І пасля таго суму і жаху, які найшоў быў на іх у хаце, яны зразу адчулі ў сабе прыліў вясёласці.
«Усё тое» асталося там, у хаце, гаварылі ў іх усе пачуцці, а тут «нічога гэтага» няма, усё звычайна.
Угледзеўшы, што малодшы нешта падкладае жанчыне пад галаву, Кузьма ў нейкім дзікім захапленні закрычаў весела і моцна:
- Эй, ты там, камсамол, давай там якую-небудзь раду!
І потым, засаромеўшыся гэтае свае выхадкі, вінавата выскачыў за вароты. Там стаяў Улас і ўсё тупаў нагамі на адным месцы.
Скрыпнулі вароты, і на вуліцу выйшаў жабрак, шэры і незаметны ў змроку.
- Слухай, ты, - сказаў яму Кузьма, - чаго ўцякаеш, спаў бы сабе там.
Жабрак нічога не адказаў, а крута павярнуўся і пайшоў хутка ў другі бок, не аглядаючыся.
І ўсё думаў: «Скарэй бы далей адысці, а то яшчэ дагоняць ды абвінавацяць.. Нешта нейкае робіцца - уцякаюць, крычаць, стогнуць... Добра, што хоць выбраўся адтуль».
І нейкая буйная радасць саўсім ахваціла іх. Яны на хвіліну аж прыпыніліся сярод двара, як бы разбіраючы, дзе яны і што з імі робіцца. І захацелася ім абодвум тады крычаць моцна або спяваць. І яны хутка пайшлі к варотам. Каля крайняга ад варот акна Кузьма прыпыніўся і глянуў скрозь асвечаную шыбу ў сярэдзіну хаты. Там, нагнуўшыся над жанчынай, стаялі ўжо ўсе трое - Мікітка і яго два спадарожвікі.
І яшчэ хутчэй ён заківаўся па дарозе. А Ўлас і Кузьма пайшлі ў бок вёскі. Яны не аддавалі сабе адчоту, чаго яны ўцякаюць, ад чаго ім так весела. Хутка ішлі яны; мінулі скора вёску і пайшлі палямі, самі не думаючы, куды - куды прывядзе дарога. Кузьма не думаў ужо ні аб гаспадарцы, ні аб спакойным жыцці дзе-небудзь у вёсцы. І было ў іх у абодвух такое пачуццё, хоць і зімою цягацца па ўсякіх глухіх кутках, хоць вечна так вандраваць, абы быць далей ад усяго таго, што нават падобна да смерці. Усё іншае не мае ніякае вартасці, абы толькі жыць, жыць...
А ў той самы час у карчме было вось што: рыжы ўвайшоў у палавіну, дзе былі начлежнікі.
- Паўцякалі, - сказаў ён дрыжачым голасам, агледзеўшы вакол хату. - Паўцякалі, - яшчэ раз паўтарыў ён і, як бы ад слабасці, сеў на лаўку каля парога і маўчаў.
- І гэтыя збіраюцца ўцякаць, - яшчэ сказаў ён, бачачы, што павятовыя нешта збіраюцца рабіць - тупаюць каля хворай і на хаду адзяюцца.
- Ідзі, Мікітка, запрагай, - сказаў старэйшы.
- Давай ключы, рыжы, - ухмыльнуўся Мікітка і пайшоў на двор.
А тыя два сталі гаварыць між сабою.
- Дык як жа мы яе паложым?.. - сказаў старэйшы.
- Возьмем у яго больш саломы, - кіўнуў галавою ў бок рыжага малодшы, - усцелем воз і так павязём. А самі як-небудзь. Да раніцы заедзем у горад, а там зразу ў больніцу паложым.
На тварах іх таксама свяціўся ні то нейкі страх, ні то нейкая непрыемнасць, але і нешта другое было ў рысах іх твараў.
Можна было, прыгледзеўшыся, угадаць іх настроі.
Чалавек павінен перамагчы ўсё, што толькі ёсць на свеце; нават і тое, што палажыла свой страшны адбітак у вочы кабеты.
І яны спакойна збіраліся ў дарогу.
- Браточкі ж мае, - загаварыў раптоўна рыжы, скочыўшы з лаўкі, - гэта ж вы яе з сабою заберацё. Я хоць пабягу вароты вам адчыню, а то адна фортка, ліха ёй, як ні круці, усё роўна зачыняецца назад, і ў поўначы можна калясом учапіць.
І ён у звярыным захапленні, без ніякай свядомасці, забегаў па хаце, блытаючыся ў словах, няведама дзеля чаго расказаў, як у яго летась рабілі вароты і адну фортку кепска зрабілі, потым перавярнуў сваю гаворку на тое, што гэтай восенню ў яго падохла многа гусей. Не замячаючы ўсмешак на тварах слухачоў, ён пабег скоранька памагаць Мікітку запрагаць коні. Паадчыняў ён усе хлявы, шукаючы Мікіткавых хамутоў, і ніяк не мог супакоіцца. Як праз туман бачыў ён, як тыя двое вынеслі жанчыну, палажылі на воз і сталі ўкрываць кажухамі. Ён радасна бегаў вакол воза і ўсё стараўся памагаць, але толькі замінаў усім...
Мікітка порстка ўскочыў у перадок воза, дзе ўжо, цесна прытуліўшыся адзін к аднаму, сядзелі яго спадарожнікі, і пагнаў коні. За варотамі ён моцна свіснуў; коні ва ўвесь дух рванулі па сухой дарозе.
