Выбрать главу

А Ўлас паглядзеў, як рыжы схаваўся ў кустах, паправіў на спіне пілу і, тузянуўшы за рукаў Кузьму, пайшоў далей.

- А я гляджу, - сказаў ён ідучы, - сядзіць чалавек на беразе, падпёршы плячыма пень, і думаю - нешта тут робіцца. А разабраўся бліжэй - самая пусцячына. Ды гэта яшчэ нічога. Але часам даводзілася, бывала, бачыць, як чалавек што-небудзь і сапраўды задумае як бы важнае, а як прыгледзішся - гэтаксама.

Кузьма ішоў і думаў аб тым, як добра было б быць на месцы рыжага мужыка. Чысціць дома каня, правіць плугі, малаціць, хадзіць па мёрзлым іржышчы к рэчцы, глядзець на паплавы.

І ён ад наплыву думак загаварыў, стараючыся выказаць іх, але блытаючыся ў словах:

- Гэта ж, брат, каб на яго паляруш... От бо, брат, неяк, ліха на яго...

І раптоўна змоўкшы, махнуў рукою і маўчаў ужо ўсю дарогу.

II

У вёсцы вецер уздзіраў салому на стрэхах, шамятаў ёю, гнаў разам з сухім і халодным пылам па вуліцы. За вугламі, на сухім картапляніку, валяліся сабакі, падымаючы галовы на халоднае сонца. Па зацярушаных саломаю дварах галасілі пеўні, дзеці плакалі, ушушканыя ў старыя кажухі і халаты. Дзе-нідзе стукалі па гумнах цапы, бабы і мужыкі абтыкалі мохам хаты каля вокан, падваліны пяском абсыпалі, сцены кастрыцай абкладвалі.

Ад хаты да хаты паволі хадзіў кульгавы жабрак і маліўся за «душы змарлых». З каждае хаты яму выносілі кавалак хлеба або невялічкую скварку, і ён, схаваўшы ўсё гэта ў торбу, зразу пакідаў спяваць, абрываючы сваю «малітву» на паўслове. У іншай жа хаце яму доўга нічога не выносілі. Ён канчаў сваю песню, зазубраную за добрую жыццёвую практыку, а з хаты яшчэ ніхто не выходзіў. І тады ён, каб не маўчаць, пачынаў спяваць усё, што прыйдзе ў голаў, абы яно было так ці іначай звязана з «душамі змарлых».

«Каб вашы душачкі па печы насіліся».

«Каб халоднаю зімою яны з палатак не злазілі...» - цягнуў ён часта ў такіх выпадках; прыдумляў усё новыя і новыя «блажэнствы душам змарлых», да таго часу, калі яму чаго-небудзь не выносілі з хаты. Тады ён скоранька гаварыў «дзякаваць пакорна вам, а мне на міла здароўе» і ішоў далей.

Улас і Кузьма ўвайшлі ў ветліцу* пад вечар. Борады іх былі змяты, твары запылены. Гледзячы на малюнкі вясковага жыцця, Кузьма зноў адчуў у сабе жаданне астацца дзе-небудзь у вёсцы на гаспадарцы. І мала-памалу з'явіўся ў яго нейкі страх перад думкаю, што зноў трэба будзе з гэтай вёскі ісці далей, шукаючы работы. З такімі пачуццямі і думкамі прайшоў ён з Уласам усю невялічкую вёску. Работы тут, як відаць, было многа - уся вуліца завалена была дзеравам, кожны гаспадар збіраўся на вясну, мусіць, ставіць новую хату або правіць старую.

* Ветліца - дарога, абсаджаная вербамі.

- Тут, брат, зазімуем, - гаварыў весела Ўлас.

А Кузьма ўжо станавіўся вясёлы. У яго думках пачала ўжо малявацца магчымасць, прабыўшы тут зіму, прыгледзецца к тутэйшаму жыццю, завясці знаёмствы і, атрымаўшы кавалак зямлі, астацца тут жыць.

Больш, як дзе, дзерава было за вёскай, каля высокае старое хаты, стаяўшай на ўзгорку, асобна. Туды падышлі пільшчыкі. Яны ўвайшлі ў вялікі, чысты двор, заросшы клёнамі. Разганяючы чарады гусей і качак, падышлі яны к ганку, і Ўлас прывычна стукнуў пальцам у шыбу. Потым глядзелі на дзверы - хто выйдзе.

Скрыпнулі дзверы, і на ганку паказаўся рыжы мужык. Ён быў ужо раздзеты; твар яшчэ больш чырванеў, як бы распараны.

- А браткі ж мае, - загаварыў ён, - гэта ж трэба якраз трапіць. Вось добра. А я ўжо пасля шкадаваў, што пусціў вас: гэта ж мне трэба якраз дзерава гэтае папілаваць усё.

- Ды тут у вас работы ў вёсцы многа.

Рыжы агледзеў свой двор і павёў пільшчыкаў у хату. Там было прасторна і светла. На вялікіх вокнах стаялі пабітыя гаршкі з нейкім запыленым зеллем, к сцяне кросны туліліся, ад якіх пахла ні то мокраю пражаю, ні то свежаю кастрыцаю. Вузенькія дзверы ў пабеленай сцяне вялі ў адгароджаны дошкамі невялічкі пакойчык.

І зразу ў пільшчыкаў мільганула аднолькавая думка - багатыр.

- Кулак, - ціха шапнуў на вуха Кузьма Ўласу. Той прыжмурыў вочы, згадзіўшыся.

