Выбрать главу

...Як спалілі немцы людзей і вёску, сабраліся мы, недабіткі, у лесе. Хто й цэлы, а больш пакалечаныя. Я мужыка свайго на плячах цягнула. Ён зваліўся у снег, а я ўсё паўзу, усё мне цяжка, Толькі калі людзі спыталіся: «Аня, ты чаго паўзеш?» — усхапілася. Божухна, а дзе ж я падзела яго?.. За паўвярсты знайшла, ён ужо і качанець пачаў. Кажа: «Магла б не вяртацца, усё адно памру». Крыві вельмі многа з яго вылілася. Пакалечаным, ведаеце, трэба, каб цёпла бы- ло, каб есці добра. А тут холадна — і есці няма чаго. Адну кару з дрэў. Мужык мой, яшчэ жыў трохі, просіць: «Схадзі ты на дарогу, можа, яблыкаў конскіх назбіраеш». Дык са мной шмат хто пайшоў, і пасля хадзілі. Набярэш гэтых яблыкаў мёрзлых, сядзеш ля кастра і трэш іх, трэш, трэш... Колькі каліў аўса знойдзеш, калі аўсом каня кармілі,— і лускаеш, як семкі. Ой, усё ў мяне ў вушах голас мужыка стаіць пра гэтыя яблыкі: «Не магу болып адной карою... Конскіх яблыкаў пашукай...»

Горны плач прашыў шаравою Бліскавіцаю Дашука[3]. Як там, Віця, кіно здымаюць? Не работа, відаць, а страх. Не вытрымліваюць, згараюць Стужкі ў чорных пражэктарах. Кіламетрамі смерць накручана, На паўпальца не адкруціць. I не мёртвым — жывым балюча. Мёртвым — сказана — Не баліць.

...Ад голаду Стасіна Анюта, суседкі маёй дачушка, на трэцім тыдні памерла. Дзе ёй тую кару, хоць і пажаваную, есці — чатыры годзікі было. Жывоцік так успух — яна ўжо яго ручкамі абняць не магла. I не плакала ўжо, не прасіла нічога. Толькі нібыта спіць і прачнецца, вочы расплюшчыць і прашэпча ціха, ледзь пачуеш: «Мама...» Пахавалі мы яе. Праз дзень, можа, зноў чуем: на дарозе страляніна. Мы тады што ж — далей у лес... Ноччу нібыта штурхнуў мяне хтось. Падымаю галаву, а Стася кругамі па палянцы кружыць, кружыць, быццам ісці некуды хоча, а не ведае, у які бок. Я да яе: «Стася, Стася...» Як кінецца да мяне: «Ой, Ганя, нядобра мы з табой Анюту паклалі. Камень каля жывоціка пакінулі, цісне ён. Чуеш: бедная, плача...» Вот, так і не адышла яна, і пасля вайны такой засталася...

Віця, што гэта?.. Дзе мы, Віця?.. Нас паставілі да сцяны?.. I ў магілах, відаць, баліць ён, Зыржавелы асколак вайны. Хлопцы слухаюць — зрок цямнее. Словы курчацца, як лісцё...
Віця, мы ж пра іншае ўмеем! Пра вясёлае! Пра жыццё!
7. ЗАЛАЦІНКА
Плешчуць беленькія хусцінкі — Круг шырокі! Беларусачка-Залацінка Пад прыпеўкі ляціць у скокі:
Ой ты, бамавец мой, Што ты чырванееш? Навучыўся працаваць — Цалаваць не ўмееш... Брыгадзір, брыгадзір, Залатыя зубы, Я за мір, і ты за мір — Не кусай мне губы... А на небе зорачка, А я думаў: жоначка. Клікаў, клікаў — не чуе, Няхай з богам начуе...
Сціхла музыка. Перадышка. Смех вясёлае талакі. Крочаць вуліцаю Кедышкі Маладыя будаўнікі.
Яшчэ ўспыхвае, быццам жар На кастрышчы, прыпеўкі рэха:
...Да мяне камісар На дрызіне ехаў...
— Што ты смуцен, Мікола Бусел? Добры жарт За язык не ўкусіць. До маркотаю назаляць! ...Так далёка да Беларусі — Нават гусі не даляцяць... Мо з таго й зажурыўся зямляк, Хоць звычайна ён усміхаецца, Кожны дзень пачынаючы так, Як галоўнае Пачынаецца.
...Ледзьве скоцяцца, Як са стрэх, З сопак познія яблыкі зорак, Залацінка ўзлятае ўверх, Як на спешным вяселлі корак.
Багна выдыхне і ўдыхне, Наспы шырачы, гул грамовы, Што таіўся ў яе на дне Ад перыяду ледавіковага.
вернуться

3

Кінарэжысёр В. Дашук перад паездкай на БАМ здымаў пра Красніцу дакументальны фільм.