Выбрать главу

У 1934 годзе Аляксей закончыў сямігодку. Разам з ёю закончылася маленства. Пачалося юнацтва.

Будучы пісьменнік пасля агульнаадукацыйнай школы працягнуў навучанне — на падрыхтоўчых курсах для паступлення ў польскую гімназію ў Вільні (1938-1939). Вільня — адзін з цэнтраў польскай культуры і адначасова Мекка для беларусаў першай трэці XIX стагод-дзя, была на той час месцам бясконцых палітычных баталій, месцам сутыкнення партый разнастайнай ідэалагічнай і нацыянальнай ары-ентацыі. Уінстан Чэрчыль у свой час сказаў: «Вільня — горад, за які спрачаюцца палякі і літоўцы, але ў якім жывуць беларусы і габрэі». Гэта быў кацёл, у якім выплаўлялася нацыянальная свядомасць і стваралася нацыянальная культура, насамперш беларуская.

Калі ідзеш па вуліцах сучаснай Вільні, погляд звыкла выхоплівае мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя Францішку Скарыну, Рыгору Шырму, Браніславу Тарашкевічу, Янку Купалу, Наталлі Арсенневай.

Малады Карпюк апынуўся ў самай гушчыні віленскіх ідэйных спрэчак. Без сумневу, гэтую частку ўласнай біяграфіі ён «перадаверыць» герою ці не галоўнай кнігі свайго жыцця — аповесці «Данута» — Янку Барташэвічу. Вандруючы ўслед за Барташэвічам па міжваеннай Вільні, мы можам узнавіць і тыя сцежкі — і рэальныя брукаванкі, і сцежкі духоўнага сталення, — па якіх даводзілася хадзіць пісьменніку. Тут, у Вільні, Карпюк наведваўся ў бібліятэку імя Тамаша Зана. Тут сістэматычным робіцца для яго знаёмства з новымі творамі беларускай літаратуры. У кожным выпадку, не выклікае сумневу, што падобна да таго, як Барташэвіч захоплена слухаў чытанне вершаў рэвалюцыйнага беларускага паэта Міхася Граніта, так і Карпюк слухаў вершы Максіма Танка. Паводле ўспамінаў Іны Анатольеўны Карпюк, удавы пісьменніка, ён любіў прыгадваць «вечарыны, на якіх Танк чытаў свае вершы». I «класавыя згрызоты» Янкі, які закахаўся ў генеральскую дачку Дануту, напэўна, маглі быць і адлюстраваннем пакутаў самога Карпюка альбо каго-небудзь з віленскіх знаёмцаў — нягледзячы на тое, што пісьменнік адмаўляў біяграфічны характар «любоўнай лініі» ў сваёй аповесці.

Заканчэнне вучобы ў гімназіі супала з радыкальнай перакройкай карты Еўропы. Савецкая і фашысцкая імперыі, дамовіўшыся пра падзел свету, падзялілі Польшчу. Уз'яднанне беларускага народа, як называўся гэты працэс пазней у савецкіх падручніках па гісторыі, адбылося. Працягваць адукацыю Аляксею давялося ўжо ў Наваградку — спачатку ў беларускай гімназіі, што пераехала з Вільні, а затым у Наваградскай педагагічнай навучальні.

У Наваградку Карпюк не толькі выбраў прафесію — стаў педа-гогам, але і адшукаў сябра на ўсё жыццё. Ім стаў вядомы ў будучым беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік. Вось як ён успамінаў пра сябра: «У Еўропе ішла вайна, маладыя галовы кружыліся ад палітыкі, а пары паддаваў старэйшы за астатніх на пару гадоў Аляксей. Ён устанавіў сабе спартанскі рэжым: схопліваўся з ложка на світанні, хутка апранаўся для спортзарадкі, пакуль астатнія «чухаліся», аббягаў газетныя кіёскі, купляў цікавейшыя газеты, прачытваў на бягу і прыносіў у пакой прыгаршчы сенсацый. Соваў газету ў рукі і раіў прачытаць, што цікавейшае, калі ж некаторыя з нас пасля начнога карпення над кнігамі ці над афармленнем сценгазеты або малявання святочных плакатаў спалі, прыкідваліся хворымі, Алякссй бег на кухню, выпрошваў колькі трэба порцый супу на вынас, прыносіў у пакой і, стукаючы лыжкай па вядры, прамаўляў да галодных страўнікаў, заклікаў умывацца, падмацавацца ды ісці на заняткі, веды нашы патрэбны краіне — гэта зброя! ...Аляксей набыў у нас правы рупара грамадскіх ідэй, інфарматара і напамінальніка. Імпанавала ў ім упартая самастойнасць, незалежнасць меркаванняў, ацэнак і паводзін, пацяшала бяскрыўднае дзівацтва».

Да тых рысаў характару, які адзначае ў сваім мемуарным нарысе Калеснік, дадамо яшчэ адну: адказнасць. Вельмі рана Аляксей Карпюк адчуў ступень сваей асабістай адказнасці — як і адказнасці кожнага — за ўсё, што адбывалася ў краіне і навакол.

Як правіла, такое ранняе пачуццё адказнасці з'яўляецца прыкметай сфармаванай асобы: юнак адчувае сябе сапраўдным мужчынам.

