Выбрать главу

Мне вось што пра саму сябе незразумела: нашто я Ражну пра Павала сказала?.. Хоць яшчэ да таго, як ён хмыкнуў, падумала: а што гэта я раблю?.. Каго, як фіны лес, зьберагаю?.. І адразу ж, за імгненьне нейкае, сама перадумала сябе: калі Павал першым разабрацца не пасьпее, тады чарга Ражна. Шанс у кожнага быць павінен.

Чаму я так зрабіла?.. так падумала?.. так перадумала?..

Ня ведаю.

Па абедзе ў фітнэс-цэнтры ніхто і нічым у той дзень не займаўся, шлюбную цырымонію неадрыўна глядзелі: дацкі прынц жаніўся. На вясельле ў Капенгаген усе еўрапейскія каралі і прэзідэнты зьехаліся, у нявесты ў крэмавай сукенцы шлейф быў метраў дваццаць, адна з наведвальніц фітнэс-цэнтру, англічанка, мела некалі з прынцам нейкія адносіны, была ягонай girl-friend, дык дапытвалася ва ўсіх і ні ў каго: «Ну што ён у ёй знайшоў?.. Што ў ёй знайшоў ён, звар’яцеў?..» — пакуль я не сказала да ўсіх і да яе, што для дацкіх прынцаў вар’яцець — гэта нармальна. Англічанка заткнулася, а я глядзела на бліскуча-пералівісты шлейф нявесты, што цягнуўся па чырвонай дывановай дарожцы і быў, мусібыць, нават з космасу відаць, і гэтак зашчымела ўва мне: не было ў мяне і ніколі ня будзе вясельля ня тое што каралеўскага — аніякага. Яшчэ я думала пра тое, колькі ж адначасова ў сьвеце самага рознага адбываецца: вунь каралі з каралевамі, дзіўныя ў наш час у каронах сваіх, сабраліся, нявеста з бясконцым шлейфам і жаніх у залатых эпалетах, сьвятар у белым жабо, кветкі, бляск, этыкет, манеры, а непадалёку Ражон з Павалам кружляюць, думаючы, як ім адзін аднаго забіць, і раптам я адчула, мне здалося: з Павалам у мяне нешта можа быць. Няхай сабе не каралеўскае, але нешта можа быць, бо для яго вар’яцець — гэта нармальна. І ўжо з фітнэс-цэнтру спускаючыся, я са шклянога ліфту, да якога не прывыкнуць ніяк, бо здаецца, што вось-вось звалішся, уніз абрынешся, убачыла, як да Павала, які нетаропка, бо да шасьці паўгадзіны яшчэ заставалася, крочыў да гатэлю, а я на паўгадзіны раней спускалася, каб папярэдзіць яго, што ў шэсьць да мяне ні ў якім разе нельга падыходзіць, каб пасьля ў нас з ім, няхай не каралеўскае, але нешта ўсё ж было… — дык вось тут я і ўбачыла са шклянога, нібы паветранага, ліфту, як да Павала, ва ўсё новае, нібы на вясельле, апранутага, бо ён, мусіць, разбагацеў, падышоў чалавек, апрануты неахайна, як бадзяжнік, і папрасіў, як мне здалося, у Павала прыпаліць, а Павал дастаў пісталет, на запальнічку падобны, бо, мусібыць, усё зразумеў, першым хацеў стрэліць, але не пасьпеў, бадзяжнік апярэдзіў яго, стрэліўшы з гэткага ж пісталета, і Павал доўга, нібы не знаходзячы, куды кейс паставіць, абсядаў, падмінаючы зялёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам, і ўсё глядзеў усьлед бадзяжніку, які паціху, не азіраючыся, адыходзіў ад яго па Södra Förstagatan, 1-ай Паўднёвай вуліцы, у пачатку якой прамільгнуў і згубіўся ў натоўпе Ражон, які без мяне, зьвярыным нюхам сваім вынюхаў Павала і скарыстаў свой шанс, а Павал свой не скарыстаў, і, можа быць, праз мяне: я заняла яго спатканьнем, вунь як апрануўся — не на сьмерць жа...

Ліфт толькі спусьціўся, а ўжо прыехалі і «хуткая дапамога», і дзьве паліцэйскія машыны. Рабіць мне тут болей не было чаго, надзея, пакліканая каралеўскім вясельлем, казкай пра Папялушку, мільгнула і прапала, я засьпяшалася да вакзала, крайком вока назіраючы, як бадзяжніка, які не ўцякаў, не хаваўся, ішоў сабе ціха, нібы гуляючы, па вуліцы, паліцэйскія з адной машыны дагналі, зьбілі з ног, скруцілі, а паліцэйскія з другой машыны кінуліся да Павала, якога клалі ў машыну «хуткай дапамогі», і адзін паліцэйскі, у пальчатках, асьцярожна пісталет Павала з ходніка падняў, прыгледзеўся да яго, пстрыкнуў ім і паказаў другому паліцэйскаму, які сказаў: «Det är leksaken, tändaren...»[**] І ўва мне паднялося ўсё, вантробы і дыханьне — пад горла, нібы я ўніз паляцела, праваліўшыся ў шкляным ліфце, дзе не было падлогі.

[*]«Tack så mycket, Daniel!» «Вялікі дзякуй, Даніэль!» (шведск.)

[**]«Det är leksaken, tändaren…» «Цацка, запальнічка...» (шведск.)

Ражон

Я ў прыгарадзе нарадзіўся, у сельгаспасёлку. Пры любым горадзе такія пасёлкі ёсьць, і кожны, хто там жыве, з маленства ведае, што нарадзіўся ён і жыве для таго, каб біцца з гарадскімі. Штовечар сядалі мы ў электрычку і ехалі ці ў парк, ці на дыскатэку, дзе, доўга не чакаючы, каб да ночы дамоў вярнуцца, усчынялі бойку. Нам было ўсё адно, каго і за што біць, і часьцей, чым мы іх, гарадскія, сабраўшыся, білі нас, але нам гэта толькі дадавала злосьці. Назаўтра, абмыўшыся ад крыві, мы зноў сядалі ў вагон электрычкі і ехалі, каб біцца насьмерць. Мы ні пра што ня думалі, нас вабіла небясьпека, рызыка, нам быў у асалоду сам пах бойкі, а ў газетах пра нас пісалі, што мы — сацыяльная праблема.