Выбрать главу

Адшукалі яны выспу з закінутым палацам, выцягнулі з ладдзі мячы і пакрочылі тудой. І яшчэ болей жахнуліся, калі ўбачылі шэрыя муры з вузкімі вокнамі, павуцінне і кажаноў пад зводамі. І тут жа ўбачылі чатырох дзяцей, але, колькі не шукалі - не здолелі знайсці вужынага караля. Падступіліся да дзяцей:

- Кажыце, шчанюкі, дзе ваш бацька?

Тыя нічога не сказалі, толькі Дубок плюнуў на падлогу і адвярнуўся. Скруцілі браты дзяцей па руках і нагах, распалілі вогнішча і пачалі іх біць і менчыць, каб дапытацца, чаго жадалі. Шмат часу сціналі Дубка, а ён маўчыць, сціснуў вусны, як дарослы, і толькі як падгрэблі да яго ног жар - вылаяўся і змоўк зусім. А ні стогну, а ні крыку. Пакінулі яго браты, узяліся за Бярозку. У той вялікія вочы абурэннем наліліся, слёзы на іх варам ускіпелі. Плюнула яна ім у вочы. За Ясеньку ўзяліся, падралі на ім вопратку, катавалі цела белае, а Ясень смяецца ім у вочы, песні пачаў спяваць, здзеквацца пачаў да таго, што ў братоў вочы крывёю наліліся:

- У, змяіныя вырадкі.

Адказаў Ясень:

- Чаго лічыць, хто ад каго нарадзіўся. У нас бацька змей, а справы чалавечыя, а ў вас бацькі людзі, а ўчынкі вашыя, як у змяі.

Схапілі браты малодшанькую, Асінку. А тая, як пабачыла гэта, -затрымцела і заплакала.

- Кажы, дзе бацька, бо мы зараз братоў тваіх заб’ем і сястру заб’ем.

Заплакала Асінка і ўсё распавяла. Браты кінулі ўсё і пабеглі да крывой

вольхі. Дно там чыстае, пясчанае. Выманілі яны караля вужоў на бераг, пасеклі яго мячамі і кінулі ў ваду, а потым паехалі дахаты. Ранак трэцяга дня падходзіць. Кліча Яліна на беразе ля межытокі мужа:

Калі жывы ты, калі чуеш ты,

Як заву цябе, змарнелая, -Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,

Закруціся, пена белая.

Калі ж вочы твае мілыя Не глядзяць на свет, яскравыя,

Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,

Пена алая, крывавая.

Ціха ўсё на паверхні. Збіралася ўжо дадому ісці, як раптам гайданулася вада, і выплыў на паверхню, разгарнуўшыся, як дзіўная кветка, алы згустак крыві. І потым распырскалася, закіпела ў глыбіні крывавая чырвоная пена.

Кінулася Яліна ў хату, схапіла вёслы, а ўжо матка зразумела, у чым справа: стала сярод хаты на каленях, не пушчае:

- Не хадзі да вужа, Ялінка, вужа клятага, вужа слізкага, нялюбага.

- Аслабані, маці. Гэта я думала так, што не кахаю яго. Але чаго ж сэрца маё так баліць.

- А за што табе яго кахаць?

- За тое, што святла не бачыў ён, за тое, што не кахала я яго калісь. Пашкадуй мяне, адпусці.

Сумна паглядзела на яе маці і адпусціла. Бяжыць бегма Ялінка да ладдзі, кроў з ног на вострых камянях пакідае. Бясконцыя сілы ў ёй уваскрасаюць, човен не па вадзе плыве - па паветры ляціць. Плывуць стараною абшары балот, а сэрца на кавалкі рвецца.

- Муж мой! Дзеці мае!

Вось і замак, бяжыць яна да яго. Бачыць, ляжыць мёртвы вуж.

І чуе яна дзіўны голас:

- Не кахала ты яго, не кахала.

Крыкнула ў той час вужыная каралева:

- Хлусіш ты! Кахала я яго болей за ўсё, ды не разумела.

Не разумела ў каханні ды шчасці, затое зараз сэрца маё ў трох агнях гартаванае. Спазнілася я, спазнілася. Падай мне з вады галасочак, кароль вужыны. Ціха ўсё, памёр ты. Хто ці заплача над табою, калі не я. Каханы мой.

Каханы мой!

І бачыць: расплылася каламутная вада, некуды збеглі крывавыя струмені і стаў бачны чысты вір з белым пяском, а па дне яго пад крыштальнай вадой ляжыць цудоўнай прыгажосці юнак у блакітным адзенні з срэбрам, з залатою каронаю на галаве залатой.

І чуе Яліна голас мужа:

- Вось і скончылася ўсё на свеце белым. Зачараваў мяне, прынца гэтага замка, злы чараўнік, і тады толькі мог я зноў ператварыцца ў чалавека, калі самым моцным каханнем пакахае мяне, халоднага вужа, самая лепшая з красунь чалавечага роду. Спазнілася гэтае каханне, няма ўжо паратунку, але сонцу кажу я “дзякуй” за тое, што здолеў абудзіць яго, гэткае каханне, хоць перад смерцю, хоць на гадзіну, на міг адзіны. На ўсё халоднае жыццё гэтага хопіць. Дзякуй табе, і за смерць маю таксама дзякуй.

І зноў усё змоўкла, толькі пры апошніх словах яго пырснуў у чорную прорву балот першы за шматлікія гады сонечны прамень, яскравы і чысты. Дзеці выбеглі з замка, цягнуць да яго, да сонца рукі. І раптам прамень зноў згас.

Зразумела ўсё Яліна, падняла дагары рукі і крыкнула дзецям:

- Дык станьце ж вы тым, кім у жыцці былі. Хто моцны быў - той хай такім і будзе, слабы - хай так і застанецца слабым. І я з вамі разам, як маці, стану.