"Шлях з веры ў веру - шлях не той?"-
Спытаўся я,
і з вуснаў строгіх
Пачуў адказ: "Адзін са многіх".
22
- То ў чым віна мая, Марыя,
Калі парывы ветравыя
Нясуць, нібыта дым шкляны,
Душу
зблуканымі шляхамі?
23
- Перад усімі, - мовіў Свамі, -
Нябесныя шляхі віны.
Зямным - зямное.
Дзеці самі -
З малога цешацца яны. -
I шкло іскрылася між намі,
Клубіўся ў ветры дым шкляны.
- I Веда Вед,
I Вера Вер -
Хімерныя, калі на згубу,
Адняньчаны, ідзе да шлюбу
Паэт, англійскі афіцэр.
Калі спасцігнуць Веду свету
Жанчыну абірае лёс,
А тая таямніцу гэту
Лавінай кідае з нябёс
Пад ногі выхрысту-паэту,
То ўсё дарма: і рух, і мэта,
Куды б дарога ні вяла…
24
- Марыя, ты ўсё ж там была.
Скажы мне, што там?
- Дзе?
- У Бога.
- Нічога там няма. Дарога.
25
Сінеча холаду начнога
Над Гімалаямі плыла.
Сыходзіліся ў храм начны
Індусы -
там спявалі хорам,
Там пакланяліся яны
Таму, пра што і думаць сорам
У Англіі...
Крывёй жывой
Жыццё бруілася, як брага,
Густой хісталася травой
У хвалях Інда, водах Ганга,
Гатовае па волі Брамы
Само сабой ахвяраваць,
Яно глядзела ў вочы Ямы,
Не баючыся паміраць,
Спазнаючы сябе, вякамі
Зямную трушчыла кару
I ўзносілася ўвысь хрыбтамі
Высокай Хары і Меру,
Каб там, дзе ўжо няма нічога,
Дзе абрываецца дарога
I зноў вяртае на зямлю,
Змяя пацалавала Бога,
I Бог пацалаваў змяю.
26
- Злуеш, Марыя?
- Не злую.
27
Той афіцэр англійскі, той
Паэт, сасланы за разбой,
Сектантам стаў,
ахвяраваў
Марыю, што жыла ў Марыі,
Прызначыўшы яе кастру,
Як сам сканаў ад малярыі...
28
За ёй падняўшыся ўгару -
Адзін спускаўся ўніз з гары я:
"Марыя, калі я памру,
Дзе мы сустрэнемся, Марыя?"
- Тут, дзе маланкі шаравыя
Высокай Хары і Меру,
У храме, лотасам сагрэтым,
Дзе Вішну абвіла змяя;
Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым
Ёсць Індыя, адна планета,
I ўся астатняя зямля.
Чакай свой час, сваю пару.
29
- Марыя, калі я памру,
Ты скажаш, што там?
- Дзе?
- У Бога.
30
"Нічога там - адна дарога
Ды зор ахвярнае святло..."
31
- А ты 6 хацеў, каб там было
Што-небудзь? - запытаўся Свамі.
- Каб Індыя была...
32
Над намі
Нябёс задымленае шкло
Мігцела зорамі і снамі.
Са сноў сыходзілі сланы.
33
Ступалі след у след яны
На свой зваротны шлях.
Манах
Мне ў прыгаршчы насыпаў прах,
Сказаў: "Ідзі, нясі дадому,
Развей на родных берагах.
Не суддзі мы адзін адному".
- Марыя!.. -
голас у гарах
Прапаў, не чутны мне самому.
Гаруда, белы Божы птах,
Сарваў з Мандары
кветку сому
I кінуў на зваротны шлях.
БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ
Тая даўняя песня...
Яе ўжо няма каму помніць.
Ды і што ўспамiнаць! - там нішчымны адчай ды нуда,
Там галеча з галеч, шэры хлеб ды рудая вада,
Там не паліцца печ, і снягамі завальвае комін.
Праз гады і вякі колкі вецер штурхаецца ў спіну
На няўцямных шляхах, па якіх тая песня брыла.
Я адрыну яе!..
Ды як толькі збіраю сябрыну -
Звар'яцелай жабрачкай кульгае яна да стала.
З-пад яе лахманоў струпяннё праступае на скуры,
Таямнічыя знакі і клеймы распустваў і здрад.
Чорнай ямінай рота яна выдыхае панура:
- Можна ведаць наперад
толькі тое,
што помніш назад.