Выбрать главу
I ён накінуў на яе Апратку жоўта-залатую.
9
- А хто за мной? - Няма каму. - А спадарожнік мой? - Ён следу Твайго не ўбачыць, бо яму Час не настаў спасцігнуць Веду.
Ён вернецца. А ты - ідзі.
10
- Ты судзіш, Свамі? Не судзі, Я знаў яе, таго даволі.
Глядзі, як шкло іскрыць на сколе, Ды што ў тых іскрах для сляпца?
Зваротны шлях - сляпы. Ніколі Яго не пройдзеш да канца.
Па ім вяртаешся ні з кім.
11
Плыў над зваротным шляхам дым Ад Індыі да Беларусі... - Я не хачу ісці па ім, А незваротнага - баюся.
Шлях там, дзе ўперадзе - сляды.
12
- Той шлях, - сказаў манах, - нікуды, Па тых слядах мільёны люду Сышліся ў гурт, у гарады. У храмы іх, у іх суды Ты б з Індыі вярнуўся, ды Сюды прыходзяць адусюды - Адсюль ісці няма куды.
13
Я ўніз ішоў. Гара з гарою Перагукаліся, сырою Прасцінай поўз па схілах снег... Лавіна! Я дарма пабег Па камянях, па скалах слізкіх...
Дні прабягаючы, гады, Не змог я збегчы гэтак нізка, Каб падаць не было куды.
14
Лавіна падала - на схіле Раз'юшана, у самай сіле Дагнала, душна абняла.
- Марыя! - крыкнуў я. - Марыя!.. - I ўкрылі крык снягі сырыя.
15
Манах сказаў: "Яна дайшла Дарогай Вед амаль да межаў, З якіх звароту ўжо няма, А ты вярнуў яе. Дарма".
16
Я не вяртаў. Лавінай снежнай Яна вярнулася сама Па камянях, па скалах слізкіх.
17
- Ты дзе была, Марыя? - Блізка. - Чаму на могілках англійскіх На камені тваё імя?
- Бо шлях адолела дарма, - Сказаў манах. - Бо не жанчыне Пакінуць свет дарогай Вед, Бо светам стаўся ёй паэт Англійскі ў афіцэрскім чыне.
18
За нораў дзёрзкі і бунтоўны Ён з метраполіі раптоўна Адпраўлены ў Калькуту быў. Тут ён гібеў, страляўся, піў, Блукаў, зваротны шлях згубіў - I ў дом патрапіў малітоўны. Бог ведае, што за хімеры Жылі ў англійскім афіцэры, Ды выдумаў сабе паэт, Што вернецца місіянерам Дамоў, што прагне новай веры Стары ягоны добры свет.
Ён кінуў піць. Пісаў увішна Евангелле ад Рамакрышны, Ствараў хімеру: Веру Вер.
Як сноб, на англіцкі манер Хрыста аспрэчваў афіцэр.
Паслаў ерэтыка Ўсявышні У горы. Перад ім гара Мандара ўстала - брама ў неба. Аслаблы без вады і хлеба, Аслеплы без павадыра, Караскаўся ён за хімерай Дарогаю, якой не верыў, Бо верыць не прыйшла пара.
I скінула яго гара Лавінаю...
Яго ў снягах Знайшла Марыя ледзь жывога, Адняньчыла, нібы малога, I, не адпрэчыўшы зямнога, Згубіла свой нябесны шлях.
19
- Вам не ўзляцець, - сказаў манах, Пакуль зямля цяжарыць крылы...
20
...Яна знайшла мяне, накрыла Апраткай жоўта-залатой, Сказала: "За мяжой пустой Сырая снежная магіла - I ў ёй усё, што я любіла".
21
"Шлях з веры ў веру - шлях не той?"- Спытаўся я, і з вуснаў строгіх Пачуў адказ: "Адзін са многіх".
22
- То ў чым віна мая, Марыя, Калі парывы ветравыя Нясуць, нібыта дым шкляны, Душу зблуканымі шляхамі?
23
- Перад усімі, - мовіў Свамі, - Нябесныя шляхі віны. Зямным - зямное. Дзеці самі - З малога цешацца яны. -
I шкло іскрылася між намі, Клубіўся ў ветры дым шкляны. - I Веда Вед, I Вера Вер - Хімерныя, калі на згубу, Адняньчаны, ідзе да шлюбу Паэт, англійскі афіцэр.
Калі спасцігнуць Веду свету Жанчыну абірае лёс, А тая таямніцу гэту Лавінай кідае з нябёс Пад ногі выхрысту-паэту, То ўсё дарма: і рух, і мэта, Куды б дарога ні вяла…
24
- Марыя, ты ўсё ж там была. Скажы мне, што там? - Дзе? - У Бога. - Нічога там няма. Дарога.
25
Сінеча холаду начнога Над Гімалаямі плыла. Сыходзіліся ў храм начны Індусы - там спявалі хорам, Там пакланяліся яны Таму, пра што і думаць сорам У Англіі...
Крывёй жывой Жыццё бруілася, як брага, Густой хісталася травой У хвалях Інда, водах Ганга,
Гатовае па волі Брамы Само сабой ахвяраваць, Яно глядзела ў вочы Ямы, Не баючыся паміраць,
Спазнаючы сябе, вякамі Зямную трушчыла кару I ўзносілася ўвысь хрыбтамі Высокай Хары і Меру, Каб там, дзе ўжо няма нічога, Дзе абрываецца дарога I зноў вяртае на зямлю, Змяя пацалавала Бога, I Бог пацалаваў змяю.
26
- Злуеш, Марыя? - Не злую.
27
- Адзін адному вы не суддзі, - Сказаў манах. - Яна праз суцці[10] Прайшла, застаўшыся ўдавой.
Той афіцэр англійскі, той Паэт, сасланы за разбой, Сектантам стаў, ахвяраваў Марыю, што жыла ў Марыі, Прызначыўшы яе кастру, Як сам сканаў ад малярыі...
28
За ёй падняўшыся ўгару - Адзін спускаўся ўніз з гары я:
"Марыя, калі я памру, Дзе мы сустрэнемся, Марыя?"
- Тут, дзе маланкі шаравыя Высокай Хары і Меру, У храме, лотасам сагрэтым, Дзе Вішну абвіла змяя;
Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым Ёсць Індыя, адна планета, I ўся астатняя зямля.
Чакай свой час, сваю пару.
29
- Марыя, калі я памру, Ты скажаш, што там? - Дзе? - У Бога.
30
"Нічога там - адна дарога Ды зор ахвярнае святло..."
31
- А ты 6 хацеў, каб там было Што-небудзь? - запытаўся Свамі.
- Каб Індыя была...
32
Над намі Нябёс задымленае шкло Мігцела зорамі і снамі.
Са сноў сыходзілі сланы.
33
Ступалі след у след яны На свой зваротны шлях. Манах Мне ў прыгаршчы насыпаў прах, Сказаў: "Ідзі, нясі дадому, Развей на родных берагах. Не суддзі мы адзін адному".
вернуться

10

Суцці - абрад спальвання ўдавы ў дзень пахавання мужа.