Выбрать главу

— Цмок?

— Цмок?.. Хто гэта — Цмок?

— Дракон, які ўсіх жэр. Ці д’ябал. Яго анёлы ў каменнай гары ў ланцугі закавалі, але хутка грахі людскія пераядуць тыя ланцугі…

— І ён усіх зжарэ?

— Зжарэ. І костачкі абсмокча.

— Бо Цмок?..

— Бо Цмок…

— Якога анёлы ў каменнай гары закавалі?..

— У каменнай…

Вера памаўчала, страсянула галавой:

— Не, ня Цмок. Хоць ён мог быць і Цмокам. Але ў нас там свае казкі, і мянушку ён меў Кіт, уяўляеш? Ён лёг за валуном, за каменнай гарой з боку лесу і сказаў, каб я села на яго, і я на яго села, бо думала, што сядаю на Кіта і паплыву на ім далёка-далёка.. А ён перавярнуўся, перакуліў мяне, падмяў… Мне было страшна і балюча, гэтак балюча і страшна, што я ад болю і страху сканала. Кіт адчуў, што я не жывая, але доўжыў і доўжыў сваё, мармытаў: «Ты яшчэ цёплая… і добра, што ўжо не жывая… ня трэба будзе цябе забіваць, грэх на душу браць…» — і калі ўсё сваё скончыў, сьцягнуў мяне ў яміну і кульнуў зьверху падкапаны валун. Камень лёг шырокім бокам, падвіс на краях яміны, таму не раструшчыў… Кіт паспрабаваў яго зрушыць, але ня змог, а падкопваць нанава пабаяўся, пабег — яму таксама было страшна.

Да гэтай пары не разумею, як гэта, сканаўшы, я вярнулася з сябе мёртвай у сябе жывую і выбралася з-пад валуна? Праз невялічкую шчыліну паміж зямлёй і навіслым каменем выбрацца магла толькі зусім маленькая дзяўчынка. Маленькая, мне тады і сямі не было, але ж не мёртвая…

Яна ўмее рабіць тое самае, што і я, толькі ня ведае пра гэта. Таму і не разумее.

— А ў Кіта хто-небудзь быў?

— Хто-небудзь хто?

— Жонка, дзеці…

— Не, у яго быў толькі сабака. Злы, напалову воўк. Ён і карміў яго, як воўка, раз ці два на тыдзень. Каб люцеў з голаду… У нашым пасёлку адзінотная жанчына жыла з рукой зьнявечанай, Асьвёр, дык казалі, што яна нявестай Кітовай была, і Кіт аднойчы ўзяў яе на рыбалку. Не на мора, а на возера. У нас, апроч мора, яшчэ і вялізнае возера адразу за лесам было. Налавіўшы з вечару шчупакоў, раніцай ён, калі Асьвёр яшчэ спала, зноў рушыў на возера, загадаўшы свайму напаўвоўку сьцерагчы налоўленую рыбу. Прачнуўшыся, Асьвёр надумала сьняданак згатаваць. Пацягнулася да рыбы, а воўк зубамі клац — і далонь наскрозь. Не зарычэўшы перад тым, не гаўкнуўшы, не папярэдзіўшы, каб не чапала. Клац — і наскрозь. І трымае, не адпускае. Яна гадзіны паўтары сядзела над той рыбай з рукою ў зьвярынай пашчы, пакуль Кіт вярнуўся. Ён не накінуўся на свайго зьвера, каб пакараць яго, не… Падышоў, пагладзіў па галаве. Не Асьвёр, нявесту сваю, пагладзіў, а воўка. Сказаў: «Малайчына… — і паказаў на рыбу, якую, выканаўшы загад ягоны, звартаваў зьвер: — Еш, заслужыў». Толькі тады воўк разьняў іклы… Уяўляеш зьвера? І зьвера гэтага недзе за год перад тым, як Кіт мяне валуном заваліў, я зратавала, уяўляеш?..

— Зратавала ад агню?

— Не ад, вады… Ён у сецях заблытаўся, якія Кіт з берага лодкай цягнуў, і ўжо захлёбваўся, але я паднырнула і пасьпела выблытаць яго. Не дала ўтапіцца, каб пасьля спаліць. Зратавала, каб зьнішчыць. Ведаеш, як?

— Ты паплыла на выспу і падпаліла дом Кіта?

— Ня дом, клець. Лётам ён начаваў у клеці. Кідаўся на сеці і спаў. Я прыплыла ўночы, падкралася, замкнула і падпёрла васьцямі, утыркнууўшы іх у зямлю, дзьверы, нацягала да сьцяны ад мора сухога ламачча, падсунула шматок газеты — і толькі чыркнула запалкай, як пачулася з клеці скавытаньне. Зьвер, мусібыць, пазнаў мяне, сваю ратавальніцу, таму не брахаў, калі я зачыняла клець, цягала ламачча… І калі я тое ламачча падпальвала, не забрахаў — заскавытаў толькі, як просячы літасьці.

Я магла патушыць запалку, але я не патушыла яе. Я надта ўзьненавідзела чалавека, каб пашкадаваць зьвера.

Клець гарэла, сабака ўжо не скавытаў, брахаў і рыкаў, біўся ў дзьверы, а я, сьціснуўшы зубы, плыла і плыла далёка-далёка… — Вера ўскінулася, абняла мяне. — Як ты думаеш, я куды-небудзь прыплыла? Ці засталася там: на беразе мора пад каменем, пад якім бачу сон пра тое, што са мною магло быць, калі б засталася жыць?.. Я жывая, Вера?.. Я з той пары пачуваю сябе так, нібы не жыву, а ўсё адкладваю жыцьцё на потым. А куды яго можна адкласьці? Як?..

Паўсюль і скрозь адно і тое.

— Жывая, — пагладзіла я яе па валасах. — А Кіт?..

— Што Кіт?

— Кіт згарэў?

— Не. Тым разам ён начаваў ня ў клеці, а ў доме. Як адчуў нешта. Толькі сабаку чамусьці ў клеці на ноч запёр. Яго судзілі пасьля за тое, што спаліў сабаку. Ён прызнаўся, нагаварыў на сябе, што гэта ён спаліў. Хоць бачыў, што гэта я… Ужо адплываючы, я заўважыла яго ў вакне. Усяго белага ў белым споднім… І я была ў белай, парванай ім, сукеначцы. Мусібыць, ён падумаў, што я здань, што мяне з таго сьвету па яго паслалі — і сьсівеў. На судзе яго прызналі хворым і адправілі ў лякарню. Жыве там недзе, казачнік…