Выбрать главу

У аснове аповесці — трагічны лёс самага старэйшага пісьменнікавага брата Валодзі, якога «закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам ў калгасе».

Усё пачалося са званка з Кіева. 23 сакавіка 1989 года патэлефанаваў украінскі карэспандэнт «Литературной газеты» і паведаміў, што пры эксгумацыі парэшткаў сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўні (украінскі адпаведнік Курапатаў), знойдзены быў муштук з надпісам: «Брыль В. А. 16.ІХ.1937 г.». Пра смерць брата Янка Брыль даведаўся пасля вайны. У 1957 годзе ваенны трыбунал Кіеўскай ваеннай акругі справу перагледзеў і пастанову тройкі адмяніў «за отсутствием состава преступления». Але званок з Кіева ўскалыхнуў душу пісьменніка, прымусіў яшчэ раз звярнуцца да гэтай гісторыі — лёсу брата, больш уважліва на ўсё паглядзець. Брыль пачынае шукаць, апытваць, высвятляць, едзе ў Кіеў, у Быкаўню, знаёміцца са сведчаннямі тых, хто ведаў брата ў час працы, тых, хто з ім быў разам у турме, гутарыць з чыноўнікамі з адпаведных ведамстваў, праглядае некаторыя дакументы па справе. І чым далей, тым больш тагачасныя падзеі бачацца балючымі, да неверагоднасці жахлівымі.

Галоўная братава віна — «шпіянаж на карысць Германіі». Яе ён прызнаў, прызнанне «выбіта было катаваннямі». «Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны». Далей — болей: «быў жа яшчэ і нагавор» на таварыша па працы. На абурэнне таго, як жа ён так зрабіў, адказаў: «Если бы тебя так избивали, как меня, ты ещё не то сказал бы». Пісьменніку цяжка ўсё вытлумачыць. Ён цытуе В. Шаламава, А. Салжаніцына. У канцы прызнаецца: «Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, і мне яго, роднага, вельмі шкада».

Ды змест твора, яго сутнасць не зводзіцца да адной трагедыі. Сама братава трагедыя дазволіла ўбачыць, адчуць трагедыю краіны, народа. За ёю — зламаныя лёсы людзей, пакалечаныя, знявечаныя, разбурэнне сем'яў, грамадства.

«Пры той жахлівай масавасці генацыду — у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага. Апроч цуду з імянным муштуком, цуду — аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. І мне так неабходна найясней убачыць, як расказаць пра гэта — пра звычайнасць і незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, і найлепш відно, як гэта жудасна — замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала — адзін. А ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. А ў душы найраднейшай — у матчынай?»

Брыль змог перадаць гэты «цэлы свет болю», болю асабістага, болю родных і блізкіх, болю агульнага. І надзвычай характэрна, што ў гэтым творы, творы пра такі няпросты чалавечы лёс, для самога аўтара асабіста вельмі балючы, ён не хаваецца за нейкую падстаўную асобу, не перадаручае такую нялёгкую размову з чытачом апавядальніку прыдуманаму, старонняму. Адкрыта, шчыра, не хаваючы болю, недаўмення, шкадавання, пісьменнік сам расказаў пра ўвесь жах гэтай трагічнай гісторыі. Тон узяты высокі, чысты. І вытрыманы ён да канца. Аповесць успрымаецца як своеасаблівы мастацка-паэтычны рэквіем.

Пасля гэтай аповесці з'явіліся і з'яўляюцца новыя творы. Творы праўдзівыя, шчырыя, чыстыя, напоўненыя любоўю і павагай да чалавека, пранізаныя святлом захаплення прыгажосцю навакольнага свету.

Ёсць у Янкі Брыля характэрная для разумення сутнасці ягонай творчасці мініяцюра. Ён там піша: «Чытаю гісторыю, думаючы пра змены фармацый, стагоддзі… І раптам яскрава, міжволі ўбачыў нястомную бабку Прузыну або Агату — як яна дробна, мільгаючы чорнымі, парэпанымі пяткамі, ідзе, спяшаецца ў поле ці з поля, дзе толькі праца ды праца… Дзеля кавалка яшчэ ўсё не вельмі шчодрага хлеба.

Бабка прайшла ўслед за многімі. Зямля ўсё круціцца, ідуць другія бабкі…»

Тут адказ-развага на самае істотнае жыццёвае і эстэтычнае пытанне. Думаючы пра вечнае, дбаючы пра агульназначнае, бачыць штодзённае, сённяшняе, цікавіцца звычайным, простым. Ды не проста бачыць, цікавіцца, холадна канстатаваць. А адчуць сэрцам, усвядоміць розумам. Адчуць і ўсвядоміць ў прасторы і часе, у пастаянным руху.