Выбрать главу

Пасля заканчэння інстытута Карпюк працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана. Тут, у Сапоцкіне, сустрэўся ён з вядомым Лаўрэнціем Цанавам — сустрэчу гэтую апіша пазней у сваіх успамінах.

Затым перайшоў працаваць дырэктарам вясковай школы-сямігодкі і адначасова парторгам калгаса, і, нарэшце, вярнуўся ў аlmа mater на кафедру педагогікі. Але за гэты час адбылася ці не самая галоўная сустрэча ў яго літаратурным жыцці: стары сябра Уладзімір Калеснік пазнаёміў яго з Янкам Брылём. Сам Карпюк так напіша пра гэтае знаёмства: «Янка Брыль, як некалі Вайцяхоўскі, даваў штуршок майму ўяўленню, стаў эталонам, на які трэба раўняцца, у каго вучыцца, і быў тым, хто ў мяне паверыў, шчыра і бескарысна памог. Успамінаючы цяпер непісьменныя рукапісы, якімі я завальваў Івана Антонавіча і ў якіх ён умудраўся нават знаходзіць яшчэ штосьці каштоўнае, я не перастаю захапляцца душэўнай шчодрасцю гэтага чалавека, яго педагагічным талентам».

Нягледзячы на вонкавае падабенства — абодва, Карпюк і Брыль — нараджэнцы Заходняй Беларусі, былі высокімі, статнымі, дужымі — яны, як справядліва зазначыў Калеснік, моцна адрозніваліся адзін ад аднаго — і характарамі, і літаратурнымі талентамі. Бліскучы стыліст, схільны да філасафічнасці, Брыль непазбежна кантраставаў у сваёй прозе з Карпюком, чыя творчасць была перанасычаная дыялектызмамі, у каго жыццёвая філасофія выяўлялася не так у аўтарскіх развагах, як у сюжэтах. Але Карпюк і не збіраўся стаць «другім Брылём» — ён шукаў уласны шлях у літаратуры, хацеў распавесці людзям пра тое, што набалела яму самому.

Пачынаў Карпюк з таго, што, здавалася, павінна было давацца яму лёгка, — з побытавых замалёвак, празаічных мініяцюр, змест якіх аўтару падказвала жыццё. Напісаў аповесць «У адным інстытуце» — звычайную аповесць, у духу іншых шасцідзесятнікаў. Выказаў у ёй свае ўражанні ад працы на кафедры педагогікі Гарадзенскага педінстытута. Аповесць прайшла не тое каб незаўважанай — але падзеяй не стала. I стаць не магла. Такіх аповесцяў у савецкую эпоху з'яўлялася безліч.

Трэба было, каб у кнізе прагучала іншае. Каб чытач пабачыў у ёй чужы жыццёвы досвед — але паверыў у яго, прыняў, як свой. Чаго хацелася чытачу 50-х гадоў? Чым ён жыў?

Так, нядаўна закончылася вайна. І людзі памяталі пра яе, смуткавалі па загінулых. Але яны і пад час вайны заставаліся людзьмі — кахалі, пакутавалі, губляючы каханых, кахалі нанова. Буры гісторыі калечаць жыццё, але не адбіраюць маладосці. Каханне на асноведзі гісторыі — вечная тэма.

Так у 1959 годзе з'явілася «Данута».

Гэта не быў раман. Гэта была вялікая аповесць пра каханне. Але менавіта яна на доўгія гады стала для чытачоў візітоўкай пісьменніка Карпюка.

Фабула аповесці простая і знаёмая ўсім з часоў старадаўняга ра-манса пра тытулярнага саветніка і генеральскую дачку. Толькі ў «Да-нуце» распавядалася пра юнака-беларуса, навучэнца вячэрняй школы і дачку польскага генерала.

Дзеянне адбываецца ў Вільні. Карпюк добра памятаў гэты горад. З тэкстам «Дануты» ў руках можна прайсці гістарычнымі вуліцамі сучаснай Вільні, як з турыстычным даведнікам 30-х гадоў. Вось — Беларускі музей (імя Луцкевічаў аўтар назваць не можа — забаронена цэнзурай). Вось — універсітэт, дзе чытаў свае вершы паэт Міхась Граніт. А вось тут, падобна, тая самая жаночая гімназія, у якой магла вучыцца Данута і ля сцен якой чакаў яе закаханы Янка.

Карпюк уклаў у гэтую аповесць усяго сябе. Янку Барташэвіча, героя «Дануты», чытачы — паколькі расповед вёўся і ад яго імя — і прымалі за аўтара. Невыпадкова нават лісты яму пісалі — на выдуманае месца працы, у абласны аддзел адукацыі. У нарысе «Перыпетыі пошукаў» (1977) Аляксей Карпюк прывядзе фрагменты некалькіх такіх лістоў:

«Калі ласка, прышліце, дарагі Янка Барташэвіч (даруйце, не ведаю, як Вас па бацьку!), мне фота сваёй Дануты. Я павешу яго над ложкам і буду заўсёды глядзець на яе вобраз — устаючы і кладучыся...»

«Вырашылі мы зрабіць экскурсію ў Вільнюс ды пакласці на Да-нуціну магілку кветкі. Выязджаем сваім аўтобусам 5 ліпеня ў 6 гадзін раніцы. Просім Вас, дарагі таварыш Барташэвіч, к нам далучыцца. Калі ўжо не зможаце з намі паехаць, то тэрмінова напішыце нам, прынамсі, дзе яе магіла...»

