Выбрать главу

Дзядзька Алесь успамінае вайну, гераічныя ўчынкі. «А потым аднойчы ён уздыхнуў, памаўчаў і як выстагнаў:

— Божа мой!.. Божа мой!.. Рукі, ногі, галовы — навалам!.. І кішкі на дроце… Людзі — людзей, чалавек — чалавека!..»

Твар сяброўкі героя-апавядальніка Мані Вароны «быў скарэжаны ад выбуху той „бомбачкі“, якую два хлопцы разбіралі, а яна, таксама смелая, толькі глядзела». Яе бацька, «прастадушны дзядзька Цыбук, гаварыў неяк нашай маме:

— Бяда такая, Ганно. Каб гэта ж цяля ці аўца, то чалавек прадаў бы ці дарэзаў бы, а гэта ж дзіця…»

Пачатак твора светлы, паэтычны. У такім эмацыйным ключы пачынаецца аповед-успамін пра далёкае мінулае. Паступова межы ўспаміну пашыраюцца. Навакольны свет паказваецца не толькі праз успрыманне хлопчыка, але і праз успаміны чалавека сталага. Завяршаецца твор на драматычнай ноце, драматычнай сцэнай пра тое, як дарослыя, гуляючы, «дзеля дурнога, дзікага смеху», страўлівалі на бойку двух хлопчыкаў-бязбацькавічаў — Валодзю Казака і Толю Немца…

Ва ўсіх гэтых творах заўважаецца скупасць матэрыялу, аўтаравых заўваг і рэмарак, адсутнасць разгорнутых апісанняў абставін, відаць глыбокі роздум над трагедыяй. Тут факт гаворыць сам за сябе. Ён не патрабуе ўпрыгожвання, лішніх слоў; фарбы могуць толькі размыць яго строгія контуры, зацьміць суровую натуральнасць жыццёвых колераў. Факт гэты значны, велічны чалавечым зместам. Напэўна, істотнае значэнне мела тут праца (сумесна з Алесем Адамовічам і Ўладзімірам Калеснікам) над унікальнай кнігай «Я з вогненнай вёскі…»

Дваццаць італьянскіх салдатаў адмаўляюцца страляць у мірных жыхароў вёскі, жанчын і дзяцей. Дваццаць не захацелі цаной нявіннай крыві вяртацца ў сваю непаўторна прыгожую краіну. Яны загінулі («Дваццаць»).

Гіне стары, гіне разам з роднымі, суседзямі, з усімі добрымі людзьмі. Ён не хоча жыць адзін, не хоча жыць, калі гінуць людзі ягонай вёскі, не хоча прымаць літасць ад катаў. І ён згарэў, адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. І ён жыве («Memento mori»).

Ідзе на смерць маці. Ідзе ціха, спакойна, як і жыла, трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі… мазалямі да мазалёў». Ідзе і моліцца, як вучыла яе яшчэ мама. Моліцца «і за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе…». Ідзе толькі таму, што ў яе вялікае чалавечае сэрца, поўнае любові, пяшчоты і шкадавання да дзяцей, сваіх і чужых («Маці»).

Светлы высакародны вобраз Маці праходзіць праз усю творчасць Янкі Брыля. Гэта яна, не дасыпаючы начэй, зберагаючы кожную капейку, выводзіць дзяцей у вялікі свет. Гэта яна вучыць любіць і шанаваць роднае слова, бацькоўскую зямлю і свой родны Край. Гэта яна з'яўляецца носьбітам дабрыні, прыгажосці, чалавечнасці.

Таму нездарма Брыль, пісьменнік з выключна абвостраным пачуццём прыгажосці і справядлівасці, зноў і зноў звяртаецца да маці як увасаблення ўсяго самага сумленнага, прыстойнага і светлага ў жыцці.

І зразумела ж, што калі Янка Брыль пісаў і піша пра маці, то бачыць перад сабою, мае на ўвазе сваю родную матулю.

«На долю яе прыйшлося чатыры вайны, тры рэвалюцыі, дзесятак перамен улады, семдзесят шэсць год прасніцы, сярпа і цэпа, трохі песняў ды смеху, куды больш думак, чакання і слёз. Абедзве дачкі аўдавелі амаль услед за ёю. З пяці сыноў, што выжылі да сталага ўзросту, усе пяць былі, кожны ў свой час, салдатамі, чатыры ваявалі ў трох войнах, два былі ў варожым палоне, два — праз памылку — сядзелі ў роднай турме, трэці, за праўду, у панскай, аднаго, найстарэйшага, з'еў трыццаць сёмы год…

Я ведаю — гэта яшчэ далёка не найгорш. Я мог бы расказаць і, можа, раскажу пра пакуты іншых, знаёмых мне маці, — непараўнана большыя, чым выпалі на долю маёй» («Ты жывеш»).

Увогуле ж, калі паглядзець на творчасць пісьменніка ў плане суаднесенасці ў ёй моманту аб'ектыўнага і суб'ектыўнага, гэта значыць суаднесенасці рэальных жыццёвых фактаў і асобы аўтара, то вельмі выразна і адчувальна можна ўбачыць: піша ён галоўным чынам пра тое, што рэальнай жыццёвай асновай звязана асабіста з ім, з ягонымі роднымі і блізкімі.

З гэтым звязаны, а магчыма, гэтым абумоўлены і характар творчасці — лірычна-суб'ектыўны, дзе апавяданне вядзецца найчасцей ад першай асобы і ў ёй (гэтай асобе) — у лірычных і публіцыстычных адступленнях, у моцнай эмацыйнай насычанасці — выразна бачыцца аўтар, дзе ў разгортванні дзеяння, у арганізацыі сюжэта — не адналінейная прычынна-вынікавая храналагічная паслядоўнасць, а дзе ўся сістэма фактаў і падзей падпарадкавана выяўленню аўтаравай думкі-пераражывання.