Рыжы не зачыніў нават варот, а пайшоў зразу ў хату. І ўсё хадзіў там з кутка ў куток, не ведаючы, што яму рабіць ад дзікае радасці, якая раптоўна захапіла яго. Ён ужо не думаў аб тым, што з адчыненых хлявоў павыходзілі на двор яго коні, каровы і авечкі, што могуць яны пацягнуцца куды-небудзь у поле і прапасці там. Яму было не да гэтага.
Спявалі пеўні ў вёсцы, скрыпеў ужо недзе калодзеж, а ён усё хадзіў па хаце, без ніякіх думак, увесь ахоплепы наплывам радасных пачуццяў.
І ўвесь астатак ночы было ў яго такое ўзбуджэнне.
Даўгія асеннія ночы.
Пільшчыкі ўжо дзесяць вёрст адышліся ад вёскі, а толькі яшчэ світаць пачало.
Збоку дарогі, каля кустоў ядлоўцу сталі яны супачыць і агледзецца пасля свайго нервовага ўзбуджэння. Новы дзень нараджаўся светлым і вясёлым. Ужо трапяталіся светлыя колеры на ўсходняй старане неба; кусты аддавалі сухім, халодным пахам, палі, пустыя і вялікія, поўны былі дрымотнай асенняй цішы.
На дарозе застукалі калёсы. Пільшчыкі азірнуліся.
Прытуліўшыся адзін к другому, трасліся ў цесным перадку «павятовыя начлежнікі» рыжага - высокі чорны камуніст і нізкі, чырвоны ад холаду, камсамолец.
Укрытая кажухамі, ляжала на возе хворая жанчына. На самым перадзе на каленях стаяў Мікітка і з усіх сіл гнаў коні.
Пільшчыкі пастараніліся; яны саўсім зышлі ў бок ад дарогі.
Мікітка махнуў пугаю, свіснуў на коні, хітра і весела падміргнуў у бок пільшчыкаў, нясмела пазіраўшых на дарогу.
1924
Па дарозе
I
Зямля - як размах чалавечай радасці - шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Адчуваецца яна цвёрдасцю пад нагамі і вострым пахам сваім ад вільгаці летняй ночы.
Цяжкія хмары нізка валакуцца над ёю і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу, а пасля адпоўзваюць на далёкую мяжу неба і поля і варушацца там дзівоснымі абрысамі ў густой сваёй чарнаце.
Канца-краю зямлі не відаць, таксама, як і неба над ёю. Зямля - як чорная прастора, прыціснутая хмарамі і маўклівая ад іх. У цемені палёў прытаіліся ціхія вёскі і слухаюць: з самага вечара дзьмуў вецер, і над полем плылі ціхія песні травы, а пасля, як нагнаў вецер хмар, адышоў, і адно слухаць засталося вёскам - шырокую маўклівасць глыбокай ночы.
На зямлі дарога, як само жыццё: відна толькі каля ног, але ж і заве-зазывае яна ўдаль. Усё едзеш і едзеш па ёй, і з кожным крокам яна ўсё новая праходзіць пад нагамі, і здаецца, што наперадзе там, за нечым няясным, дзівосным і далёкім, будзе нешта надзвычайнае, а тым часам - там кусты ды поле.
І ўяўляецца, што гэта хмары ўсё больш пачынаюць збірацца там, куды ідзе дарога, што іх ужо там многа, усё там чарней, як усюды, і няма туды ходу. А як дабярэшся туды - зямля там родная, шырока-вольная, хмары адпаўзлі наперад, і зноў можна ісці з радасцю ў бяскрайніх прасторах.
Вільготная зямля глуха аддае стукам пад калёсамі і капытамі коней, са стукам мяшаюцца дробныя званы жалеза ці бляхі вазоў, і яшчэ галасы людской гаворкі ды крыкі на коней, як зыкі кропель вады з дзіравага вядра ў ціхую ноч пры студні.
Едуць фурманкі па цёмнай дарозе; ззаду следам навісае вялікая ноч, наперадзе паўзе яна, як бы хітра паманьваецца.
Ні зямлі, ні неба не відаць.
На пярэднім возе ехаў Алесь Мяльгун - шырокі ў плячах і высокі хлапец. Гэта яго голас мацней за ўсё чуўся, калі ён падганяў свайго каня. З задніх фурманак яго постаць вырысоўвалася шырокаю цёмнаю лапінаю, і голас выяўляў многа гордасці сабой, усім тым, што і як ён робіць.
І яшчэ дзяўчына сядзела з ім.
На другой фурманцы ехаў Павал Грыбок - хлапец з танклявым хрыплым голасам. Ён часцей за Алеся Мельгуна гукаў на свайго худога коніка, каб той не аставаўся ад сытага пярэдняга каня. У голасе яго адчувалася наіўна-сталая ўпэўненасць, што, вось, раблю я так, як і ўсе, разам з усімі я еду, хоць зусім яшчэ малады, яшчэ нават з падлеткаў не выйшаў, а так, як і іншыя, - сталы гаспадар.
З свайго воза Павал Грыбок добра бачыў, як Алесь Мяльгун часта прытульваў да сябе дзяўчыну і чуў, як яны паціху гаварылі.
З задняй фурманкі насмешна далятаў да Паўла грубы і зычны, як брэх здаровага сабакі, голас Сёмкі Цераховіча:
- Павал, паглядзі, як галубкі буркуюць.