і храм Святой Сафіі, які сваім багаццем і прыгажосцю сапернічаў з цэрквамі Царграда-Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню абнёс Кіеў каменнымі сценамі са славутаю Залатою Брамаю. Пры Яраславе каля Кіева ўзвялі і першы манастыр — Пячэрскі. Такую назву ён атрымаў таму, што да Яраслава манахі жылі у пячорах, якія капалі пад узгоркамі. Пасля таго як Яраслаў адбудаваў Пячэрскі манастыр, у ім жылі многія вядомыя манахі. Гэты манастыр стаў цэнтрам праваслаўнай рэлігіі ў старажытнай Кіеўскай дзяржаве.

Да Яраслава Мудрага мітрапалітаў — галоўных свяшчэннікаў — прысылалі ў Кіеў з Царграда-Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню сам паставіў мітрапаліта — славяніна Іларыёна. Іларыён быў адукаваным чалавекам, пісьменнікам. Ён напісаў вядомае «Слова пра закон і пра ласку божую», якое заканчвалася малітвай у гонар непераможнасці вялікага славянскага народа.

Яраслава Мудрага называлі не проста вялікім князем, а самадзержцам і нават царом. Яго параўноўвалі з візантыйскім імператарам. Пры ім пачалі вырабляць і першыя на ўсходнеславянскіх землях грошы «яраславава серабро».

Дзякуючы поспехам Яраслава Мудрага старажытная Кіеўская дзяржава стала сусветна вядомай. Адну са сваіх дачок Яраслаў аддаў за венгерскага караля, другую — за нарвежскага, а трэцюю, Ганну — за французскага. Яна пасля смерці мужа доўгі час разам з сынам кіравала Францыяй.

Сыны Яраслава пабралі сабе за жонак дачок імператара Візантыі і польскага караля.

Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Еўропе паважалі Яраслава і лічылі за гонар парадніцца з ім.

Летапісцы апавядаюць, што паміраў Яраслаў Мудры ў ясным розуме. У апошнюю хвіліну ён загадаў сабрацца ўсім сваім сынам і сказаў ім такія словы:

— Дзеці мае! Вось я пакідаю гэты свет. Любіце адзін аднаго, шануйце і бараніце. Памятайце: усе вы браты. I калі будзеце жыць у любві паміж сабою, Бог будзе за вас і вы пераможаце ўсіх ворагаў. А калі ўзненавідзіце адзін аднаго, пачняце сваркі і бойкі, то загінеце самі і загубіце зямлю бацькоў сваіх і дзядоў сваіх, што дабывалі гэтую зямлю цяжкай і вялікай працай.

А звяртаючыся да свайго старэйшага сына, Яраслаў пакінуў яму такі запавет: