Выбрать главу

Наперадзе трос сытым задам конь Алеся Мельгуна, ззаду не адставалі два худзенькія конікі Паўла і Сёмкі. На пярэднім возе гойдалася ў бакі постаць дзяўчыны. Была яна маленькая, тоўсценькая, галава, абкручаная белым тоўстым шалем, надавала ёй мажны выгляд. І постаць яе радавала вока. Месяц асвяціў людзей на заднім возе. Быў вясёлы Алесь Мяльгун, усміхаўся ён шырока, таксама весела ўсміхаўся, але з нейкай зайздрасцю, Сёмка Цераховіч. Тодар пабліскваў вачыма з-пад пасівелых броваў на пажоўклым твары, ды хмуры Павал маўчаў, затаіўшы на дробным, вострым і худым твары жаданне дзе-небудзь дзецца ад гэтых людзей.

II

Насця паволі падганяла Алесевага каня, гукала часам на яго слаўным жаночым голасам. У чорным кароткім каптане яна здавалася тоўсценькаю, порсткаю, і на твары яе гуляла журботная і вясёлая дзявочая задумёнасць, якою дзяўчына заўсёды вабіць да сябе. Яна адчувала, што пра яе гавораць на задняй фурманцы, і ў яе з'яўлялася хваляванне, што вось яна прымушае цэлую ноч гаварыць людзей, адных быць вясёлымі, другіх сумнымі.

Было адно ёй спачатку нядобра трохі перад Паўлам, з якім неспадзявана давялося з'ехацца, выязджаючы вечарам з вуліцы. А пасля гэта прайшло, бо не ведала яна, што ў Паўла на душы. Успаміналася ёй, як яна зімою дражніла Паўла каханнем, думаючы, што ў Паўла, апроч гуллівай вясёласці, нічога ад гэтага не будзе. І цяпер не ведала, што цяжка Паўлу бачыць яе, таксама як не ведаў, не думаў Алесь Мяльгун, што цяжка Паўлу ад кпінаў.

Ды яшчэ трохі было сорамна дзяўчыне перад усімі ўжо, што на Алесевым возе едзе яна, хоць і ведала, што ўсе гавораць аб іх блізкасці, ды яшчэ дагадвалася, што там, ззаду, ведаюць, што яны з Алесем едуць у горад купляць усё к свайму вяселлю. Ведала, што Сёмка з Тодарам едуць мяняць каня, а то вельмі ж ужо нядужы, стары і худы Сёмкаў конь. Не ведала адно Насця, што Павал едзе да доктара.

І былі ў яе настроі гуллівыя і журботныя, радасныя. Ёй было весела ад таго, што дражнілася яна зімою каханнем з Паўлам, было трохі шкада яго, што ён вельмі ж моцна кашляе. Але ўсё было светла і добра. І ўжо зусім затапляла ўсе пачуцці нявыказаная словамі вялікая радасць, што вельмі ж вось падабаецца Алесь; што яны ўдваіх едуць на яго возе купляць, што ім патрэбна, што можа яна паклікаць яго, здаровага, кплівага над усімі, і ён ціха прыйдзе да яе.

Весела было глядзець на чыстае ўжо неба, слухаць гулкія песні маладога ветру на пахучых засевах грэчкі. Яна азірнулася назад і бачыла: Павал ужо ідзе, паволі калываючыся каля свайго воза. І ўявілася ёй, што гэта Павал рады ад таго, што едзе ў горад уладзіць нейкія свае справы. Ёй захацелася заспяваць што-небудзь ціхае, радаснае, або зусім гуллівае. От так, як яснымі вечарамі ў залатую восень спяваюць гуртам дзе-небудзь каля канцавой хаты.

Што за месяц,

Што за ясны...

Або зусім новы ў вёсцы матыў песні:

Гэй вы, коні вараныя,

Грывакі мае!..

Ні то драмаць, ні то моўчкі слухаць ноч пачала Насця.

Тады з'явілася была ў Паўла думка падысці да яе і пагаварыць з ёю. А як ступіў ён два крокі наперад, асядаць і гінуць пачала гэтая думка.

- Няма пра што мне з ёю гаварыць, - зусім моцна сказаў Павал.

- Што ты кажаш? - дакаціўся голас ззаду.

- Нічога, дзень нахапіўся, - адказаў Павал і сцебануў пугаю каня па худых рэбрах.

«Вельмі ж на полі ўрадзіла ярына», - падумаў ён невядома чаму. А пасля ўцякла і гэтая думка, і ўявілася, што доктар, да якога едзе ён, павінен быць чалавекам вельмі сталым, але нейкім такім, якому можна і нават трэба сказаць пра ўсё, нават пра Насцю, што яна гэткая любая, але ж вельмі далёкая, і што таму аж нічога рабіць не хочацца.

«Яно ўсё пройдзе, - з'явілася новая думка, - усё забудзецца, а жыццё будзе яшчэ доўгім, бо ад грудзей, што баляць, ніхто не ўміраў ніколі, здаецца. Многа яшчэ будзе думак новых і навін за жыццё, адно вось, аднаму, мусіць, давядзецца, пахаваўшы матку, або перацягнуць на гэтую гаспадарку сястру з мужам з суседняй вёскі... А ўсё ж яно слаўна гэтак ехаць, а пасля вечарам назад; адчуваць волю поля, слухаць, як у вёсках пры дарогах спяваюць пеўні, і гэтакі ясны змрок ляжыць на дарогах... І нічога не зробіцца ў жыцці таго, чаго не зробіцца».

Нават і не думка гэта была, а пачуццё.

Зусім пачынала віднець, а на полі разгуляўся радасны вецер.

III

У тую раніцу ў вёсцы яшчэ прыцемкам устала жанчына. Было шмат работы адной у хаце.

«Хаця б дождж не пайшоў ды не абмачыў Паўла», - падумала яна пра сына.

І ўсё тупала па двары ды думала пра Паўла. Яно не то, што гэта было шкада ёй, што Павал нездараўчаны, - аб гэтым не думалася, бо да гэтага прывыклася і было гэта звычайным. Думала яна, што Павал, мусіць, змёрз уначы.

Была жанчына старая і часта насіла ў сабе нейкі востры настрой. Бо гэта яна многа перажыла была за жыццё бяды і гора, і гэта зрабіла яе чулай вельмі.

У тую раніцу яна брала пад паветкаю дровы і ўбачыла, як каля самай сцяны дрыжаў на ветры дробны куст крапівы. І тады прыпомнілася, што яе многа расце на дарозе, дзе агароды пераходзяць у жытнія засевы. А гэта было прывычнае, роднае, сярод чаго жылося, пакутавалася. І ўжо тады ад гэтага ў жанчыны з'явілася да ўсяго шырокае пачуццё, і падумалася:

«От Павал прыедзе і пойдзе касіць, а я каля дома буду».

І затым, што было ўсё гэта звязана з тым дробным, што на кожным кроку ў жыцці, затым і з'явіўся ў жанчыны востры настрой. Хацелася гаварыць з усімі аб усім. І от пачала яна з нецярплівасцю чакаць Паўла.

А пасля прыбегла да яе, засопшыся, Ганна, што служыла ўжо другі год у Мельгуновых, і пачала гаварыць, што Алесь паехаў у горад з Насцяю і што ў іх будзе вяселле. А пасля пачала гаварыць, як да яе, яшчэ да Насці, прыставаў Алесь, усё гаварыў, што возьме замуж, і што цяпер ліха ведае што будзе.

- Ну, няўжо?! - узрадавалася Паўлава маці.

- А ты як бы рада, - пакрыўдзілася Ганна, - а ў твайго Паўла здароўе адабрала Насця. Ты думаеш, цётка, я не ведаю? Усе ведаюць! А я не змоўчу.

- Чаму?

- Таму!

- А што рабіць будзеш?

- На яго ў суд падам; усё роўна яму спакойна жыць, гаду, не дам.

- З Насцяю жыць?

- З Насцяю.

- А сястрычка ж мая, зрабі ж ты гэта. Вось і Павал мой узрадуецца, сумны нешта ж вельмі ён цяпер зрабіўся. А я толькі думала аб ім.

І невядома чаму так раптоўна Ганна заплакала. Яна доўга сядзела на адным месцы, на лаве, у кутку Паўлавай хаты, выцірала рукавом зрэбнага каптана слёзы і чмыхала носам.

А ў галаве ў дзяўчыны хадзілі вольныя думкі - ці то нявыяўленыя, яшчэ цьмяныя, радасныя нейкія надзеі нараджаліся ў яе.

Нешта яснае выяўлялася перад маладым жыццём, і само жыццё паднімалася наперадзе, як вялікая, цікавая дарога, на якой апаноўваюць чалавека радасныя хваляванні.

- Гадаўка гэтая Насця, - сказала моцна Паўлава маці.

«А што яна вінавата?» - хацела сказаць Ганна, але сказала, палажыўшы палец на губу:

- Я не дамся ў крыўду Мельгуну.

- От Павал будзе весялейшым, - з хітраю ўсмешкаю сказала Паўлава маці, - а то ж вельмі думаць аб нечым пачаў многа.

IV

Павал у той дзень зусім вясёлым выехаў з горада.

Доктар яму нічога не сказаў, толькі даў нейкіх зеленаватых пілюль; купіў яшчэ Павал хустку матцы і новую касу. А як выязджаў з горада, дык адчуваў, што ўсё будзе добра, - ці то гэтыя пілюлі памогуць, ці то зусім нічога ў яго няма. Вось будуць пагодлівыя дні, добра будзе касіць каля рэчкі; а Насця - чорт яе бяры. І, едучы, бачыў, як на краю горада музыкі збіраюцца граць у вялікім разгароджаным садзе.

У капельмайстра таксама балелі грудзі, і ён стрымліваў кашаль. У аднаго музыкі балеў зуб, і яму цяжка было дзьмуць у флейту. Ён думаў аб тым, што ад яго флейты многае залежыць у музыцы. І не было весела, нават сумна было капельмайстру і флейтысту.

Таксама не было весела і яшчэ аднаму музыку, бо дома былі ў яго нейкія нелады ў сям'і, і толькі лепш адчуваў ён сябе ў настроях тады, калі выходзіў з дому.

Так трое гэтых людзей, ад якіх многа залежала ў музыцы, далёка былі ў тую хвіліну ад весялосці. Толькі ніхто не ведаў і не бачыў гэтага, бо як махнуў капельмайстар рукамі і гранула музыка, ва ўсіх, хто слухаў, раптам пачало з'яўляцца вялікае захапленне жыццём, адчуванне яго вялікасці і хараства. А ў каго і з'явіўся смутак, дык быў ён радасным і жаданым.