Выбрать главу
Мы самі сваё прадказалі. Блукалі - кругамі сляды На дэкарацыйным вакзале. Адсюль не ідуць паязды.
Сюды не прыходзяць. Валодаць Нямашака чым, акрамя Чужога. Чужое - Валодзя - Гукаецца ў далях імя:
"Валодзя ты, Валодзенька, Хадзі ка мне зімой, Кахай, пакуль малодзенька, Харошы, мілы мой".
***
Адхiнецца вада ад зямлі - Да агню прыхінецца. Аблачынкаю стане, Растане... Вось - каханне. Гэты шлях мы з табою прайшлі.
***
Вечар у ветраным Віцебску - Ды не падмануць цябе Слёзы, што вецер мне выціснуў У развітальнай журбе.
Я з тваіх рук вырываюся, Як крыгалом па Дзвіне! Роспач, якой захлынаюся, Ды не падмане мяне.
Хай мы ўдваіх не падманемся Мройным імгненнем адным, Ценем, з якім абдымаемся I застаёмся ў якім.
Мы застаёмся ў ім, скрушныя, З тым, што прыснілася нам, З горадам, з храмам парушаным, З небам, што ўпала на храм.
Божа! Малюся ды каюся: Перад Тваім алтаром З рук Тваіх я вырываюся, Як па Дзвіне крыгалом! З ёй застаюся, знікаючы Зманлівым ценем начным, Роспачных слёз не хаваючы, Слёз невядома па чым.
СТАЎ
Басанож прайду па пожні Да мяжы, дзе цёмны стаў... Так настане дзень апошні, Як і кожны наставаў.
I ў замежнай той старонцы, Дзе я страчу ўсё і ўсіх, Не заплачу я па жонцы, Па каханках па сваіх.
А па кім жа я заплачу На мяжы, дзе цёмны стаў? А па Той, якой не бачыў, Той, што ў свеце не застаў.
Па адной нецалаванай, Той, якой не цалаваць, Па адзінай, неспатканай, Той, што Бог не даў спаткаць.
ІНДЫЯ
Паэма
1
У сны ўвайшлi твае сланы. Ступалi за сланамi сны I не належалi мне болей.
Іх сніў не ў сутарэннях болю, А ў храме радасці манах.
Я з босых ног ягоных прах, Схіліўшыся, сабраў рукамі, I прахам асвянціў чало...
I, паўшы ніц, спытаўся: - Свамі[9], Скажы мне: што са мной было?
2
- У сны твае ўвайшлі сланы, - Сказаў манах. - Але яны Сваім ісці павінны шляхам.
Чало, што асвянціў ты прахам, Вадой асвенчана святой.
Шлях з веры ў веру - шлях не твой.
3
"Чаму?" - спытаўся я не ўслых.
Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых, Чый шлях - зваротны. Да чужых Святых ты рушыў са сваімі".
"Святыя могуць быць чужымі?" - Здзівіўся я.
Нібыта ў шкло Задымленае, глянуў Свамі, I дым шкляны праплыў між намі, Пусты, як тое, што прайшло.
4
- Устань, - сказаў манах. - Ты ніц Дарэмна падаеш, прыкуты Да саркафагаў і грабніц Англійскіх могілак Калькуты.
Ты ў Індыі, - казаў мне Свамі, - Але дарма марнуеш дні, Упёршы вочы ў камяні. Пустыя сны пад камянямі.
Усе, хто зараз сніць іх тут, Дарма прайшлі свой шлях пакут, Канаючы ад малярыі.
- Не, - я сказаў. - Бо тут Марыя.
- Ты знаў яе? - спытаў манах.
5
Гаруда, белы Божы птах Ляцеў - далёка ад Калькуты, I двух аблокаў парашуты Нёс тым, хто страціўся ў гарах.
- Марыя, нам уніз пара, - Прасіў я, змучаны гарамі.
"Ты знаў яе?" - пытаўся Свамі.
6
Мандара, Божая гара Вяршыняй падпірала неба.
"Знямогшы без вады і хлеба, Аслепшы без павадыра, Зблукаўшы шлях - з якой пары я I для чаго я тут, Марыя?"
вернуться

9

Свамі - святы.