Выбрать главу

- Пайду, пагавару з чалавекам, - сказаў сам сабе Амелька, - а то яшчэ здзічэю тут адзін.

Над апошнімі сваімі словамі ён неяк хмурна ўсміхнуўся.

Паволі, як бы раздумваючы, ці варт плысці, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамі, вяла перабіраў рукамі дрот.

Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымі крокамі пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго коніка, паволі ішоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зіму.

Ён быў у доўгім, парыжэўшым ад старасці халаце, няроўна абарваным унізе; доўгія валасы яго закрывалі вушы. Каравыя рукі яго ўспіраліся на плуг, і, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта які-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлі. Босымі нагамі ён ціха ступаў па мяккай чорнай зямлі.

Гэта быў Амелькаў знаёмы.

- Здароў, брат, - сказаў Амелька, падыходзячы блізка.

- Здароў! - адказаў той, прыпыняючыся.

- Позна, браце, араць выехаў.

- От... распагодзілася, - загаварыў араты, - дык я думаю сабе, выеду хоць ад меж адбяру, усё хлопцу будзе заўтра лягчэй. Але як выпагадзілася, - панізіў ён голас, - цёпла, весела.

У гэтых словах - «цёпла, весела» - чулася нейкая радасць чалавека, які бачыць сонца і светлую ад яго зямлю.

- Добра арэцца? - запытаў Амелька, каб як-небудзь разгаварыцца.

- Добра, - адказаў чалавек і, глянуўшы ў разору, прыбавіў: - Люблю я, браце, араць. Ходзіш сабе босы па мяккай разоры, і здаецца табе, што зямля ў цябе ўлазіць.

- А хіба гэта добра?

- Ну, а што, браце. Чалавек адарваўся ад зямлі - прапаў...

- А дзе ж ён можа дзецца з зямлі? - сказаў Амелька. - Усё роўна нікуды з яе не зыйдзеш, каб і хацеў. На ёй астанешся.

Чалавек паціснуў плячыма, бо не знайшоў адказу.

А Амелька пачуў думку, выказаную чалавекам. Гэта думка ўвесь час у яго самога была ў галаве. І яму стала весела. І ўсе яго думкі, як бы зрабіўшы сваё дзела, зніклі, пакінуўшы нейкае лёгкае і бадзёрае пачуццё ў грудзях.

- Дай, браце, я прайду зараз вакол, - сказаў Амелька, беручыся за плуг, - даўно ўжо не араў.

- Прайдзі сабе, - сказаў чалавек і, махнуўшы пугай на каня, ціха гукнуў: - Но!..

Амелька пайшоў за плугам па паласе. Падняўся на гору, мінуў яе і спусціўся ўніз, дзе пачынаўся невялічкі паплавец і на ім рэдкія кусты.

К яму, па калючым іржышчы, босы і ў адной кароткай кашульцы, падкасаны, быстра бег хлопчык гадоў трынаццаці.

- А дзе тата? - запытаў ён, трохі спалохаўшыся.

- Там, за горкаю, - адказаў Амелька.

Хлопчык пазнаў Амельку і загаварыў быстра, глытаючы словы:

- А я бягу, гляджу - здаецца, не тата. Ажно ж гэта вы, дзядзька Амелька. Дайце адно мне.

Амелька перадаў плуг хлопчыку, і той, трохі блытаючыся па разоры нагамі, пайшоў, сваімі дзіцячымі тоненькімі рукамі дзержачыся за плуг і пакіроўваючы яго верна, так, як і трэба.

- Чаго ж ты прыйшоў, змерзнеш, - сказаў бацька яму, як яны з Амелькам, абышоўшы кругом, прыйшлі на старое месца.

- Так, - сказаў хлопчык і засмяяўся.

- Ходзіць у школу, - сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку і паказваючы пальцам на сына, - і мне памагае.

- Ну, а што ж, - адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.

Бачачы, што аратыя збіраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацілася за лес, і, развітаўшыся з імі, пайшоў к парому.

Там ён хутка перавёз на свой бок некалькі фурманак з жытам, а на другі бок двух чырвонаармейцаў.

Яны ехалі на двухкалёсным зялёным возе і некуды спяшалі.

Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.

III

- Паром! Гэ-эй... паро-о-о!..

Чутно было, што крычыць чалавек здаровы і з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.

Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакідаў крычаць і, мусіць, любаваўся сваім голасам, які зычна, на некалькі раз, паўтараўся на другі бок ракі, у лесе.

Праціраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага і белай на сярэдзіне вадзе, якая пад ім чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.

Ад гэтага свету і поле кругом было нейкае белаватае, і здавалася, што нешта там прытаілася, сочыць за ўсім, што робіцца вакол.

На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялі яны каля вады, каля іх цямнелі і варушыліся коні і чуліся людскія галасы.

- Хто першы - узводзь каня, - сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.

- А колькі фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? - пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.

- Адна.

- Э, мала. Доўга перавозіць будзеш.

Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокі воз, узышло чалавек пяць людзей.

Паром ціха рушыў назад.

- Чырвонаармейцы, - сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.

- А што?! - гукнуў з-за воза голас.

- Нічога. Пазнаю, што за людзі. Здалёку?

- З горада.

- Куды?

- На граніцу.

Памаўчалі.

- Што за рака? - бухнуў той жа грубы голас.

- Лоша.

- Слаўнае месца. Лесу многа.

- Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!.. - гукнуў з берага нецярплівы голас.

- Чаго арэш, не пакінем, не бойся! - гукнулі з парома.

- Э-э-э, там, о-о-э!..

- Хочаш скарэй - кідайся ў ваду!..

Два галасы з розных берагоў весела рвалі ціш светлае ночы. Паром і без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць і слухаць зычныя рэхі ў лесе над полем.

А на беразе, каля Амелькавае будкі, ужо раскладвалі агні. Аднекуль цягалі лом, сухія дубцы і збіраліся каля агнёў кучкамі. Выпрагалі і кармілі коней.

Гадзіны праз дзве ўсе ўжо перабраліся цераз рэчку. Людзей было бопьш сотні, яны зразу напоўнілі ціхі і пусты дагэтуль бераг роўным стрыманым гоманам. Чутно было, як «грукалі» коні, жуючы сечку. Гарэла некалькі вогнішчаў.

Амелька стаяў, прыпёршыся плячом да свае будкі, і глядзеў, як дрыжаў свет ад агнёў на тварах людзей.

Адзін твар здаўся яму знаёмым. Гэта быў малады яшчэ чалавек з густымі, падстрыжанымі вусамі.

«Няўжо Юрась з Даўгінава?» - падумаў Амелька і хацеў ужо падысці бліжэй, каб лепш разглядзець, але чалавек сам падняўся з зямлі і, пільна ўглядаючыся ў светлы змрок, стаў хадзіць вакол будкі, як бы стараючыся што-небудзь угледзець.

Прымеціўшы пры будцы Амельку, ён падышоў к яму і запытаў:

- Паромшчык?

- Але, - адказаў Амелька, пазнаючы Юрася.

- Тутэйшы? - зноў запытаў Юрась.

- Не пазнаў? - у сваю чаргу запытаў Амелька. - Юрась, так?

- Чакай, - сказаў замест адказу Юрась і, схваціўшы Амельку за плечы, павярнуў яго твар у бок агню.

- Амелька! - крыкнуў ён весела. - А я такі думаю - хто тут можа быць паромшчыкам, як не тутэйшы чалавек, і стаў прыглядацца, пагавару, думаю, з сваім чалавекам. Аж так яно і ёсць. Ну, як жывеш?

- Жывём. А ты яшчэ ўсё ў войску?

- У войску, старшым тэлефаністам служу, дамоў яшчэ мяне не пускаюць. Папалася якраз праходзіць праз свае, родныя мясціны.

- Дома будзеш?

- Буду, гэта ж па дарозе. Там, мусіць, дняваць будзем.

- Не надаела служыць?

- Не. Каб на адным месцы стаялі, можа і надаела б. Але служба такая папалася жывая - сягоння тут, а назаўтра за сотню вёрст дзе-небудзь. Так ніколі не надаесць. Разглядай сабе свет і жыві. Весела так.

- А мне вось тут весела. Перавожу сабе што дзень, то новых людзей. Часам, чакаючы, думаю, каго-то цяпер прыйдзецца перавозіць. Што за чалавек і адкуль?

- І так слаўна, - адказаў Юрась, - самае галоўнае, у сябе не закапвайся, а жыві ў людзях. Глядзі на ўсё і ўсё ведай.

- Ну, а дамоў не хочацца?

- Мала калі думаю аб гэтым. Заўсёды хочацца да свае сям'і, сваіх хочацца пабачыць, пагаварыць, пажыць. А зямля - усюды зямлёю. Усюды працуй і будзеш жыць.

- Вось, - сказаў сам сабе Амелька ў думках сваіх, - ад каторага чалавека чую тое, аб чым сам часта думаю. На ўсякім месцы на зямлі чалавек дома.

І раптоўна захацелася яму глянуць на ўсё тое, што ў тую хвіліну рабілася на ўсёй зямлі. Захацелася яму куды-небудзь ісці, ісці ўсё бліжэй і бліжэй к нечаму таму, што ў галаве яго вырысоўвалася як галоўны пункт, цэнтр усяго жыцця.

Хацелася яму самому не стаяць каля свае будкі ціха і спакойна, а рабіць якое-небудзь дзела, якое магло б быць відавочным і карысным для ўсіх.

І, як Юрась, пакінуўшы гаварыць з ім, пайшоў к возу збірацца ў дарогу, Амелька, ахоплепы вялікім наплывам думак, глядзеў, як варушыліся на беразе людзі, пакрыквалі на коней і збіраліся згінуць з гэтага берага, каб ніколі не паказацца пры такіх самых варунках на ім.