Тады стала ясна яму, што гэта ўсё ў яго не ад цыганскае дзяўчыны...
Адтуль ён вярнуўся позна. Нейк лёгка стала яму. Сплыло ўсё; чыстата стала ў істоце і кволасць да ўсяго. Сястра і брат клаліся спаць. Брат курыў і сядзеў каля стала, гойдаючы босымі нагамі, а сястра весела расказвала, як у суседа Юстына адарвалася ў хаце вешала з тытунём і стукнула яму па галаве. І Андрэй ужо сам смяяўся і памог сястры выказаць думку аб тым, што б гэта тады было, каб вешала было цяжэйшае. Пасля гэтай гаворкі стаў у яго на кароткі час зусім звычайны кожнадзённы настрой, толькі чуласць была незвычайная ды яшчэ моцнае адчуванне, што яму нешта рупіць, як бы мяшае чаму, некуды цягне яго, і тады, пасядзеўшы трохі, успомніў раптам пра цыганскую дзяўчыну. Цяпер думаў аб ёй нейк іначай; самы працэс думкі быў нейкі цвёрды і вызначаны розумам, хоць вельмі востры ад пачуццяў. Тады ён хутчэй узяў падушку і кажух і пайшоў спаць на сена ў гумно. Там, у цішы, стала патрэбным яму раптам гаварыць з кім-небудзь, выказаць каму ўсё, што можна толькі выказаць, і яшчэ адчулася ім нейкая тая вялікая адзінота і размах, якія бываюць у асеннія месячныя ночы. Доўга не мог ён заснуць, пакуль аж не пачалі недзе спяваць пеўні. І як пачаў драмаць, нервова пачала спець у яго ўпэўненасць у патрэбе заўтра ісці да цыганоў. Прычына гэтага была вядома, але рэальны пункт - чаго? - не быў аформленым... Так ён і заснуў.
III
Гэта тады брат цыганскае дзяўчыны стаяў на беразе рэчкі. Тады Андрэй не прымеціў гэтага, а цяпер падумаў, што гэта няйначай так. Было гэта назаўтра таго дня. Ён тады пайшоў на работу, і зноў астаўся на беразе адзін пасля ўсіх, і стаяў пад вечар і думаў, што ў гэтага цыгана нейкія такія вочы, ці можа гэта яны здаюцца такімі і ў яе, і ў яго здалёк. Цяпер яму было толькі нейк здзіўлёна, як гэта мог ён учора паддацца такім настроям і нават плакаць, што ніколі не бывае, - і гэта пасля адчуванняў аб той цыганскай дзяўчыне. І ў самога перад сабою нейк як бы нядобра было яму за ўчарашнюю слабасць. І яшчэ падумаў ён, што ўсё, нават варанае зелле, можа ўзварушыць у чалавеку буры...
Тым часам пачаў ён глядзець пільна на той бераг і заўважыў, што там больш пуста, як учора. Стаялі ўсяго дзве будкі, і то нейк наводшыбе адна ад аднае. Не відно было і коней, і толькі нешта малое - дзяўчынка ці хлапчук, трудна было прымеціць здалёк - забаўлялася тым, што, лежачы на спіне, перабівала па грызенай траве голымі нагамі.
Нейк аж зусім весела стала Андрэю, і пасля заўважыў ён, што з-за будкі выйшла мужчынская постаць. Ён пазнаў таго ўчарашняга цыгана. Той нешта загаварыў, малы падняў галаву і нешта адказаў. Гэтыя словы здаліся Андрэю як «ла-ла-ла-ла».
Андрэй весела ўсміхнуўся, і нават хацелася яму падмаргнуць каму-небудзь ці куды-небудзь; ён весела пачаў пераходзіць на другі бок рэчкі. А цыган сядзеў ужо над самай вадою і перакусваў двума пярэднімі зубамі саломінку.
«Што яму скажу?» - падумаў Андрэй.
- Табак маеш? - гукнуў цыган.
- Маю.
- Д-дай, будзь ласкаў.
- Можна.
- А можа многа маеш, дык я куплю.
- Няма.
- Я добра заплачу.
- Дык няма ж.
Андрэй быў рад гэтай гаворцы і сеў на беразе.
- От у вас тут учора весела было, я аж заслухаўся з таго берага, - сказаў ён цыгану. - Чаму сягоння ціха?
- Няма. Паехалі ўжо.
- Хто?
- Музыканты нашы... і спявачкі.
- Куды?
-А я не ведаю. Пайшлі раніцаю ў горад, а адтуль, кажуць, некуды выехалі. Некуды іграць на зіму наняліся, мусіць.
Тады раптам адчуў Андрэй нейкі страх перад тым, што гэта ж і тая дзяўчына, мусіць, паехала. Тады стала ясна яму, які смутак вялікі ў яго па ёй.
- Тут учора адна вельмі ж скакала.
- Тая яшчэ тут.
- Не паедзе?!
- Паедзе зараз. Яна скакаць і спяваць добра можа. Ого! Хто лепш за яе скача! У горадзе так не ўмеюць скакаць, і яна паедзе туды. Яна артысткай хоча быць... Гэта сястра мая, Нонна...
Апошнія словы сказаў ён з нейкаю гордасцю, а Андрэй успомніў, як летам ездзіў ён у горад купляць патрэбныя яму кніжкі, быў у тэатры і бачыў там на цеснай сцэне танец, шырэйшы за ўсякія дзікія прасторы.
Цыган нешта заспяваў сабе пад нос, а Андрэй пачаў рваць вяршкі з аеру і кідаць у ваду.