А рыжы загаварыў:

- Вы ў мяне сягоння начуйце, а за начлег распілуеце мне заўтра дзве плашкі напалам. Заўтра ж або вечарам сягоння пагаворым аб рабоце. Пілоўкі ў мяне многа, а за начлег - я ж кажу, распілуеце мне дзве плашкі заўтра.

«Ну і скупы ж», - падумалі пільшчыкі пра рыжага, а ён ужо расказваў далей пра сябе:

- Даўней я тут карчму трымаў, вялікая дарога тут праходзіць, вунь слупы з акна відаць. А цяпер - так, заезджы дом. Так заязджаюць начаваць або грэцца падарожныя. І няма цяпер жаднага разгарнення. Няма выпіўкі - палавіна даходу паменшала, ліха яму. А даўней, старымі часамі, якая любата была - усе суседнія вёскі ў мяне пілі, грошы, як з мяшка, сыпаліся.

- Ды што гаварыць, - сказаў Улас, каб што-небудзь сказаць, а сам падумаў: «От гад, ліха яму, праўдзівы воўк, нядарам і барада ў яго нялюдская, рыжая, як агонь. Ну, ён, каб прыйшлося, не памілуе».

А рыжы гаварыў далей:

- Тым часам і цяпер многа падарожных бывае. Камісары павятовыя часта ездзяць, вайсковыя, балаголы заязджаюць, везучы тавар, але ўсё ж не тое, што раней, куды к чорту...

Як бы падкрэсліваючы яго словы, заскрыпелі на двары вароты, у двор уехаў вялікі, параконны воз, і хутка ў хату ўвайшлі двое.

Адзін - саўсім малады, з першым маладым пухам на верхняй губе, у чорным кажусе з фалдамі і белым каўняром. Другі - старэйшы, з чорнаю бародкаю, высокі. Ад цёплай адзежы здаваўся сперш тоўстым, але, распрануўшыся, саўсім стаў тонкім.

- Добры вечар у хату, - сказаў ён, усміхаючыся.

А малодшы быстра пераскочыў цераз парог і загукаў весела:

- Як маешся, рыжы? Прымай гасцей. Чуеш?.. Э!..

Рыжы зразу прыняў шутлівы выгляд і лупянуў з размаху вясёлага хлопца па плячы, потым закруціў яго леваю рукою па хаце.

- Здарова, рыжы чорт, - крычаў хлапец, схваціўшы таго за бараду.

А старэйшы - чорны, з выглядам пастаяннага начлежніка, цягнуў ужо ў чысты бакавы пакойчык крыты шэрым палатном чамадан, клунак і тоўсты партфель.

- Давай чым грэцца, - крыкнуў хлапец і, зразу прыняўшы сталы выгляд, пайшоў у пакой і зачыніў дзверы.

- Што гэта за яны? - запытаў ціха Кузьма.

- Ого, брат, - адказаў рыжы з нейкай гордасцю ў голасе ад такога кароткага знаёмства з гэтымі людзьмі, - ого, гэта вялікая начальства - гэта, брат, з павятовага іспалкома.

- Пайшоў ты!..

- Я табе кажу.

- Дык жа гэты зусім яшчэ дзіцё.

- Мала што, ён - камсамолец.

- А той?

- Той - камуніст.

І, хітра падмаргнуўшы, рыжы прыбавіў:

- Яны тут па павету ездзяць і часта ка мне заязджаюць начаваць.

Рыжы зноў маргнуў адным вокам, і нейкі хітры, жадны і непрыемны бляск з'явіўся ў яго вачах.

«Ну і халера, ну і гад рыжы», - падумалі пільшчыкі.

Увайшоў фурман, і ён быў малады і вясёлы. Ён зразу скінуў кажух і захадзіў па хаце, высвістваючы нейкую польку. Увайшла гаспадыня. Яна прынясла зарэзаную гусь і стала завіхацца з ёю каля печы.

- Здароў, Мікітка! - сказала яна фурману.

Мікітка весела падмаргнуў ёй.

- У вас заўсёды начуе многа людзей? - запытаў Улас.

- Многа... Як калі, - адказала гаспадыня.

Пільшчыкі дасталі хлеб і сталі есці.

За душы змарлых,

Ахвяраваліся б акрысы... -

пачуўся пад акном скрыплы і гугнівы голас старца. Рыжы стаў слухаць.

- Вынесі яму чаго-небудзь, - сказала гаспадыня.

- Добры інтарэс, - адказаў рыжы, - толькі што пачаў спяваць, а ты ўжо нясі яму. Нідзе, брат, няма дарэмшчыны, няхай кончыць, тады і вынесу.

- А братка ж ты мой, а-ха-ха-ха, - зарагатаў Мікітка, - ая-ай... От табе будзе карысці з яго песні!..

- Пайшоў ты к чорту, - агрызнуўся рыжы, - не ведаеш ты жыцця: малод яшчэ. Мала што карысці не будзе, але ж яму вельмі будзе соладка, як усюды будуць даваць яму за тры словы. Дзе гэта відана, каб каму самахоць давалі без дай прычыны...

Мікітка стаў пасярод хаты, упёрся рукамі ў бокі і зарагатаў, гледзячы на пільшчыкаў, а рыжы ўзяў кавалак хлеба, патрос яго ў руцэ, потым адламаў ад яго палавіну і пайшоў к дзвярам. Не ўзяўся ён яшчэ за клямку, як дзверы адчыніліся і ў хату ўвайшоў сам жабрак.