К вечару вецер сціх. І бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. У нізкіх месцах на ёй стаяла вада. Велічэзная бяроза ўзнімалася і над дарогай і, здавалася, над усім лесам. Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Многа было верасу, выносістыя хвоі ішлі ўгару, сонца ляжала на іх вяршалінах. Блізка быў вечар. Пры самай дарозе, у густым зарасніку ядлоўцу і крушыны, на паваленым навальніцаю і ўжо струхлелым дрэве сядзеў Сымон Ракуцька, еў хлеб і глядзеў на жоўты бярозавы лісток у траве. Ён быў нейкі нерухомы. Твар задумёны, маўклівы, жаваў ён павольна, як бы смакуючы або да чаго прыслухоўваючыся. Ці можа жоўты ліст абудзіў у ім журботны сум. Вечарэла. Час ад часу Ракуцька паднімаўся, вытыкаўся на дарогу, акідаў яе позіркам у два бакі і зноў адыходзіўся ў гушчар сядзець, жаваць хлеб і глядзець на жоўты лісток. Калі пачало змяркацца, ён узнепакоіўся: стаў часцей выглядаць на дарогу, схаваў у торбу недаедзены хлеб, скінуў боты, перакруціў на нагах анучы і зноў абуўся. Твар яго меў нахіл быць даўгаватым. Тыдняў два няголеная барада ўжо густа адростала. Ужо добра ўмеркла, ужо і лісток ледзь відзён стаў, а чалавек трымаў сябе на гэтым месцы ўсё так жа. Ён быў як прывязан тут. Некалькі разоў засаб ён уздыхнуў. «Божа мой, Божа мой». Здавалася, што яму цяжка тут чакаць таго, чаго ён чакае. Нарэшце, калі ўжо зусім сцямнела, ён выйшаў на дарогу і стаў у нерухомасці, прыпершыся плечуком да вялікай бярозы. Ён не ўглядаўся, а толькі прыслухоўваўся. Над лесам засвяціліся зоры, а ён усё стаяў. І так, можа, некалькі гадзін. Ужо і зоры ночы позняга лета папялець сталі. Ён апошні раз уздыхнуў, успамянуўшы Бога, знайшоў папацёмку сваё ранейшае месца пры паваленым дрэве, лёг на зямлю галавой на трухлявы ствол і адразу заснуў, як самы стомлены чалавек. Ні разу ён не паварушыўся, аж пакуль высокае сонца новага дня не засвяціла яму проста ў твар. Тады ён шпарка прахапіўся, затрапятаўся, плюнуў і ўздыхнуў і зноў вызірнуў на дарогу. Непамыты пасля сну і змяты твар яго быў шэры, і смутак ляжаў на ім. Ён дастаў з торбы абкусаны ўчора хлеб і зноў стаў есці яго. Цягавіта, як добры гаспадар ходзіць за плугам, ён зноў стаў акідаць у два бакі вачыма дарогу і зноў час ад часу садзіўся на паваленае дрэва. Прыйшла хвіліна яму, нарэшце, пачуць штосьці такое, чаго ён можа так доўга і чакаў тут. Гэта ішоў хтосьці поблізу. Тут выразна чулася чалавечая хада: ціхая ў самой сабе і лёгкая, але яна чутна была здалёку, вядома ў лесе, дзе пад нагамі ўсяго многа. Твар у Ракуцькі адразу ажыў, як толькі ён пачуў нечую хаду. Здаецца, рукі яго задрыжэлі. Позірк пацвярдзеў, і пастава выпрасталася. Ён прыліп да вялікай бярозы над дарогаю, сярод такіх жа вялікіх хвояў і пачаў углядацца туды, адкуль чуўся чалавек. Дзень быў ужо ў самай сіле. А ўдзень, калі ціха, у лесе здалёку чуваць. Так што гэтаму чалавеку прыйшлося доўга чакаць, пакуль наблізіўся той, хто недзе тут ішоў. З-за свайго дрэва Ракуцька ўбачыў незнаёмую яму постаць дзіўнага выгляду. Гэта быў малады чалавек з парыжэлымі ад сонца валасамі на галаве і палупленай ад ветру скурай на твары. Ён быў такі бледны, што яго не брала загара, і такі худы, што адзежына на ім матлялася як на калу. А ішоў ён так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў або яго месяц мучылі і спаць не давалі. Ён вяла, як не свае, перастаўляў ногі і прысутульваўся ідучы. На твары яго было напісана гэтулькі абыякавасці да ўсяго навакольнага і да ўсіх мэт, калі яны былі ў яго, што было падобна, што ў яго навек патухлі ўсе жаданні і імкненні. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Ён хутчэй дзівіўся, чым трывожыўся, або ўзбуджваўся. Ён стаяў і чакаў, пакуль невядомы падыдзе блізка, каб ціха гаварыць з ім, а не крычаць яму здалёку. А той, пакуль прыклыбаў да вялікай бярозы, Ракуцька паспеў даесці хлеб і скруціць у жмут пустую торбу.
— Стой, хто? — рашуча сказаў Сымон Ракуцька і толькі цяпер заўважыў, што адзежа на маладым незнаёмцу ўся матляецца шматкамі, зіхаціць дзірамі і што голае цела паблісквае праз дзіры. І ніводная дзіра нідзе не латалася, і ўсе гэтыя транты вывалены ў зямлі і выфарбаваны ў колеры зяленіва і лясной цвілі.
Невядомы ўздрыгануўся, але адразу ж ізноў унурыўся і спыніўся перад Ракуцькам.
— Куды ты ідзеш, і хто ты такі? — даволі-такі мякка сказаў Ракуцька.
Невядомы маўчаў, як бы мову яму зацяло. Ракуцька бачыў: некалькі разоў ён праглынуў сліну і язык яго не варочаецца, каб сказаць што-небудзь. Ён быў падобен на вельмі хворага чалавека. Сэрца ў Ракуцькі зашчымела. Ён дакрануўся да рукава незнаёмага абарванца і бадай што шэптам прагаварыў:
— Дык што ты? Захварэў ідучы?
Незнаёмец шпарка перавёў вочы з зямлі на Ракуцькаў твар. Здавалася, што ён як бы ўстрапянуўся. І гэта, напэўна, так і было. Не дзіва: калі ў пустэльні загучыць чалавечы голас ад сэрца, то, здаецца, ён можа падняць на ногі мёртвага.
— Ці няма тут дзе поблізу, каб мясціны прымятае: паляжаць.
— Унь! — ткнуў Ракуцька пальцам у гушчар. Невядомы з такім выглядам, як бы ён быў тут адзін, адразу сунуўся туды і адразу лёг пры паваленым дрэве на ўмятую ў зямлю траву. Гэта было тое месца, дзе ўночы спаў Ракуцька. Малады абарванец заснуў адразу, як толькі заплюшчыў вочы. Ракуцька паглядзеў на яго, уздыхнуў і зноў выткнуўся на дарогу, каб наглядаць яе. Учарашняга жоўтага лістка ўжо не было, а на яго месцы ляжалі два свежыя, і трэці круціўся ў паветры.
— І восень падкралася, Божа мой найвышшы, — уздыхнуў Ракуцька і пільным вокам акінуў дарогу ў два бакі. На дарозе было пуста, але ўзнімаўся вецер, і ў дрэвах загуло і зашапталася. Ракуцька пачаў часцей вытыкацца на дарогу. Надвечар надвор’е схмурнела і вецер аціх. Малады абарванец ужо сядзеў і вяла вадзіў навокал сябе вачыма. Ракуцька, здавалася, забыўся пра яго: стаў неспакойны і не сыходзіў з дарогі. Нават раз ён шаптаў сам сабе: «Дзесяты дзень, жартачкі! І няма». І вось зноў настаў момант: нехта шпарка і шумна ішоў дарогаю. Ракуцька застыў на месцы. Расчырвонены і спацелы падарожнік неўзабаве быў тут. Ракуцька шпарка рушыў яму насустрач, і яны імкліва абняліся. Гэта быў Тамаш. Ён быў у ботах і пінжаку паверх рубашкі, і торба з хлебам вісела на яго левай руцэ.
— Я дзесяць дзён усё стаю на гэтым месцы, — сказаў Ракуцька. — А цябе доўга не было.
— Бо мне было нялёгка дабіцца пад Перабродскую Злыбяду. Там густа нямецкія гарнізоны стаяць і на дарогах варты многа, дык я такога даваў кругу, што ўтройчы дарога мая пабольшылася.
— Ну што, як там?
— Гэта праўда, што там лагер для забраных немцы зрабілі. Кажуць, што ў лагеры пяць тысяч людзей, але цяпер менш, бо нядаўна, можа, больш як палавіну пагналі недзе на работу. А хіба льга дазнацца — асталася яна ў лагеры ці на рабоце? Я падбіраўся пад самы лагер. Уночы я ляжаў у траве і глядзеў на калючую загарадзь. Калі ісці з поўдня, то льга праз купісты торф падысці ціхом, і ніхто не заўважыць. Там бадзяюцца людзі: у таго жонка, а ў тае муж у лагеры. Ну добра. Я туды зноў вярнуся, мяне чакаюць. Я ім расхваліў удачу, калі толькі гэта праўда, што з гэтага боку варушацца людзі. Ты, мусіць, тут дзесяць дзён сядзеў і нічога не дазнаўся?
— Як гэта не! Я, праўда, сам не быў там, пад Сумлічамі, але гэта праўда, што там людзі варушыцца пачалі. Праўда і тое, што на шашы, ці недзе там ля Вялікага скрыжавання, яны дзве машыны з арыштаванымі ад немцаў адбілі. Я нават больш дазнаўся. Гэта там сабраў іх усіх сумлічанін Кастусь Лукашэвіч, а ў гэтага Лукашэвіча дачка, малая яшчэ, у лагеры сядзіць. Цяпер там, пад Сумлічамі, немцы салдат больш наслалі і вынюхваюць усе норы, каб напасці на след. Дык яны, тыя сумлічане, сюды падбіраюцца, тут быццам вальней. Вось і раскідай розумам як хочаш. Яны далі мне так ведаць. Калі я захачу яшчэ з імі пагаварыць, то на Вялікім скрыжаванні трэба толькі знак ім падаць, а знак такі: трэба там пад вялікім дрэвам тры разы засаб зрабіць што-небудзь такое, чаго сталы чалавек ніколі не робіць, і чакаць, пакуль хто-небудзь ад іх абзавецца. Але мне сказалі: пасябруюцца яны з намі толькі тады, калі ў нас кулакі здаровыя знойдуцца. А так, калі толькі каб пабедаваць — дык яны і гаварыць не будуць.
— Дык гэта і добра. Ідзі туды, зрабі там пад дрэвам, чаго добрыя людзі не робяць, і скажы, што я ведаю, з якога боку і калі падысці да лагера. Я павяду ўсіх. Няхай ідуць сюды, адгэтуль бліжэй і зручней. Я пайду і прывяду сюды людзей. І мы тут спаткаемся, каб разам ісці на Перабродскую Злыбяду.