Выбрать главу

Хлапчук шалеў. Цяля... І заявіў бацьку, што жэніцца. А той яму па мордзе, як і было наперад прапісана ў сцэнары.

Па тым жа сцэнары я пазнаёміла хлапчука з адным з ахоўнікаў партыйца, які выконваў даручэньні па ліквідацыі. Выдала яго за свайго брата... І той, здаровы, з мянушкай Ражон, слухаючы хлапчука, як мужык мужыка, стаў накручваць яго на подзьвіг. Маўляў, калі б нехта яму, хоць бацька, хоць брат замінаў кахаць тую, якая для яго найлепшая з усіх, ён не стрываў бы. Во гэтымі б рукамі задушыў, ці забіў бы во з гэтага пісталета... І дастаў пісталет — пад цацку, пад запальнічку зроблены. Сказаўшы хлапчуку, што гатовы дапамагчы, калі ён сам не справіцца. Хай толькі ў дом правядзе, як сябра.

Хлапчук, зусім ужо ашалелы, адказаў, што справіцца сам, і пісталета ня трэба... І паставіў бацьку ультыматум: ці той дазваляе яму ажаніцца, ці ён вешаецца. Бацька чуць яго не захацеў: «Вешайся!..»

Хлапчук павесіўся.

Гэтага ў сцэнары не было прапісана, такога не прадбачылася, як і ўсяго далейшага. Баючыся, што праз мяне раскруцяць увесь клубок, мной замянілі адну з «ледзі», купленую ў салоне для дзелавой паездкі, і адправілі на падпісаньне кантракта ў Фінляндыю. Сказаўшы, што пазьней перашлюць грошы, і каб я пару гадоў не вярталася.

Ня ведаю, чаму проста не забілі.

Прэзідэнт фірмы, якая мяне купіла, ніяк ня мог працягнуць кантракт на пастаўку ў Фінляндыю драўніны. Мне ўсё адно было, хто і чым займаецца, але тут я зьдзівілася: як жа раней яму ўдавалася нешта прадаваць, калі ў фінаў у саміх уся зямля ў лясах? Прэзідэнт растлумачыў: свой лес яны не сякуць, зьберагаюць, рускі бяруць. І, бач, мець справу з ягонай фірмай раптам заўпарціліся, сталі шукаць іншых кампаньёнаў. А гэта мільёны і мільёны, так што мне трэба пастарацца...

Заўпарціліся фіны, як аказалася, нездарма: усё прадстаўніцтва фірмы, на якую я старалася, праз дзень пасьля перамоваў арыштавалі. Разам з прэзідэнтам. Бо фірма, якой мала было мільёнаў і мільёнаў за самую драўніну, у полых ствалах дрэваў, акуратна закаркаваных выразанай сэрцавінай, гнала на захад кантрабанду. Пасьля, убачыўшы, што канал працуе надзейна, узялася за наркотыкі.

Мяне затрымалі, бо ў паперах, па якіх мяне прывезьлі, я значылася менеджэрам фірмы. І павярнулі справу да суда...

Каб за што іншае, дык у фінскую ці шведскую турму яшчэ паспрабуй сесьці: у чарзе трэба пастаяць. А за наркотыкі садзяць без чаргі, хутка і надоўга.

Я даволі добра ведала фінскую мову, бо суседзі ў Выбаргу фінамі былі, трохі горш ангельскую і шведскую — і на ўсіх мовах пыталася: у чым мая віна? Мне адказвалі, што ў несьвядомым саўдзельніцтве. Я дапытвалася, што яно такое: несьвядомае саўдзельніцтва? Мне адказвалі, што вось такое яно, як у мяне, саўдзельніцтва несьвядомае... І накручвалі за яго два гады. Якраз столькі, колькі мяне прасілі не вяртацца ў Піцер.

Выпадкова ў газеце я прачытала, што ў сувязі з пашырэньнем Еўразьвязу ад Фінляндыі патрабуюць большага кантролю на мяжы з Расіяй. І зразумела я, што такое несьвядомае саўдзельніцтва.

Дапамог мне адзін з дырэктараў сумеснай фінска-шведскай кампаніі. Нядаўні наш партнёр. Той, з якім я старалася, каб быў працягнуты кантракт. Даніэль Саламонсан, швед. Ён наўпрост спытаў, чаго я болей хачу: ці ў турму, ці за яго замуж?.. Нібыта жартам папэрэдзіўшы, што гэта амаль адно і тое ж...

Не пачуўшы жарту, я згадзілася замуж, бо мне, апрача ўсяго, і жыць не было дзе. Хіба толькі ў турме.

Даніэль наняў амерыканскага, каб не з Еўразьвязу, адваката, сьпецыяліста па справах з наркотыкамі, і той даказаў, што я ні пры чым. Я заўважыла, як перад амерыканцам фіны ня тое каб выцягнуліся ў струнку, але ўсё ж замітусіліся: о’кей... о’кей — і мне гэта, шчыра сказаць, ня надта глянулася. У нечым яно да таго, што ў нас рабілася, было падобнае... І выходзіла, што ва ўсім сьвеце так: дзе грошы, дзе сіла, там і праўда.

Афармляць нашыя адносіны Даніэль ня стаў. Ніяк. Лічылася, што мы ў грамадзянскім шлюбе. Ён перавёз мяне ў Швецыю і пасяліў у асабняку ў прыгарадзе Стакгольму, амаль што ў лесе. І кожны дзень мы хадзілі на лыжах. Уявіце: на лыжах кожны дзень. Кругамі, кругамі...

Калі Даніэля дома не было, я выбіралася ў горад. З грашыма толькі на кішэнныя расходы. На каву з пірожным.

Аднойчы ў кавярні, дзе я піла каву і ела пірожнае, зьявіўся Ражон. Я ледзь не задохлася, пірожным папірхнуўшыся... Не чакала. І не падумала, што праз Ражна мне грошы перадалі. «Канец мне», — падумала.

Грошай ніхто і не перадаваў. Ражон сказаў, што ўсьлед за мной ён пасьпеў зьбегчы, а партыйца нашага павесілі. На той жа вяроўцы, на якой павесіўся хлапчук. У тым порце, за які партыец змагаўся з канкурэнтам. Так што мне, выходзіла, ня два гады дамоў вяртацца нельга, а да новай рускай рэвалюцыі.