Выбрать главу
Мне тэлеграмы адбіваюць як? БАМ. Жарнасеку. Едзь да нас. I кропка. Ды не люблю я Тых дарог, аднак, Дзе кожны слуп — асцерагальны знак...
Японскі бог! Глядзі... Ды ўверх, на сопку!
Пра гэта і не ўспомніш два разы: Насустрач нам, сарваўшы тармазы, Ляцеў і выў нагружаны «Магірус»[2].
— Ну ўсё. Вынось, як кажуць, абразы. Кагосць «Магірус» завязе ў магілу.
За намі — бачыў? — Чортаў паварот. Не выкруціць па хуткасці. Сарвецца. Эх, два разы канаць не давядзецца! Паспеем развярнуцца?.. Поўны ход! Слабое сэрца — дык давай за дзверцы. Ну што, даеш?!. I даўшы поўны газ, Да самых плешак топячы педалі, Ён год, здалося, разварочваў МАЗ — I вось ужо «Магірус» ззаду ў нас, А мы ў яго паперадзе імчалі.
Сірэны — як у рог! Альбо ў дуду! Для дэтэктываў гэткія пагоні!.. Дагнаў «Магірус», буферам баднуў, Счапіліся машыны, як вагоны, I Лёшка плаўна тармазы крануў.
— Не пойдзем юзам — Пажывём яшчэ, Да павароткі неяк затармозім, Калі ніхто не стане на дарозе...
Па спіне мурашы, як на марозе, I ліпкі пот па сківіцах цячэ.
Затармазілі... Коламі амаль Над прорваю павіслі... — Чорт не злапіў! Не падвялі баранка і педаль, Зноў Лёшка выйграў на сваім этапе... У Залацінцы будзем — справім баль.
...«Магірус» стукнуў дзверцамі. Салдат Ускочыў цяжка МАЗу на падножку, Пацёр павекі: «Вецер вось, а мошкі...» Руку паціснуў Лёшку: — Дзякуй, брат... — Няма за што,— яму ўсміхнуўся Лёшка.
5. НАГОРНАЕ, ТУНЕЛЬ
Маналог брыгадзіра Сомава
...Граніт за годам год Мы грызлі і люцелі, Бо не з дыетработ Работа біць тунелі. Звычайна: Праца — бой... Ды ў гэтым ёсць знаменне, Калі па-над табой На паўвярсты каменне. I з гэтай паўвярсты (Схавацца ледзь паспееш) Так вухкаюць пласты — У шлунках ледзянее. Вядома, век машын. Але машыну тую Вазьмі, паварушы — Хрыбет залямантуе. Уявіш: кружыць птах, Дажджы на сопках плачуць... Хай плацяць не за страх — За нешта ж грошы плацяць.
Тунель — канца няма. Ён сапраўды бясконцы. Не ўспамінай — дарма! — Калі ты бачыў сонца. I за вярстой вярсту (На лёс не наракаю) Ідзеш у пустату, Да тупіка, да краю. Таму — не навіна,— Каб не было так пуста, Прыдумана здаўна Тунелі біць насустрач. Падземнаю хадой Шыбуй да чалавека — I справішся з бядой, Не трэба іншых лекаў. Вось так... Пішы, пішы... Скажу табе адкрыта: Тунелі для душы Яшчэ не ўсім прабіты. Яшчэ нямала, брат, Такога ёсць народу: Ад галавы да пят Скалістая парода. Скрозь іх тунелі біць — Работа на галеры: Усё ў табе баліць, А ім ані халеры. I вось, калі рване Скалу такую вершык, Душу ў яе ўдыхне — Тады ты наш. Тунельшчык.
Цяпер пішы: арцель Жыве. Працуе ў згодзе. Б'ём на святло тунель — I да святла выходзім. Хай словы як з газет. Ты не зважай на словы. Спрабуй, калі паэт, Пашыць для іх абновы. Не выйдзе — зноў пачні, Бяду перабядуем; Ды памятай: хлусні Ніколі не даруем. Майстры папрацаваць — Пранырлівых і жвавых Майстроў рапартаваць Не вельмі паважаюць. Іх справа — тлум і крык: Ура! Датэрмінова!.. А ты пускай цягнік, Калі тунель гатовы. Тады і будзеш мець Ты права як рабочы Без сораму глядзець Свайму сумленню ў вочы. Маё, паэце, слова Пацвердзіць і арцель. Падпісваюся: Сомаў. Нагорнае. Тунель.
6. НАГОРНАЕ, СТАНЦЫЯ
На паўнеба світанак ясніцца. Промні — выраем з рукава. Вёска Красніца. Вёска Красніца. Сцюжай спаленая трава. Выйшла так, што ў бацькоўскім краі Пуцявіна нас Не звяла. Ведаў толькі: Была такая. Сёння ўбачыў, якой была. Скаланула душу, як выбухам. Вёска Красніца, Адбалі! Ты згарэла ў раёне Быхава, Галавешкі — па ўсёй зямлі. ...Прыбіральшчыца Ганна Свірыдаўна Плача — Голасу не чуваць. Спіць гісторыя ў футры выдравай, Спіць, як з кніжкі старонку выдрала, Каб мінулае не чытаць. Памяць сцежана белымі ніткамі, Але ўслухайся — I замры: Называюць сябе н е д а б і т к а м і Вёскі Красніцы жыхары.
вернуться

2

Аўтасамазвал.