Выбрать главу

З-пад залепленых зямлёй вейк відны былі вочы, у якіх смяртэльная стома змагалася з выбухамі страшнага агню. Гэта быў позірк ні з чым не параўнанай прагі да радасці, здушанай найвялікшым смуткам. Неўзабаве пачало прасочвацца ў душу і пачуццё адзіноты, але яно не паспела пакласці сваю пячаць на вочы. Так, як птушка, чуючы свой час, шукае ціхага месца ўміраць, яна пачала шукаць вачыма чагосьці каля сябе. Ужо ў гэтыя моманты ногі яе пачалі згінацца ў каленях, худзенькая постаць яе яшчэ больш прысутулілася, яшчэ больш падняліся ўгару плечы, твар усімі рысамі сваімі і вачыма ўпаў уніз, і ўсю яе павяло з месца. Нейк бокам падышла яна к дрэву і паехала ўніз. Гэта было жывое ўвасабленне самай закончанай супрацьлегласці ёй самой, якая яна была яшчэ некалькі дзён таму назад. Каб увесь свет, як вялік ён ні ёсць, ад усіх сваіх пачаткаў і бязмежнасці сабраўся і ажыў, як вялікая істота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам і думкамі, - сумленне кінула б яго ніц перад гэтым дзіцем. Ён страсянуўся б ад жаху, што так не ўдаўся ў ім сэнс шмат чаго, што ён церпіць на сабе.

Упаўшы на зямлю, яна, чорная, скурчаная, маленькая, здушаная, уткнулася галавой у дрэва, тварам уніз, і сцішылася. Праз паўхвілівы яна шпарка адарвала галаву ад зямлі, зірнула ўгару і зноў упала. І так было многа разоў. Відаць, душа яе не паддавалася зморанасці цела, і кіпела, і рвалася. Раптам яна ўздрыганулася. Гэта быў плач не дзіцячым голасам, але гэта плакала дзіця, а не тая жанчына, што не так даўно апекавалася над меншымі за сябе. У яе ўжо і слёз не было, і вочы былі сухія, калі яна плакала. Нарэшце літасцівы сон наваліўся на яе, але ласкавасць яго не была доўгая. Пачаўся сонны кашмар, без выразнасці і якой бы там ні было формы. Бяздомнасць, выгнанне, смерць, сіроцтва, матчыны вочы перад смерцю, грукат нямецкіх бомб, самалётаў, бязлітаснасць, жорсткасць - усё палосамі агню і зямлі ішло ўгару і не давала шчасця быць у забыцці. І так цягнулася доўга. Можа гэта была вечнасць, якую хрысціянства дакляроўвае злачынным душам. І вось яна паднялася і села. Зорнае неба было над ёю, і чорныя дрэвы маўчалі. Стаяла цішыня. Яна прытулілася к дрэву. І так, седзячы, адразу заснула і ўжо не чула сама, як галава яе і плечы паехалі па дрэве ўніз і яна ляжала на зямлі.

Прайшло многа часу, бо калі яна прачнулася - сонца спускалася к захаду. Пабудзілі яе выстралы і крыкі. Стоячы пад дрэвам, яна бачыла, як беглі чырвонаармейцы, як навокал стралялі, як дзесьці на ўзлеску стукаў кулямёт, а ў другім баку ехалі грузавікі. Лес ажыў, і яна азіралася навокал сябе і пасля стулілася за дрэва. І раптам яна ўбачыла, што проста да яе бяжыць пемец. Яна яго пазнала адразу, хоць ніколі раней яго не бачыла. Ён ужо быў крокаў за шэсць ад яе і раптам пачуў наперадзе, так як і за сабой чуў, крыкі і шум людзей. Ён закруціўся на месцы. Яна задрыжала і не спускала з яго вачэй. Ён кінуўся на жывот, выцягнуўся і пачаў страляць перад сабою. Яна бачыла яго плечы і, адумаўшыся, пачала заўважаць, што ён цэліцца перад сабою. Але да яе свядомасці, што значыў гэты прыцэл, дайшло пасля. Цяпер яна не зводзіла воч з яго плеч, з яго галавы. Пачуццё жаху, уласнай гібелі, рэшткі вячорнага кашмару ўладалі ёю. Каб не стрывожыць яго, яна ціхом адышлася, пасля пабегла. І ўбачыла трох чырвонаармейцаў. Яны ляжалі на зямлі і, выцягнуўшы перад сабою вінтоўкі, не спускалі з чагосьці вачэй. Яна кранула аднаго рукой.