А сталення патрабаваў час. Другая Сусветная ўжо ішла, і праз паўтара года яна стала для Карпюка — як і для бальшыні беларусаў — Вялікай Айчыннай вайной.

Паводле ўспамінаў Калесніка, Карпюк быў ці не адзіным з яго знаёмцаў, хто не толькі не разгубіўся, пабачыўшы масавае адступленне савецкіх жаўнераў з Гародні, але сам знайшоў ваенкама і запатрабаваў залічыць яго добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Ваенкаму, верагодна, было не да добраахвотнікаў: на самым пачатку бальшыня камандзіраў, улучна з Вярхоўным Галоўнакамандуючым, перабывала ў поўнай прастрацыі. Не быў ажыццёўлены і першапачатковы сумесны план двух сяброў: пайсці на ўсход, атрымаць ваенную падрыхтоўку і далей змагацца ўжо ў якасці сапраўдных жаўнераў. Папросту нікога з Заходняй Беларусі, баючыся шпегаў, далей за былую мяжу не пускалі. I Аляксей Карпюк пайшоў адзін — дахаты, у роднае Страшава, на Беласточчыну.

Гэтага высокага каржакаватага дзецюка, якога ніхто не рыхтаваў да вайны, чакаў цяжкі шлях — шлях партызана, вязня канцлагера, жаўнера, які дайшоў да Берліну.

Карпюк пачынаў партызанскім сувязным. У 1942 годзе ён удзельнічаў у групе, якая павінна была арганізаваць дыверсію на чыгунцы непадалёк ад Ваўкавыску. Тут ён разам з братам Уладзімірам і трапіў у палон.

Да партызанаў фашысты спачатку ставіліся значна горш, чым да жаўнераў, — як да бандытаў. Як «бандыты-партызаны» Аляксей з братам былі адпраўленыя ў канцлагер.

Пра жахі канцлагера Штутгаф, у якім яму давялося правесці больш за паўтара года, стрымана распавёў брат будучага пісьменніка Уладзімір, які напоўніцу выпіў горкую чару лагерных пакутаў: «У 1943 годзе за ўцёкі з канцлагера было ўведзенае гэткае пакаранне. Калі ўцякаў (ці спрабаваў уцячы) вязень, а яго сваяк, таксама вязень, ведаў і не паведаміў пра гэта лагерным уладам, яго паказальна забівалі. У нас вешалі. Калі ж высвятлялася, што сваяк нічога не ведаў пра запланаваныя ўцёкі, то атрымліваў фізічнае пакаранне— 100 кіёў і карцэр. Трэба было ўлічваць пры планаванні ўцёкаў гэтыя «правілы». Мы з Аляксеем унеслі карэктывы ў наша лагернае жыццё на выпадак паспяховых уцёкаў аднаго з нас. Перайшлі жыць у розныя «штубы» бараку. Стараліся на вочы адзін другому не трапляцца. Але ўцячы можна было толькі з «аўскаманды», гэта значыць, з каманды, якая працавала за межамі лагеру. Штонядзелі набіралася «аўскаманда» на чыгуначную станцыю для загрузкі вагонаў. Яна звычайна складалася з 17 вязняў. Ахоўвалі дзевяць эсэсаўцаў, у тым ліку афіцэр. Праца вялася дзвюма брыгадамі па 8 чалавек у кожнай. Адна працуе 30 хвілінаў, другая адпачывае. Мы з Аляксеем трапілі ў розныя брыгады. Праца зацягнулася дапазна. Уключылі пражэктары. Гэта было нам на карысць. Аляксей спусціўся з вагона паміж буферамі і коламі і папоўз у бок паравоза —за межы бачнасці ахоўнікаў, а там бегам навонкі і праз плот гароду.

Сабраліся разам дзве брыгады. Афіцэр аховы пералічыў вязняў. Не хапае аднаго. Адразу ўсіх зачынілі ў вагоне. Раптам адчыняюцца дзверы, і эсэсавец на нумар 22585 выклікае мяне. Хапаюць пад рукі і валакуць у залу чакання вакзала. Гляджу — начальнік лагера гаўпт-штурмфюрэр СС Маер, рапартфюрэр Хэмніц і яшчэ два афіцэры СС. Прыводзяць жанчыну, якая паведаміла, што праз яе гарод прабег нейкі вязень у паласатым адзенні. Начальнік лагера даў каманду дагнаць вязня. «Загіне Аляксей», — падумаў я.

Пачаўся допыт. Адзін з афіцэраў нацягвае пальчаткі, а Маер пытаецца, ці я брат уцекача? Адказваю: «Так». Патлумачыў, што быў з братам у кепскіх адносінах і жыў з ім паасобку. Але гэта не задавальняла іх. Афіцэр ударыў мяне па твары. Я не ўстояў на нагах. I тут на мяне градам пасыпаліся ўдары. Потым зноў допыт і збіццё. Апрытомнеў на падлозе ў вагоне. I тут мяне пачалі збіваць ужо вязні. Яны ведалі, што ў падобных выпадках паводле лагерных законаў атрымаюць па 10-15 кіёў кожны. Капо спыніў іх. Нарэшце вярнуліся ў канцлагер. Мяне адразу пацягнулі ў блок для допытаў.