Выбрать главу

Здарылася так, што ў тыя ліпеньскія дні я злёг у вёсцы ад нейкага віруса, дзён колькі ныў у нязвычна высокай тэмпературы, і жонка, вярнуўшыся з Менска, застаўшы мяне хворага, не адразу паведаміла пра страшнае. Гэта было пад вечар 27-га. А ў дзве гадзіны поўдня, яшчэ адзін, у пэўным прасвятленні, я ўключыў транзістар, узяў пасля Менска Варшаву, дзе якраз дванаццаць, і пачуў адтуль славуты кракаўскі «гейнал».

Хай мне прабачаць тыя, хто гэта ведае і сам, — сказаць трэба для тых, хто не ведае. «Гейнал» гэты, шчымліва прыгожы, глыбока гістарычны голас горна з акна высачэннай вежы Марыяцкага касцёла, гучыць на ўсе чатыры бакі свету кожную гадзіну. І кожны раз мелодыя яго абрываецца недагукам. На ўспамін пра тую татарскую стралу, што — па легендзе — упілася ў напружанае горла гарніста ў адзін з жахлівых для стольнага Кракава дзён 1241 года. Я гэты «гейнал», — хвалюючы, радасна-ўрачысты, з сямівекавым абрывам ў канцы, — ведаю яшчэ з тых даваенных, заходнебеларускіх дзён, калі і ў нашу хату маленькім і вялікім цудам прыйшоў чорны эбанітавы радыёпрыёмнічак з навушнікамі. Чуў яго потым і непасрэдна, у Кракаве, то знарок, то міжвольна спыніўшыся на прасторнай, гладка забрукаванай плошчы, з найбольшай сілай адзначанай тою плітой з надпісам, на месцы якое наш высакародны, палымяны зямляк Касцюшка, паўстаўшы на няроўную барацьбу, прысягаў сваю вернасць паняволенаму народу.

«Гейнал» гучыць, лунае з аднаго акна. Пасля чуваць завучана мерны крок гарніста, які няспешна ідзе да акна другога. Потым ён нясе свой урачысты голас да трэцяга, да чацвёртага…

Гэтак чуваць мне па радыё. Я слухаў, лежачы, і ўжо не першы раз успомніў, што туды, на тую касцельную вышыню — 222 крутыя прыступкі — да тых гарністаў аднойчы цудам, праз усе забароны, трапіў і беларус. І гэта быў вясёлы беларус, адзін з нашых найлепшых, калі не найлепшы апошнім часам знаўца сваёй і суседскай гісторыі. Не ведаю, чуў ужо ён тады ці не чуў, што гэты ж хмельна-вясёлы подзвіг зрабіў да яго вельмі дастойны польскі аптыміст і рызыкант паэт Галчыньскі, пан і таварыш Канстанты Ільдэфонс, высокай пробы слова якога Караткевіч ведаў і любіў. Ну што ж, з усмешкай думаў я, слухаючы песню горна, не важна, што быў папярэднік, — так ці так, а яно і ў нашага рызыканта зрабілася молада ў кожным узросце.

Бог мой, і гэта ўсё — думкі, усмешкі мае — было якраз у тыя хвіліны, калі за сто кіламетраў, у Менску, якраз пачалося жалобнае развітанне. З тым, каго і я любіў, люблю, як дарагога, нялёгкага, светлага, незабыўнага брата…

Яшчэ праз два дні мне сказалі ўсё, паказалі газету з некралогам.

2

Пра нашу першую сустрэчу і знаёмства ён пісаў у згаданым ужо юбілейным «штрыхавым партрэце» пад назвай «Мой друг і мая зямля», назвай, якая тады, на старонках «Маладосці», здалася мне хоць і прыемнай, але залішне ўзнёслай. Што ж, па-ягонаму. На той, улетку І955-га, нарадзе маладых пісьменнікаў я не быў, прыехаў з Нарачы, калі яна ўжо закончылася. Аднак да сустрэчы з Караткевічам паспеў пачуць пра яго, як пра найцікавейшага з маладых. А сустрэліся мы ў кнігарні, дзе ён здзівіў мяне і маладым, свабодна гучным беларускім голасам у размове з прадаўшчыцамі, і колькасцю купленых кніг, і сваім адметным выглядам высока-танклявага юнака, маладзейшага за свае, як потым стала мне вядома, дваццаць пяць.

Гадоў праз дваццаць, а то і больш, на адной з менш вясёлых сустрэч, я спытаўся ў яго, ці памятае ён таго ўкраінскага вясковага настаўніка, пачынаючага беларускага паэта, неацяжаранага, імклівага ў юначай захопленай чысціні, — ці добра памятае сябе з тых дзён, калі прыйшоў да ўражанага чытача першай кніжкай паэзіі, а неўзабаве і прозы, калі пісаў сябрам, і маладым, і старэйшым, поўныя і перапоўненыя гумарам, розумам, аптымізмам пісьмы, калі бываў у іх сем'ях жаданым, у кожны дзень святочным госцем?.. Не зазлаваў Валодзя ад гэтага няментарскага пытання, толькі пасумнеў ледзь не да слёз у вялікіх вачах, пачаў, як і ўсе мы, раздражнёна шукаць прычын перш за ўсё толькі звонку. Хоць і было тых вонкавых, «аб'ектыўных» прычын вельмі нямала, як на аднаго, няхай сабе і дужага.

Няўжо так было заўсёды і так заўсёды будзе, што некаторым з найбольш таленавітых трэба прабівацца да чытача з незвычайнымі цяжкасцямі ды перашкодамі, як потым акажацца — лішнімі і шкоднымі не толькі для носьбіта таго жывога агню, але і для сапраўднай літаратуры? Потым акажацца… А тое потым прыходзіць не толькі позна, але ж і запозна. І вінаватых як быццам няма…

Кнігу «Нельга забыць» вышэй я назваў шматпакутнай. Паміж яе часопіснай публікацыяй і першым асобным выданнем прайшло больш за дваццаць гадоў. Перачытваеш цяпер і дзіву даешся, чаго, за што, навошта чапляліся да кнігі адкрытыя ды закрытыя выдавецкія рэцэнзенты, куды глядзела само выдавецтва, чаму не больш настойліва змагалася за правы таленту пісьменніцкая грамадскасць? Раман «Каласы пад сярпом тваім», у якім з дыстанцыі, пры перачытванні, яшчэ больш удзячна бачыцца ва ўсёй гістарычнай грунтоўнай эпічнасці яшчэ і чыстата, шчырасць захаплення, мудрасць высокай чалавечнасці, — раман гэты трэба было прабіваць згуртаванымі сіламі літаратараў і навукоўцаў. З няменшым націскам прабіванне ішло і ў Маскве, дзе ў адным шаноўным выдавецтве мне давялося пачуць, што Караткевіч, — аўтар двухтомных «Каласоў…», «Дзікага палявання караля Стаха», яшчэ некалькі ёмкіх аповесцей, многіх яркіх апавяданняў, вершаў, нарысаў, п'ес, — што Караткевіч, бачыце, «не дарос да асобнай кнігі»!.. Такога могуць дамагчыся крыкуны ды шаптуны, зайздроснікі ды «знаўцы»!.. Крыху пазней паэтычная аповесць, а то і паэма ў прозе — «Чазенія», першая Валодзева кніга прозы ў перакладзе на расейскую мову, пабіла ўсе шматгадовыя рэкорды па колькасці чытацкіх пісьмаў у выдавецтва «Молодая гвардия» і, дзякуючы гэтаму выданню на мове нашых братніх кантактаў, неўзабаве сіганула за Пірэнеі, да чытача іспанскага.