Ай-два, ай-два!..
І тады нічога неяк не засталося ў Андрэя, неяк усё згінула, і на ўсім малым і нязначным была толькі ўсё запоўніўшая пачуццямі аб сабе цыганская дзяўчына. І сам для сябе здаўся Андрэй нейкім нязграбным перад тым, што бачыў. Ён усё стаяў, моцна прыпёршыся да вільготнага дзерава; стаяў доўга, як бы прыпыніўся ход часу і ўсяго, што ёсць, і нічога вакольнага не прымячалася і прымячаць яго не трэба было. Так прастаяў ён, пакуль не пачалі заціхаць цыганы і дзяўчына раптам некуды дзелася. Тады ён, ужо з усякімі думкамі, дастаяў датуль, калі пачалі моцна крычаць нейкія птушкі, і з вялікім смуткам пайшоў дадому.
II
У той дзень многа ляцела над зямлёй жураўлёў, і сухі вецер узнімаў пыл на дарогах. Дзень быў сонечны і нейкі шырокі... Над старым дахам маўчалі пажаўцеўшыя клёны, і раніцаю з хаты доўга чуваць было, як за сцяною плюхала вада пры студні.
«Мусіць, туман сягоння», - невядома чаму падумаў Андрэй і нават сказаў гэта моцна, сам не ведаючы, што гэта трэба было яму сказаць, каб накіраваць у нейкі патрэбны бок думкі, бо яму нешта рупіла, нечага як бы не хапала, і нават сон быў ноччу непакойны. Пасля таго як прыйшоў ён вечарам дадому і палажыў сякеру ў сенцах, адчуў быў раптам нейкую пустату ў сабе, навяваўшую смутак і безнадзейнасць запоўніць яе, а пасля ён пахадзіў трохі па двары, нейкая як бы думка пачала вырастаць у ім; што рабіць - ён не ведаў яшчэ, але адчуваў, што назаўтра некуды пойдзе. Нервовасць была цэлую ноч, і толькі моцна спаў ён пад самы дзень, пакуль не пабудзілі яго на работу. Ідучы, ён паспакайнеў, многа смяяўся ў гаворцы, а як прыйшлі да рэчкі, зразу пачаў ён абчэсваць бервяно і з нейкай вастратою ў невыразным чаканні глядзеў на той бераг, дзе былі яшчэ росныя ад туману цыганскія будкі.
Там было зусім ціха і неяк пуста. Далёка на жоўтым збітым поплаве хадзілі коні, і каля лазовых кустоў над самай вадою стаяў цыган і моўчкі глядзеў у адно месца на ваду. Зашмальцаваныя да роўнага бляску яго картовыя порткі нізка навіслі над халявамі, і загэтым ногі яго здаваліся тоўстымі. Ад гэтага і сам ён здаваўся зусім нізкі. І яшчэ быў ён нейкі смешны на выгляд: зусім малады, нейкі дзіцячы твар няўдала камбінаваўся з купчастымі вусамі і падстрыжанаю барадою. І, гледзячы на яго, Андрэй падумаў, што каб не гэты цыган, то ён пайшоў бы туды, на той бераг, можа і ўгледзеў бы яе.
І ў тую хвіліну, як ён гэта падумаў, адчуў, як ахваціў яго вялікі смутак, і страшна ненавіднаю стала работа. Захацелася кінуць сякеру далёка ад сябе і самому ісці або на той бераг, або далёка ад усяго. З'явілася млявасць у целе, нейкая ўтомленасць у галаве і разам з тым небывалая дагэтуль рашучасць. Гэта было нешта незвычайнае, бо раней не было ніколі так раптам яе. Ён палажыў сякеру на зямлю, сеў і пачаў закурваць. Пасля ён азірнуўся, стала яму неяк нядобра ад таго, што ніхто не сеў супачываць, а ён толькі адзін, і ён зноў падняўся...
Тады ўжо моцна свяціла сонца, па-асенняму нямоцна грэла, і ўзняўся вецер. На паплавах стала шумней, толькі больш неяк дзіка. Уявілася, што моцна загаварылі кусты і вада, і ўсё гэта адбілася на настроях Андрэя. Стала як бы нешта высвятляцца ў яго разуменнях, і тады ён прыпомніў неяк многа мінулага. Гэта было ад таго, што многа было ў яго звязана і з ветраным шумам, і з крыкам жураўлёў высока. Раптам прыціх ён, бо яшчэ з учарашняга дня цыганская дзяўчына падрыхтавала да гэтага душу - зрабіла яе нейкаю тонкаю і чулаю. З вялікай нецярплівасцю дабыў ён на рабоце да поўдня і тады заявіў, што пойдзе дадому, што нездароў ён. Было яму лепш аднаму ісці напрамік цераз поле.
На той час забылася цыганка. Яна то і не забылася, але думкі і адчуванні аб ёй зліліся з тонкасцю перажыванняў і думак і аб ёй самой, і аб тым, што было ў жыцці, што непакоіла і радавала, застаўляла пакутаваць і ўзнімацца настроям. І дома гэта яшчэ павялічылася.
Там было ціха. Нікога не было. Андрэй ведаў, што і меншы брат паехаў на поле, недзе пайшла на работу сястра, і ён адзін стаў хадзіць па хаце, не могучы разабрацца, ад чаго яму так усё здалося дарагім і любым і разам з тым страшным па тым, як яно ўсё абкружвала чалавека.
Гулі ў хаце апошнія мухі, і вяла поўзалі яны па вокнах, і на адным акне моцна пахлі нейкія агароднія, белыя, познія кветкі, пастаўленыя сястрой у пабітую шклянку. Ён з нейкім замілаваннем разгледзеў гэтыя кветкі, адчыніў акно, каб выпусціць на двор муху, не думаючы аб ёй, пасля зноў прайшоў па хаце і заўважыў каля самых дзвярэй на лаве нявымыты гаршчок з вараным шчаўлем. І гэта раптам абудзіла ў ім цэлую буру. Ён яшчэ невыразна падумаў аб усім, звязаным з гэтым, і ў нейкай нецярплівасці закурыў, і, закурваючы, раптам прыпомніў.
Быў тады канец лета, і ў той дзень таксама дзьмуў пыльны вецер. Тады ён сама што пачаў узрастаць, і кожны дзень хадзіў за шэсць вёрст у горад вучыцца. Прыйшоў ён быў тады рана і таксама нікога не застаў дома, і весела хадзіў тады па агародах за хатаю. Па поўдні ж прыйшла з поля старшая сястра і прынясла ў прыполе адтуль вераб'інага шчаўлю. Таксама палажыла моўчкі яго на лаву і лягла. І да самага змроку нічога нікому не гаварыла. Змрокам жа паднялася, накарміла ўсіх і нават яшчэ перабрала той шчавель і тады лягла, не раздзеючыся, сказаўшы толькі, што ёй моцна баляць грудзі. Ноч тая была зусім для ўсіх спакойнай, бо хто ж яго ведаў, што адчувае і перажывае душою сястра. Назаўтра яна паднялася, так, як і заўсёды, раней за ўсіх, выпаліла ў печы і той шчавель зварыла, і, лёгшы, больш ужо не ўставала. Яны - два браты і сястра - елі той халодны і нішчымны шчавель і думалі, што б гэта такое прыдумаць і дзе б яго дастаць, каб з'ела хворая. І пасля таго дня, з тае самае ночы, пайшлі вострыя дні. Назаўсёды ў памяці асталіся і ясныя асеннія раніцы, і аўсянае поле з белым павуціннем, жураўлі, што ляцелі высока. І пакрываў, і паглыбляў нейк усё гэта выраз твару хворай сястры. Пасля больш яшчэ памятным заставаўся хмурны, сухі і кароценькі дзень, у які моцна пахла з саду халоднымі бэрамі, лістамі і нядаўна выбранаю вільготнаю яшчэ ад зямлі бульбаю. У той дзень, пад вечар, пайшоў Андрэй за рэчку на хутары прасіць дошчак на труну для сястры.
- Чаму гэта я пра гэта думаю і нашто гэта я ўспамінаю? - сказаў сам сабе моцна Андрэй. - Ніхто ніколі пра гэта не думае і стараецца не ўспамінаць.
Але гэта толькі сказаў ён, сам жа не мог адагнаць думак гэтых ад сябе, ды і не хацеў адганяць. Нават была яму нейкая як бы асалода ў гэтым, што так моцна варушыў ён, хоць і не наўмысня, сваю душу. Нават хацелася абвінаваціць сябе ў тым, што дазволіў ён усяму таму адбыцца, хоць тут ужо, разам з тым, была свядомасць - што ж мог зрабіць ён? І тады патроху пачаў ён адганяць ад сябе ўсе гэтыя перажыванні, бо ў адну хвіліну нейк уявіў сабе, што нешта іншае тут трэба, хоць яно і будзе мець пачаткам сваім усю гэтую вастрату і тонкасць. Ён ужо стараўся думаць аб тым, што неўзабаве павінна быць пісьмо з дальняга горада, куды ён напісаў свайму земляку аб тым, што хоча пераехаць у горад. Але думкі аб гэтым не маглі доўга плысці спакойна і роўна. Бо верх бралі пачуцці, непакойныя і вельмі ж узбуджаныя. І як ні стараўся ён узбіцца на звычайны настрой, ніяк не мог. А тут пачаў канчацца дзень, і прыйшла аднекуль сястра - маладая і вясёлая. Дзіўна было яму думаць, што, гледзячы на яе, яшчэ горш нейк сумна яму стала. Але разам з тым яшчэ адчуў ён, што гэта была ў ім нейкая адмысловая, а можа і ўсім прыналежная сіла, якая хоць і так выяўляецца, але здольная ўзняць чалавека да непераможнай дзейнасці. Тады нейк не так востра мучыўся ён сваімі перажываннямі. І, сказаўшы некалькі нязначных для сястры і глыбокіх для яго самога слоў, ён выйшаў з хаты. Там меншы брат распрагаў каня і пачаў расказваць яму, як у горадзе пад вечар быў, мусіць, пажар, бо вельмі ж многа ў тым баку паднялося нейкага чорнага дыму; і ён надзвычайна так нейк, як ніколі, быў рад братавай гаворцы. Не трэба было таму помачы, а ён памог яму выпрагчы каня. Пасля пастаяў ён каля сцяны, пакуль брат пайшоў у хату, і сам падумаў аб тым, што як гэты самы брат быў меншы і не было ў яго нейк раз ботаў, ён замаразкамі ездзіў заворваць поле босы, і тады заўсёды ногі былі ў яго папрабіватыя і ў нейкіх струпах... Тады ўжо не мог ён нічога зрабіць з сабою - пералез ён паволі цераз жардзяны плот, пайшоў пад жоўтыя клёны, лёг там на вільготную зямлю, прыпаў да яе тварам і заплакаў...