- Падай і ляжы! - грозна сказаў ён ёй.

- Там немец ляжыць і страляе. Унь там.

Чырвонаармеец паглядзеў на яе, устаў і пайшоў, прыгнуўшыся. Яна ішла поплеч яго, таксама як і ён, угнуўшыся, і паказвала рукой. Калі ён упаў на зямлю, упала і яна. Чырвонаармеец прыцэліўся і стрэльнуў. Яна бачыла, як немец уздрыгануўся і ўткнуўся галавой у зямлю.

- Гатоў, - сказаў чырвонаармеец. - А ты ляжы на зямлі.

І пайшоў назад. Яна ўпала на зямлю, і першая за тыя дні радасць страсянула яе душу. Яна ляжала, пакуль усё заціхла, і пасля пайшла да чырвонаармейцаў. Яны збіраліся разам і гаварылі паміж сабою, што ўвесь нямецкі дэсант знішчан. Чырвонаармеец, якому яна паказала немца, падняў яе на рукі і пранёс крокаў тры, а пасля яна пайшла поплеч яго. Яны прайшлі паўз таго немца, і яна бачыла яго, доўгага, спруцянелага.

Момантам гэтай радасці скончылася яе адзінота, таксама як і яе маленства. Прыйшла сталасць на доўгі яе век.

1942

Вялікае сэрца

Вёска Галаскі выславілася тым, што ў ёй чалавек малога росту і сярэдніх год, Пархвен Катлубовіч, біўся з п'яным пеўнем. Гэта было даўно. Малыя хлолцы дасталі гарэлкі і сілком напаілі пеўня, злавіўшы яго на Пархвенавым двары. Певень стаў як шалёны і кінуўся на свайго гаспадара, калі той выйшаў на двор. Пархвен спачатку адмахнуўся ад пеўня, але той падлятаў і дзёўб чалавека ў твар. Пархвен кінуўся на ўзвар'яцелую птушку, і так яны ўдвух качаліся па зямлі, аж пакуль Пархвену не ўдалося, нарэшце, адкінуць пеўня на той бок свінушніка. Пра гэтае смешнае здарэнне доўга гаварылі, а пасля з году ў год так і хадзіла погаласка пра бойку чалавека з пеўнем. На Пархвенавым агародзе рос вялікі стары дуб. Можна сказаць, што ён узвышаўся над усёй мясцовасцю, і калі па шашы, якая праходзіла тут непадалёку, ехалі людзі, ім гэты дуб відзён быў гадзіны дзве, а вёска Галаскі ўсё яшчэ недзе скрывалася ў полі. Але даволі было і дуба, каб, зірнуўшы на яго, хто-небудзь не падаў заўвагу:

- А унь і тыя Галаскі, дзе Пархвен з пеўнем біўся.

І кожнаму, нават самаму далёкаму ад Галаскоў чалавеку, які ніколі таго Пархвена і не бачыў, здавалася, што Пархвен - чалавек варты смеху і нясталы: вядома, дзе ж гэта на свеце было, каб стары чалавек з пеўнем біўся. Так і склалася ўяўленне па людзях аб Пархвене Катлубовічу. У саміх Галасках часта льга было пачуць, як жанчыны крычалі на дзяцей:

- Чаго вы развар'яваліся, як Пархвен каля пеўня!

