Выбрать главу

Сьмерць адкладзеная… Жыцьцё адкладзенае яшчэ раней… Я ўжо чакаць не чакала, што нешта ў гэтым адкладзеным жыцьці можа стацца са мной упершыню…

— …дык ён ката за лапы і аб вушак галавой, — нацалаваўшыся, расказвала пра свайго мужа, які нібыта ёсьць і якога нібыта няма, Вера.

— Калі?.. У дзяцінстве?..

— У якім дзяцінстве, ты ня слухаеш зусім… Два дні таму. У нас у Мальма дзьве кватэры, у адной я з катом, у другой ён, я ўжо з ім і не жыву, а тут ён прыпёрся з турмы, дабівацца свайго пачаў, адразу каля дзьвярэй, каля ўваходу паваліў на падлогу, дык кот, як сабака, я сама не чакала, накінуўся на яго з нейкім рыкам нутраным, давай драпаць і грызьці, а ён яго за лапы — і галавой аб вушак! Мяне адкінуў, а ката біў, біў і біў, пакуль ад галавы нічога не засталося, усе сьцены ў крывянцы… А нібыта ж не мужык, ануча, з яго вяроўкі можна віць… Я ў той кватэры быць не магла, у Мальма не магла быць, у Швецыі, шведаў не магла бачыць… Зьбегла. На самалёце да Масквы — і цягніком сюды. Вы найлепшыя ў сьвеце, найлепшыя, — зноў пачала яна цалаваць мяне і плакаць. — Ты, Наста, вы ўсе, вы ўсе…

Так, мы ўсе найлепшыя. Асабліва адзін. Ён забіў ката — і ў Менску ня можа быць, у Беларусі быць ня можа, беларусаў ня можа бачыць. Зьбягае. Цягніком да Масквы — і самалётам у Швецыю. Дзе таксама забіваюць катоў.

— А за што твой муж сядзеў?

— Ні за што не сядзеў… З чаго ты ўзяла?..

— Ты ж сказала: з турмы прыпёрся.

— Ён юрыст, сьледчы… Асатанеў, пэўна, з турэмшчыкамі… — Вера паднялася з ложка, схадзіла ў ванну, адмылася ад сьлёз. Вярнулася: — Там вада твая астыла.

— Дабяру.

Вада не жыцьцё. Можна дабраць.

Хоць і жыцьцё дабраць можна. Калі тое, што зараз у мяне з Верай, лічыць даборам.

Яна кінулася побач са мной на ложак, прытулілася, гульлівая…

— А я да цябе з прапановай прыехала! З вясёлай прапановай, бо ты сумна, мне апошнім разам здалося, жывеш.

— Без цябе і Насты?

— Пры чым тут Наста?

— Ты і з ёй, як са мной?

— Во... Ужо й рэўнасьць… Цяжка з вамі, славянкі-лесьбіянкі.

— Якая рэўнасьць?.. Я не лесьбіянка. У мяне мужык ёсьць, хоць і няма. Проста цікава, як?

— Калі цікава, дык ня так.

— А як?

— Іначай.

— Як іначай?

— Як лесьбіянка дэмакратыі з лесьбіянкай дыктатуры.

Яны абедзьве жывуць ня сумна…

— А чаму ты…

Я ня ведала: ці пытацца?..

— Што чаму?..

— Чаму ты ўвогуле гэтым займаешся?

— Чым гэтым?

— Гэтым… з жанчынамі?

— Бо не люблю мужыкоў.

— У цябе ж муж ёсьць…

— Дык і што?.. Усё адно не люблю. З дзяцінства.

— І бацьку не любіла?

Спытаўшы, я адчула, як яна напружылася.

— Не любіла. Ён мяне не абараніў.

— Ад чаго?..

Вера павярнулася на сьпіну, кінула рукі ўздоўж цела, утаропілася ў столь…

— Ад таго, што са мной зрабілі…

Пра тое, што з ёй зрабілі, я магла б і не пытацца, бо ўжо ведала, што зрабілі з ёй тое самае, што і са мной, але я спытала:

— А што з табой зрабілі?..

Яна памаўчала. Відаць, думала: ці расказваць? Такое расказваюць ці некаму зусім выпадковаму, ці найблізкаму. Хоць якраз найблізкім казаць такое ня варта, ім робіцца гідка. Такое распавядаюць толькі ці некаму зусім выпадковаму, ці толькі самім сабе.

Я не была выпадковай, я была пакліканай. Яна сама паклікала мяне праз вясёлкавыя пырскі фантану.

Праз пустату.

Праз космас.

Аднойчы, прачнуўшыся ў ночы, Ты ўспомніш, што ўмееш лятаць, І стане наіўныя вочы Халодная бездань смактаць. І зманлівай згадкай быцьця Цябе працяне аж да поту… Прачнешся — і станеш дзіця Вучыць не хадзе, а палёту.

Я не была блізкай, мы сустрэліся ў космасе імгненьне назад. Зрэшты, усе сустракаюцца ў космасе імгненьне назад, таму блізкіх не бывае ўвогуле.

Вера склала рукі на грудзях.

— Я ляжала во так, а мяне хацелі раструшчыць.

Яна ўсё ж надумала расказаць… Як самой сабе.

— Камянём?..

Яна зьдзівілася. Ці выгляд зрабіла зьдзіўлены:

— Скуль ты ведаеш?.. Хоць ты павінна ведаць… Так, камянём. Ледавіковым валуном. Мы ў рыбацкім пасёлку жылі. На самым беразе мора, там шмат камянёў было. Яны прыгожа ляжалі, як кіты. Аднаго з іх, якога з мора найдалей на бераг выкінула, ажно да лесу, я так і называла: Кіт. Ён быў найменшы з усіх, але найбольш на кіта падобны. Я сядала на яго і плыла. Далёка-далёка… Ён гайдаўся на хвалях, закалыхваў. Божа, у якіх я толькі казках ні пабывала, на ім плывучы!.. І калі да мяне той барадаты рыбак падыйшоў, які жыў не ў пасёлку, а на невялікай высьпе метраў за трыста ад берагу, я падумала, што ён з казкі. Тым больш, што ў яго мянушка была…