Выбрать главу

Раннiя апавяданнi Чорнага - тыповыя для маладнякоўца замалёўкi, iмпрэсii, "вершы ў прозе". Ягоны герой - мужык-беларус, бядняк, якi марыў аб вольнай працы на ўласнай зямлi. Рэвалюцыя дала яму надзел, i ён пэўны час сапраўды адчуваў сябе гаспадаром уласнага лёсу. Вось чаму ён стаiць "на варце" сваiх iнтарэсаў - менавiта так прачытваецца сэнс першых апавяданняў "На варце" i "На гранiцы" (абодва напiсаны ў 1923 годзе). Акрамя гэтага, заўважаецца i асаблiвая ўвага аўтара да тэмы дзяржаўнай мяжы, якая не магла iм успрымацца як справядлiвая, бо раздзялiла Беларусь на дзве часткi, разарвала яе жывое цела на Захад i Ўсход. Герой Чорнага адчувае сябе на самай мяжы двух светаў: мiнулага i будучынi, Заходняй Эўропы i Расеi, каталiцтва i праваслаўя. З цягам часу гэты тыповы для беларускай рэчаiснасцi канфлiкт зойме ў творчасцi празаiка адно з цэнтральных месцаў i набудзе глыбокае фiласофскае i гiсторыка-псiхалагiчнае гучанне. Перад героем Чорнага адкрылiся далягляды "людской маладой жыццёвай радасцi", i аўтар спяшае выказаць гэты небывалы энтузiязм чалавека з дапамогай рытмiзаванай, фрагментарнай прозы, з уласцiвай ёй дынамiкай апавядання, музычнасцю фразы, эмацыянальна-экспрэсiўнай насычанасцю слова, iмпрэсiянiзмам малюнкаў. Выяўна прыўзняты, амаль паэтычна-натхнёны настрой у маладых герояў апавяданняў "Будзем жыць" (1924), "На беразе" (1924), "Жалезны крык" (1924), "Максiмка" (1924), "Новыя людзi" (1925), што выяўляецца ўжо ў назвах гэтых твораў. Асобныя эцюды нагадваюць своеасаблiвыя верлiбры, дзе аўтар балансуе на мяжы паэзii i прозы, пачуцця i думкi, псiхалогii i фiласофii ("Восень i радасць", "Срэбра жыцця" - абодва 1925 г.). У кожным творы за пачуццём маладога захаплення жыццём, выказанага ў словах "Жыццё як радасць iснавання" своеасаблiвай фiласофскай формуле, крэда юнакоў i дзяўчат 20-х гадоў, заўсёды прысутнiчае глыбокая думка пра чалавека, яго зямны лёс, трагедыю iснавання.

Лепшыя прадстаўнiкi паслярэвалюцыйнага пакалення, такiя, як студэнт Алёша, герой апавядання "Бяздонне" (1925), i ў горадзе не забывалi, што выйшлi "з самага "дна" беларускага жыцця i з гэтым "дном" звязаны духоўна i фiзiчна" (словы Чорнага, сказаныя пра самога сябе ў "Аўтабiяграфii" 1927 года). Чым рознiцца Алёша ад такога ж студэнта Андрэя Стронiна? Ды тым, што той не бачыў у сваiм жыццi "нiякiх пакутных здарэнняў, над якiмi трэба было б доўга думаць". Алёша, юнак, чулая душа якога развярэджана перажываннямi i думкамi пра сваiх прыцiснутых клопатамi землякоў, i вучыцца дзеля таго, каб нарэшце аддзячыць гэтым простым людзям за ўсё, што ён сам мае: "...хочацца Алёшу стаць перад iмi, каравымi, запыленымi, i сказаць iм аб тым, што зразумеў сам, - аб самым важным, што трэба для паўнаты жыцця на зямлi: што жыццё шырокае, яно само ў сабе - нават як факт ужо iснавання - радаснае". Менавiта гэтыя людзi для Алёшы, за вобразам якога лёгка пазнаюцца натура i лёс самога Мiкалая Раманоўскага, Кузьмы Чорнага, з'яўляюцца апошняй iнстанцыяй, прысуд якой не падлягае апеляцыi. Так пiсьменнiк разумеў ужо ў маладыя гады сваё прызначэнне, свядома ставячы ўласную творчасць у прамую залежнасць ад "думкi народнай", не баючыся, як многiя, "тыранii большасцi".

Чорнаму здавалася, што рэвалюцыя адбылася дзеля высокай мэты вызвалення чалавека, а таму панесеныя народам вялiкiя ахвяры маюць хоць нейкае маральнае апраўданне. Пiсьменнiк-гуманiст, якi ўсё на свеце вымяраў мерай чалавечнасцi, хутка заўважыў, як адбываецца нешта адваротнае ягоным чаканням: расчалавечванне. Размах пачуццяў раннiх чорнаўскiх герояў вялiкi: аднаго ўражвае гiбель малой пташкi ("Восень i радасць", 1925), а другога мала цiкавiць смерць жывой iстоты, бо ён па прафесii жывадзёр ("Буланы", 1925), трэцi i на гвалтоўную смерць людзей глядзiць з пункту погляду "гiстарычнай заканамернасцi", маўляў, лес сякуць - трэскi ляцяць (раман "Сястра"). Галоўнае пытанне, што не толькi цiкавiла, але i мучыла Чорнага, пытанне адносiн рэвалюцыi i новай улады да гуманiстычных каштоўнасцей, сярод якiх пiсьменнiк нязменна вылучаў хрысцiянскiя пачуццi справядлiвасцi, чуласцi, спагады, шчырасцi, сцiпласцi, сумленнасцi. Гэта пытанне хвалявала i многiх сучаснiкаў - А.Фадзеева i М.Шолахава, Л.Лявонава i А.Платонава, М.Гарэцкага i М.Зарэцкага, М.Булгакава i А.Мрыя, Л.Калюгу i П.Галавача... Вось чаму так пiльна сачылi па першым часе творцы, пакуль яшчэ была магчымасць неяк уплываць на ход падзей мастацкiм i публiцыстычным словам, за супярэчлiвым працэсам сцвярджэння новых чалавечых каштоўнасцей у сацыялiстычным грамадстве. Сёе-тое радавала iх, а многае засмучала, трывожыла, адчайвала. "Галоўнае, што мучыць мяне з самых маладых год маiх, пiсаў у сярэдзiне 20-х гадоў К.Чорны, - гэта пакуты чалавека на зямлi, якiя ў нас яшчэ не знiшчаны i за знiшчэнне якiх мы ўсе цяпер змагаемся". Памыляўся ён у адным, думаючы, што ў працэсе гуманiзацыi свету сапраўды свядома ўдзельнiчаюць "усе". Час паказаў, i вельмi хутка, што гэта не так. Далёка не так.

У сваёй творчасцi Чорны працягваў купалаўска-коласаўскую традыцыю ўвагi да жыцця i турбот "маленькага чалавека", якi пасля рэвалюцыi адчуў гонар называцца беларусам, але, на жаль, ягоная радасць была кароткаю. Пiсьменнiк шмат разважаў над тым, чаму беларусы, якiм выпала цяжкая доля жыць на скрыжаваннi вялiкiх дарог, нягледзячы на ўсе выпрабаваннi, на стагоддзi прыгнёту, здзеку i глуму над iх душою, не загiнулi, выжылi насуперак акалiчнасцям. "Усё перанёс беларускi селянiн, - пiсаў Чорны, - усякiя пакуты ўведаў i ў вострыя моманты на ўсё здольны". Сваё разуменне нацыянальнага характару беларуса ён выказаў у словах: "I ў цiшынi буры, i ў бурах цiшыня". Вонкавая цiхмянасць, сцiпласць, цярплiвасць беларускага селянiна тояць у сабе бунтоўнае непрыняцце ўсялякага здзеку i гвалту. Падзеi, у якiх прымаў удзел беларускi народ, навочна паказалi, чаго больш у ягонай душы актыўнасцi цi пасiўнасцi, прагi дзейнiчаць цi сузiральнасцi, адчування чалавечай годнасцi цi пакорлiвасцi.

Герой Чорнага часам выглядае дробязным i мiтуслiвым, успрымаючы малую з'яву як вялiкую трагедыю ("Начлег у вёсцы Сiнегах", 1927), або, наадварот, сапраўдную драму як нявартую ўвагi падзею ("Ноч пры дарозе", 1924). У час змагання "за знiшчэнне прынiжанасцi чалавека перад чалавекам" празаiк схiльны ацэньваць кожны факт такога прынiжэння як пагрозу ўсёй светабудове. Менавiта так успрымае ягоны герой звычайнае вiдовiшча: руйнуецца стары дом, побач будуецца новы, а ён разважае аб тым, што на старых сценах засталiся сляды людскiх пакут, маленькiх радасцей i вялiкiх драм ("Сцены", 1926). Яго вера ў тое, што "ўсё, што было, ненастаяшчае, настаяшчае i светлае iдзе", непарушная, бо трымаецца на грунце абнаўлення жыцця, якое досыць iмклiва адбывалася ў часы нэпа i "беларусiзацыi". Праз усю творчасць Чорнага праходзiць вобраз трапяткога, палахлiвага гаваруна, вечнага трапетуна, гарапашнiка-мужыка, якi толькi ў новы час на кароткi перыяд адчуў сябе чалавекам, беларусам. А гаваркi ён i часам непрыемна балбатлiвы, таму што яго голасам загаварыла яшчэ нядаўна без'языкая, асуджаная сацыяльнай сiстэмай да векавечнага маўчання шматмiльённая маса. Мiхалка Сляпенькi ("Максiмка, 1924), Кiрылка ("Мельнiкi", 1925) радыя любой нагодзе пабыць сярод людзей, у грамадзе, пагаварыць, хоць часта ўсё ўжо сказана i паўторана на розныя лады. Той жа Мiхалка, трапiўшы на вясковы сход (Чорны любiў паказваць людскую грамаду "агульным планам", вылучаючы асобныя каларытныя постацi), адчувае сябе так, быццам без яго "дзела не зробiцца": "Шмыгаючы ў грамадзе, падлазячы мужчынам пад локцi, усiм замiнаючы, ён стараўся ўсiх перашчабятаць, паўтараючы за кожным словам сваю звычайную прыказку "тымчасам, браткi мае". Чорнага захапляе ў гэтым чалавечку тое, што ён усiх i ўсё на свеце вымярае мераю чуласцi, чалавечнасцi, дабрынi, справядлiвасцi, хрысцiянскай мiласэрнасцi, што з умацаваннем сталiнскага рэжыму ўсё больш выветрывалася з людскiх дачыненняў. Гэтага героя-трапетуна мы сустракаем у рамане "Сястра" (Радзiвон Цiвунчык), i ў рамане "Трэцяе пакаленне" (Кравец), i ў рамане "Пошукi будучынi" (Юрась Нявада, Фельчар), i ў рамане "Вялiкi дзень" (Максiм Астаповiч), i ў незавершанай аповесцi "Скiп'еўскi лес" (Марцiн Прыбыткоўскi). Ад твора да твора ўдакладняецца яго псiхалагiчная характарыстыка, герой паступова перарастае ў вобраз-тып, што ўвасабляе лепшыя якасцi беларусаў як нацыi. Яго бiяграфiя, па словах Чорнага, "бiяграфiя, праз якую вiдаць эпоха рэвалюцыi".