- Слаўная дзяўчына, - сказаў ён раптам, не ведаючы, што яму гаварыць.
Цыган з-пад ілба нейк непрыветліва глянуў на яго, і голас яго перайначыўся, стаў нейкім трохі варожым:
- А табе што?
- Мне што?
- Але.
- Што ж мне?! Мне нічога. Хіба я павінен гаварыць, што яна няслаўная, калі яна слаўная.
- А ты як жа гэта ведаеш?
- А можа і не, чорт яго ведае.
- То ты чаго ўжо кінуўся ў другі бок?
Андрэй паглядзеў на цыгана і падумаў: «Што мне гаварыць з ім і нашто гэта я з ім гавару... І што для мяне яго сястра?! Хіба патрэбна мне думаць аб гэтым. Яна так жа далёка ад мяне, як і я ад яе. Яна недаступна мне, як і я ёй, і думкамі нашымі, і настроямі...»
Яны яшчэ раз удвух закурылі, і цыган падняўся, моцна пацягнуўся і пазяхнуў... Паказалася з-пад чорнай жакеткі сіняя суконная камізэлька з залатым тоўстым ланцужком і цацкамі ад гадзінніка, і ад гэтага постаць яго стала нейкай вельмі ж адмысловай на гэтым зялёна-пажоўклым нізкім беразе.
- Табе трэба ісці куды? - сказаў Андрэй.
- Куды мне трэба ісці?! - задумаўся цыган і, памаўчаўшы, сказаў: - Пайсці на дарогу, там нашы ехаць павінны...
І яны ўдвух перайшлі на другі бок рэчкі і абодва пайшлі ў розныя бакі, холадна нейк развітаўшыся... Раней дык цікавіў Андрэя гэты чалавек, а гэта нядобра ўжо было быць з ім разам. Раней цікавіў як брат тае дзяўчыны, а цяпер за гэтым жа стаў нейкім варожым. Андрэй адышоўся трохі, пасля азірнуўся, каб упэўніцца, ці далёка ён. Яго не было ўжо відно, і Андрэй з трывогаю ад нервовага ўзбуджання вярнуўся назад. Ён пільна паглядзеў на той бераг, на тыя палатняныя будкі. Ціхія і ў адзіноце стаялі яны. Вакол іх скрозь быў роўны і нізкі поплаў, згрызены і пажоўклы, налева жаўцелі кусты, а направа і проста роўнасць даходзіла далёка да сіняй нізкай істужкі - можа лесу, а можа хмар. Было блізка некалькі не згрызеных жывёлаю кустоў, некалькі лапін ад вогнішчаў і далёка наводшыбе блішчаў пад жоўтым сонцам белы конскі чэрап, высахшы і струхлеўшы пад вятрамі. Гэта была вялікая задуменнасць, як бы ўвасабленне нейкай філасофіі прастораў свету... Уяўлялася нейк, што тут павінна была быць высокая трава, горача і страшна ясна свеціць сонца і дзьме гарачы вецер. І пад ветрам гэтым трава будзе спяваць ціхія і задумёныя песні над конскім чэрапам. І мелодыя гэтая будзе закалыхваць усю зямлю, пакуль не з'явіцца на ёй чалавек і не засмяецца над законамі гэтай мелодыі...
«Гэта ж Нонна яна завецца», - набегла раптам у Андрэя думка, і ён нейк па-дзіцячаму ўсміхнуўся...
І пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з ім робіцца.
IV
...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры і трава халодныя... Відны людзі, часам больш іх, часам менш, і нечым і нейк жывуць яны... І там далей таксама гэта ёсць, і калі я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свеціць, і шырокі поплаў жоўты ад яго. І журботна нейк ад таго, што стала пуста і глуха, як паехалі ўсе...
Такі і заўсёды быў настрой і такія адчуванні Нонны.
Не было вялікіх клопатаў, не вельмі заядалі яны душу і розум, не ўтамлялі яны... Былі вялікія захапленні, і тады малое здавалася вялікім, вялікае ж малым здавалася, толькі часта было яно чужым і няважным.
Зімою трэба было жыць у вёсках і мястэчках, даводзілася жыць і ў гарадах, і як толькі пачынаў раставаць снег, зноў пачыналіся паплавы ды палявыя дарогі. Зімою сустракалася больш людзей, і не то што каб цікавілі гэта вельмі яны, але нейкімі новымі і непрывычнымі здаваліся, і хто-небудзь з іх часам пачынаў як бы цікавіць, а пасля прападала гэта...
На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалі абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткі і жаданні, і тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў. У чатырнаццаць год зімою жылі ў горадзе, і тады былі спробаваны слодычы першага кахання. Быў ён высокі і не першай ужо маладосці. Элеганцкі звінеў шпорамі, удала ездзіў на кані. Часта тады хадзіла Нонна з ім у тэатр і адтуль вынесла пакланенне звінючаму бляску сцэны ў музычнай камедыі. Адзін раз яна бачыла, як артыстку, увабраную так, што здавалася яна нечым асобным ад таго, што было вакол яе, пасля выкананага ёю танца вынеслі на руках на сцэну, і яна горда прымала воплескі і пакланенне публікі. Тады надоўга захапілася яна гэтым малюнкам, і яе пачало цягнуць некуды. Вясною выехалі з горада, выехаў некуды і вайсковы і ўжо мала калі і ўспамінаў пра Нонну, а калі і ўспамінаў, дык толькі хіба нарочна, халодным сваім розумам, каб больш давесці сабе, што ўсё, што сягоння здаецца ўсім, заўтра ўяўляецца нічым...