Што ж да самога Пархвена, то ён, здавалася, не зважаў на такую сваю славу. Магло быць, што гэта быў чалавек можа і дробны сваёй натурай, але ў кожным разе ён быў задаволен тым, што было ў яго: была смешная слава, была хата, пры ёй двор і агарод, у агародзе прадзедаўскі дуб напроці хатніх вокнаў і жыццё - ціхае і роўнае, у цягавітай працы ад усходу сонца да заходу і з панядзелка да панядзелка. Ён быў скупы на словы, і за гэта сусед не ўзяў яго ў суд за сведку: «Ён жа ў гадзіну па слову цэдзіць». Пархвен пра гэта нават і не ведаў, а думаў, што гэта выйшла таму, што на судзе і без яго абышлося. Ён рана аўдавеў, і з дзяцей у яго была адна толькі дачка. Ён тады зусім як бы ўвайшоў у самога сябе. Упраўляў сваю работу, весну, лета і восень хадзіў босы («так ямчэй» - казаў), гадаваў сваю дачку Марылю, а яна расла вельмі высокая і, калі дарасла да паўналецця, была вельмі мажная, на галаву вышэй за бацьку, які, здавалася, пашчуплеў, і новая рыса з'явілася ў яго: раней ён з малых год наложваў сваю Марылю да работы, а гэта ўсё сам у хаце рабіць стаў: варыў яду, карміў свіней, насіў з лесу ўвосень кашом апенькі, і нехта пусціў пра яго новую пагалоску: у яго быццам на левай назе не пяць, а чатыры пальцы. Марыля з кожным годам яшчэ больш мажнела і пайшла замуж за каваля ў мястэчка на тым беразе рэчкі, да якой даходзілі галаскоўскія паплавы. Тады Пархвен Катлубовіч быццам змяніўся натурай: стаў бываць на людзях і больш гаварыць. А вядома, што ён мог гаварыць, не бываючы ніколі далей зарэчнага мястэчка. Гаварыў пра буракі і рэдзьку, пра алешнік і асаку, пра дупляваты асіннік і пра мак-відук. І пайшлося так, што найбольш ён гаварыў пра гэтыя рэчы з жанкамі, а мужчыны пра яго казалі:

- І чорт яго ведае, як такі чалавек адважыўся біцца з пеўнем, ды яшчэ з п'яным.

Праз некаторы час Пархвен Катлубовіч прынёс з зарэчнага мястэчка ў свой агарод Марылінага двухгадовага сына і пасадзіў яго пад дубам, сказаўшы яму:

- Ты яшчэ, унуча, малы і не ведаеш, што гэты дуб садзіў твой прапрапрадзед. Ты малы?

- Малы.

- А бачыш, колькі жалудоў насыпалася? Бо цяпер восень. Мне няма часу, і матка твая таксама не мае часу, а ты тут збірай сабе з травы жалуды і забаўляйся з імі, а пасля маці цябе забярэ. А калі будзе заходзіць сонца, то зірнеш угару, як тады відно будзе ў дубовым голлі! Я і сам кожны вечар гляджу. Прывыкай да гэтага дрэва. Можа ты яго кожны дзень праз сваё жыццё будзеш бачыць. Бачыш, які жолуд! Зялёны з жоўтым. Бо можа табе суджана жыць у гэтай маёй хаце. Хата яшчэ здаровая, а ты ў мяне адзін. Каму ж хата пасля мяне будзе, як не табе? Можа ты ў вялікім дзе свеце апынешся, як вырасцеш. А дуб сабе будзе на гэтым самым месцы расці, і кожны год жалуды з яго будуць падаць, і табе будзе здавацца, што ты дайшоў ужо да такога месца на свеце, без якога і свет не свет, і людзі не людзі, а тым часам сонца кожны дзень, калі будзе заканчваць сваю дзённую дарогу, прысядзе адпачыць на гэты дуб, а не на тваю галаву, хоць яна і залатая была б. Дык ты і падумаеш, калі чалавекам будзеш, што і дзяды і прадзеды ў цябе былі, і там, дзе яны жылі, сонца на дрэвах бывае кожны дзень... Бачыш унь? Жолуд упаў!