«Кончив читать, я вслух кричала: Сволочь! Сволочь! Идиот! Хуже того Рыжего, что лўпил тебя на сцене! Мало он тебя лупил! Ведь ты коварнее его! Любил ты Дануту, когда она тебе была недоступна, ког-да же она тебе стала доступной — ты стрелял ее! За что, фриц ты?! А Дануту, свою любовь, не удалось самому удушить, и ты оставнл ее на растерзание немцам, зверюга ты!»

Нічога дзіўнага: чытачам 60-х гадоў мінулага стагоддзя хацелася верыць у тое, што існавалі і гэтая дзяўчына, і гэты хлопец, і гэтае каханне. Карпюку ўдалося стварыць тыповую біяграфію для свайго Янкі. Хлопец з Заходняй Беларусі прыходзіць у Вільню, каб атрымаць адукацыю. Ён з беднай сям'і — і цягнецца да радыкалаў з віленскага камуністычнага падполля. Генеральская дачка для яго — «класавы вораг», так што адзін уплывовы літаратар (імя Карпюк у «Перыпеты-ях пошуку» з ветлівасці не называе) папракае Аляксея Нічыпаравіча: «Што, дзяўчыны сваёй не мог яму падабраць, ці якая халера?!» Але каханне павінна ж перамагчы ўсе перашкоды? Вядома ж, павінна. Хочацца чытачу, каб яно перамагло. I калі аўтар наўслед за гістарычнай праўдай кідае сваіх герояў у пекла Другой Сусветнай вайны, заканчвае сваю аповесць смерцю Дануты, — гэта ўспрымалася ўжо як жорсткая несправядлівасць. Адны чытачы былі гатовыя аплакаць Дануту разам з Янкам, другія — выдрапаць яму вочы.

Карпюк апраўдваўся: «Каб ажаніў Леў Мікалаевіч свайго Врон-скага з Ганнай Карэнінай, каб паслаў гэтую пару на цёплыя воды ў Неапаль, каб скончыў на гэтым раман, — твор людзі забылі б яшчэ ў мінулым стагоддзі. I каб Шолахаў выдаў Аксінню замуж за Грышку Мелехава, зрабіў яе старшынёй сельсавета, а яе казака — кіраўніком Вёшанскага валвыканкама і на гэтым скончыў твор, — не было б «Ціхага Дона»...»

Але Карпюк тут відавочна хітруе, не хлусіць, але і ўсю праўду сказаць не можа. Невыпадкова пісьменнік і паралелі праводзіць з такімі класічнымі творамі, якія не маглі закончыцца шчасліва. Ня той час у іх апісваецца, калі шчасце магчымае. З тэксту «Дануты» не вынікае, ці ведаў яе аўтар пра трагедыю Катыні — але пра трагедыю сям'і ўласнай жонкі, бацька якой быў абвешчаны ворагам народа і рэпрэсаваны, Карпюк ведаў добра. Бо і адно з выданняў аповесці падараваў ён — паводле сямейнай традыцыі надпісаўшы першы асобнік — «галоўнаму герою — жонцы Іне». I напішы ён пра шчасце інспектара абласнога аддзела адукацыі і дачкі генерала з буржуазнай Польшчы — гэта было б хлуснёй. А хлусіць Карпюк не мог і не хацеў ніколі. Прасцей было б завершыць аповесць трагічным фіналам — такім, у які паверылі б чытачы, што прайшлі вайну.

I яны паверылі.

«Дануту» Карпюк, паводле яго ўласнага прызнання, перапісаў трыццаць два разы. Аповесць была таго вартая. Нягледзячы на трагічны фінал, «Данута», магчыма, — лепшы празаічны твор пра каханне, напісаны па-беларуску. Хоць бы таму, што гэта сапраўды «аповесць пра каханне», а не пра рэвалюцыю, не пра вайну, не пра калекгывізацыю. Хіба толькі «Альпійская балада» Васіля Быкава вартая стаць з ёю на адну паліцу.

Але «Альпійская балада» — усё ж не галоўная кніга Быкава. А «Данута» для Карпюка — галоўная. Такой яе прызналі чытачы. Вось, напрыклад, што напісаў аўтару Міхась Забэйда-Суміцкі, прачытаўшы падараваную яму аповесць: «Вялікую радасць зрабілі Вы мне сваім падарункам: «Данута», ды яшчэ з такім надпісам, якім чалавек можа ганарыцца. Кніжку чытаў, мала сказаць, з зацікаўленнем, — чытаў з захапленнем! У Вільні і сам бываў, і ўсё тое, аб чым Вы пішаце, мне вельмі блізка. I думак, і пачуццяў супольных там знайшоў столькі, што аж здзівіўся. Да Вашае кніжкі яшчэ не раз вярнуся!.. Шчыры Вам за яе дзякуй».

Потым, пасля «Дануты» было яшчэ многа напісана. Была «Пуш-чанская адысея» (1964). Уладзімір Калеснік,тонкі і сумленны крытык, ставіць яе ў агульны шэраг беларускай рэалістычнай прозы пра вайну, які ён пачынае творамі Кузьмы Чорнага, чыім пераемнікам, поруч з Карпюком, становяцца Васіль Быкаў, Янка Брыль і Алесь Адамовіч.