Выбрать главу

Плача Яліна над мёртвым прынцам, варушыць вецер яе валасы, раскідвае ўшыр, і - о, цуд! - становяцца зялёнымі залатыя яе касмылькі, стала моршчыцца вопратка, драўлянець рукі. Заспявалі трывожна пад ветрам яе валасы, зазвінелі, як жаночы плач. І вось ужо на месцы Яліны высокая яліна стаіць, зялёная, стромкая, плачуць яе галіны пад ветрам.

Апошнім позіркам глядзіць яна на дзяцей, а тыя ўжо таксама зніклі. На месцы старэйшага сына стаіць каржакаваты, магутны дуб - не гнецца, не ламаецца, глядзіць у вочы навальніцам; на месцы дачкі старэйшай - бяроза расце, усю яе сонцам прасвечвае, грае на ёй кожны лісток радасцю да жыцця, а кожная галіна -цвёрдасцю. Воддаль ад іх стаіць асінка, слабае дрэўца - націснуў - яно й захрупцела.

Пранеслася над імі навальніца, зноў упаў сонечны прамень на балоты, і заквітнелі яны пад цёплым подыхам яго.

Чуеш, хлопча, як за вокнамі гудуць дрэвы?..

А на краі балота стаіць усімі клятая асіна. Ніякае дрэва не плача так, калі апынецца ў печы. Шчэ далёка дні восені і халады, а яна ўжо ўся чырванее, загадзя перад усім схіляецца А калі ўжо загадзя схіляецца - значыцца, поскудзь - дрэва.

Стаіць яна, здаецца, і ветру няма, а яна дрыжма дрыжыць усім лісцем, жаліцца. На локаць падымецца ад зямлі - дрыжыць, вырастае - дрыжыць і памрэ -дрыжэць будзе.

А ты падумаў, чаму гэта так? Іншыя людзі вось не разумеюць, а ты цяпер ведаеш. Гэткія вось справы.

Аўтух-дамоўнік

У старога Васіля жыў за печкаю дамоўнік, які быў падобны на маленькага чалавечка. Нішто сабе, ціхмяны быў, падлоты вялікай не рабіў.

Удзень ён ціха спаў на ложку з попелу, а ўначы пачынаў сваю нячутную тупатню па хаце і піў з сподачка малако, як вожык. Аўтухом клікалі гэтага дамоўніка. Спаў ён таксама ўсю зіму, і толькі калі пачынала страляць печка, рассыпаючы вакол залатыя іскрачкі і глытаючы ротам чурак за чураком, выпаўзаў адтуль і сядаў насупраць, саграваючы скалелыя пальцы. Гаспадыні замінае, тая яго і штурхне іншы раз, але ўзімку ён ставаў вялым і не крыўдзіўся. Затое ўлетку нават і ўдзень шпацыраваў, спаў мала, і ўжо тады не было ад яго спакою нікому. Забярэцца на стайню, выцягне стуль Варанога і гарцуе на ім да світанку. Ранкам конь увесь у мыле, дрыжыць як асінавы ліст. А Аўтух забраўся ў пуню на сена, сапе носам - і чхаў на ўсё. Стары Васіль таму сыну, што на стайні начаваў, аплявух надае: чаму не даглядаў. Вось сын і раззлаваўся на Аўтуха, вырашыўшы яму як-небудзь адплаціць.

Аднойчы бачыць: сядзіць Аўтух на верхняй перакладзіне лесвіцы, якую да плота паставілі, шчыпле з бузіны чырвоныя гроны і ўплятае са смакам, напіхвае за абедзве шчакі.

Старэйшы сын падкраўся ззаду і адпіхнуў лесвіцу ад яго. Тая ў паветры зрабіла паўкруг. Аўтух наверсе вісіць, верашчыць, нагамі дрыгае: вельмі спудзіўся.

М-м-мяк-к!

Ляснуўся аб зямлю, лесвіцай яго зверху прыціснула, варочаецца і крэкча.

А справа была за камяніцаю, вакол дурнап’ян, крапіва проста гаем расце, злосная, як сабака. А Аўтух жа голы, варочаўся, круціўся, неяк выпаўз - і бегчы, не памятаючы сябе. Бег, бег і знянацку ўскочыў у дзежку з гнаёваю жыжаю для гароду. Выдрапаўся стуль увесь зялёны з галавы да ног. Старэйшы сын за плотам - ну рагатаць. Да таго часу рагатаў, пакуль Аўтух усяго не зразумеў...

Вось увечары гаспадыня прыйшла і калі ўвайшла ў пакой - там ляжаў Аўтух на белых узгалоўях.

Ляжыць, з боку на бок перакочваецца з насалодаю. Як вылез з дзежкі, дык і пайшоў лёг.

Адпомсціў!

Казка пра Пятра-разбойніка

Валэндаецца па зямлі пракляты Пётр-разбойнік. Твар у яго чарнейшы за зямлю, не можа ён вачыма людзям у вочы глядзець.

Шмат часу хадзіў ён на жыр і людзей рэзаў. Пакуль паноў забіваў - усё яму даравалася, а калі ўзяўся за простых - напала на яго чорная хвароба: твар зрабіўся такім, што сітам не накрыеш, каўтун галаву пакрыў, абляпілі цела скуллі, уцякаюць ад яго людзі, баючыся заразы.

Рэжа ён дзень і ноч без просыпу, ды сумлення ні ў якой крыві не затопіш. Забівае ён дзядоў, немаўлят за ногі вешае, толькі пачаў адчуваць кожны раз, што лепш бы ў сябе нож уватхнуць, чымсьці ў другога.

Ішоў ён аднойчы ўноч некуды і стаў на раскрыжаванні шляхоў страшна яму зрабілася. Насупраць, над шляхам, працягнулася галінаю сухое дрэва, а на ім пугач сядзіць і вогненнымі вачыма глядзіць.

І зразумеў Пётр-разбойнік - няма яму даравання ад простых людзей, няма і не будзе ніколі.

- Скажы, зямля, - пытаецца Пётр-разбойнік, - як мне ў цябе дараванне заслужыць?

Цяжка ўздыхнула зямля: