«Усё на свеце бяжыць і не варочаецца, - мігнула ў Амелькі новая думка, - не траць дарэмна і хвіліны жыцця, бо не вернеш яго».
Пасля таго як бераг зрабіўся пустым, Амелька стаяў і слухаў, як патроху, неўзаметку сціхалі недзе каля лесу зыкі вайсковага абозу.
І тады, у звязку з усім перадуманым, з'явілася ў яго новая, ім самім не зразумелая думка, нават не думка, а пачуццё.
«Трэба глыбей убіраць у сябе жыццё, бо жыць слаўна...»
Ён пайшоў у бок свайго парома і моцна, зычна дыхнуўшы, сказаў, не думаючы аб сваіх словах:
- Эх, ты!..
Каля самага парома ён азірнуўся кругом і бачыў, як чуць-чуць рабілася святлей на ўсходзе. Чутно было, як у Хартонаўцы галасілі пеўні.
Вакол больш не было ніякіх зыкаў; густая і чорная вада цякла ціха і спакойна.
1942
Ноч пры дарозе
I
Абодва яны шэрыя і тоўстыя ад сваіх суконных вопратак, з цяжкімі, грузнымі крокамі ад вялізарных ботаў.
Буяніўшы па жоўтым іржышчы палявы вецер абвяяў іх каравыя твары, мяў густыя борады, дарэмна стараючыся збіць іх з тропу. А яны ўсё ішлі сухою дарогаю, мала азіраліся назад, як бы не думаючы больш варочацца туды, адкуль выйшлі.
І ўсе іх прылады былі пры іх.
У старшага - Уласа - гладка прыставала к плячам падоўжаная вялікая піла ў дзеравянай раме зубамі; у малодшага - Кузьмы - разам з клункамі хлеба горбілася на спіне торба з малаткамі, напільнікамі, грунтвагамі.
Так і хадзілі яны.
Ад сяла да сяла, з мястэчка ў мястэчка. Праходзілі праз гарады і чыгуначныя станцыі. Прыпыняліся там, дзе была работа. Цягнулася яна, гэтая работа, год - не пакідалі яны яе; цягнулася два дні - былі там два дні. А канчалася работа - ішлі далей.
І цягнула іх к рабоце, а значыць, і к людзям, бо дзе работа, там заўсёды людзей спаткаеш.
- Сам ты адкуль, Улас? - запыталі раз у адной вёсцы, дзе яны пілавалі дошкі.
- Не ведаю, - адказаў Улас.
- Як так не ведаеш?
- Не ведаю. З усяго свету, мусіць. Радзіўся каля Вільні, дзе бацька пасля будынкі ў маёнтку будаваў, і што паўгода, то новае месца было. А потым, як сам узняўся на ногі, пайшоў з пілою па белым свеце. Так і жыву.
- І нічога?
- Хоць бы што... Прывычка.
А Кузьма - трохі іначай. Не любіў ён жыцця вечнага валацугі. Была ў яго недзе за Нясвіжам гаспадарка невялікая, жыў на ёй брат яго малодшы; а з братам ён заўсёды быў душа ў душу. Быў у войску, а потым, як звольніўся, граніца дзяржаўная ляжыць між ім і братам. Яно то пастараўшыся і можна было б перабрацца туды, але нялішне квапіў на гэта Кузьма: пасля Чырвонай Арміі - паны; так і чакаў ён усё перамены.
З Уласам спаткаліся яны ў Жлобіне на станцыі. Гурт пільшчыкаў там дошкі пілаваў - мост там нейкі правілі. А тут якраз таварыш Уласаў пакінуў яго. І прыстаў Кузьма к Уласу. Так і пілавалі яны там, пакуль работа не скончылася; а потым, па старой прывычцы, пацягнуў Улас Кузьму за сабою па свеце: дзе чутна работа - туды і пайшлі...
Убіліся ў глуш. Усе вёскі ды хутары ў палёх і між лясоў. У гарачую летнюю пару, калі вёскі пуставалі цэлымі днямі, выправіўшы жывых усіх у поле, мала было работы. Часта тады і не заходзілі Кузьма з Уласам у вёску, а начавалі і днявалі нават часам каля рэчкі дзе-небудзь, у кустах. Пяклі вечарам сала на ражэнчыках, раніцаю ўмываліся ў рэчцы, вымалі з торбы сарочкі чорныя, якія даўно ўжо мыць трэба было, і, уцёршыся, ішлі далей.
Тады Кузьма, гледзячы на Ўласа, і густую бараду сабе запусціў.
А ўвосень работы стала многа, хоць нядоўга прыходзілася прыпыняцца на адным месцы - тыдзень, два - не больш, але затое далей ужо пэўная праца чакала.
Любіў Улас працаваць у глушы восенню. Сытыя вёскі тады. А ў здаровыя ясныя дні «баб'яга лета», калі белае павуцінне блытаецца ў іржышчы за гумнамі, плавае ў чыстым сінім паветры, звон пілы гучна аддаецца ў прасторы.
Весела робіцца за працаю тады...
У пору, калі восень гатавалася ўжо ўступіць месца зіме, работы па вёсках больш яшчэ стала...
Было хоць ясна ад сонца, але холадна.
Начамі былі першыя марозы, але ў палях мала было ім што замарожваць - восень была сухая.
Па аўсяным іржышчы, каля хутароў, цягаліся крыклівыя гусі, а ў чыстым полі і на паплавах панавалі вясёлыя вароны.
Буян-вецер радасна гайсаў па полі, пераскакваў цераз кусты, з песняй забягаў наперад, зазіраў холадам у вочы, трапятаўся за каўняром, блытаўся ў вусах і бародах. Чуць-чуць ад яго пазвоньвала за плячыма піла; боты стукалі размерана, паважна.
- От каб дзе, здаецца, на адным месцы засесці, не люблю цягацца. Каб дзе гаспадарку якую завесці, - сказаў Кузьма.
- Па мне, - адказаў Улас, - можна засесці, можна і хадзіць. Мне ўсё роўна. А пакуль што добра было б прыпыніцца дзе сягоння на работу, цягнуцца далёка ахвоты няма ветрам такім - у вочы сыпле і з ног збівае.
- І ўсяго табе?
- Усяго. Табе другое дзела. Прывык ты к аднаму месцу з малых дзён. А мне ўсё роўна.
- Трэба будзе ў вёсцы якой паклапаціцца, каб на вясну зямлі кавалак адвялі - там і засяду, калі граніца дадому не адкрыецца. Зімою падумаю.
- Падумай сабе... А сяла не відаць нідзе... Заварочваецца як бы вецер з другога боку...
Потым змоўклі і ціха ішлі далей, аддаўшыся глухой дарозе - куды прывядзе... Як дарога крута спусцілася ўніз, узышлі на мосцік над вузкаю рэчкаю. Чыстая вада, сціснутая абкошанымі берагамі, баялася некуды спазніцца і ўсё плыла-плыла, падганяючы сама сябе. Вецер шараваў рэдкімі калівамі пакалечанага быдлам плюшніку аб берагавыя карчы.
- Што гэта ён там робіць, - сказаў Кузьма, ткнуўшы пальцам налева.
Улас стаў і прыгледзеўся.
Там, на жоўта-зялёным беразе, дзе пачыналіся нізенькія кусты ядлоўцу, сядзеў, прытуліўшыся к караваму пню крывое, голае вярбы, рыжы мужык у жоўтым, доўгім кажусе. Ззаду за ім цягалася чорная кабыла, пашчыпваючы нізенькую мёрзлую траву, а вецер падмахваў пасмамі яго доўгае, чырвонае барады, ад чаго падобнымі яны былі да языкоў полымя на вогнішчы ўночы.
- Што гэта яму прыйшло ў галаву пасвіць каня гэтакаю парою?
- Не, гэта ён там так нешта робіць другое.
- Можа і гэтак... Давай сядзем на мосце - аддыхнём і закурым. Ды папытаем, дзе тут вёскі якія ёсць.
Яны селі на халодным мосце, глядзелі ў адно месца, і здавалася ім, што сонца як бы грэць трохі стала.
Рыжы мужык падышоў к пільшчыкам. Высокаю і лёгкаю фігураю сваёю стаяў ён проста пры самым мосце ўнізе, улажыўшы рукі ў рукавы кажуха і ад холаду чмыхаючы тонкім гарбатым носам.
- Аддыхаеце?
- Але.
- Далёка ідзіцё?
- І далёка і блізка. Дзе работа будзе з пілою - нідзе не брышкуем. А сёлы далёка тут?
- Блізка.
- А ты гэта, чалавеча, што каня пасеш гэтакаю парою?
- Пасу, - усміхнуўся крыва рыжы.
- Такі праўда пасеш?
Рыжы скрывіў рот і шырока ўсміхнуўся.
- Ну? - дапытваўся Кузьма. Яму хацелася ведаць, чаго гэта такою парою сядзіць мужык на поплаве. Усімі сваімі пачуццямі і думкамі ён сам быў селянін, і гэта цікавіла яго.
- Ёсць, браце, прычына сядзець мне тут, - загаварыў рыжы. - Вартаўніком сяджу, вось што. Унадзілі ездзіць поплавам - бліжэй, а дарогай - кружней. Па чарзе выходзім кожны дзень, аж абрыдзела. Я сяджу тут і прашу Бога, каб каго чорт нагнаў - не памілую, дубінаю голаў растаўку сукінаму сыну. Проста хочацца, каб хто праехаў. Вось слаўна было б.
- Э-э-э... дык табе, як я бачу, пра поплаў мала клопату, а пра чужую голаў!
- Да гэтага давялі.
- Вось штука... Што бывае з чалавекам часам, гы-гы-гы-гы!..
- Чаго рагочаш, - агрызнуўся рыжы на Кузьму.
- Ды так. Я не з цябе, а з таго, што з чалавекам часам бывае.
- Эх, каб ты згарэла, - гаварыў рыжы, - ніхто, як на злосць, не едзе, як бы ведаюць, што я вартую.
Рыжы ціха, як бы сам над сабою, усміхнуўся. І ўсе яны ўсміхнуліся, потым закурылі. Рыжы ўжо ўсадзіў нос у жменю Кузьмы, дзе тлела запалка, але, не прыкурыўшы, раптоўна ўскінуў галаву ўгору, прыслухаўся і азірнуўся. Там, дзе ён нядаўна сядзеў, грукалі калясьмі драбіны. Рыжы кінуў папяросу ў рэчку і сам пабег па беразе. Драбіны ўехалі ў кусты, ён узаскочыў на каня і кінуўся ўслед.
- От брат, - зарагатаў Кузьма, - што робіцца, каб на яго агні. Гы-гы-гы-гы!..
Ён усімі сваімі пачуццямі і думкамі ўвайшоў у справу рыжага мужыка; хацелася яму скінуць з плеч пільніцкую торбу з манаткамі і напільнікамі і гнацца разам з рыжым за возам па кустах. І ў тую хвіліну, нават няведама для яго самога, у глыбіні яго мазгоў пачала фармавацца думка адцурацца пілы і ўзяцца за плуг. Дзе і як - усё роўна. Так захапіла яго гэтая сялянская справа на пустым поплаве.