Выбрать главу

А «ненавуковая» публікацыя адбылася ўжо на зыходзе камуністычнага ўсёўладдзя, у сумна вядомым часопісе ЦК КПБ «Политнческий собеседник». Палкоўнік у адстаўцы Якаў Ледзянёў паставіў свой подпіс пад артыкулам, дзе Карпюк звінавачваўся ў двурушніцтве. Пры гэтым аўтар выкарыстаў у сваім «артыкуле» тэксты тых самых змушана пакаянных лістоў Аляксея Нічыпаравіча — як быццам меў копіі дакументаў з партархіваў проста ў сябе дома. Цені «органаў» стаялі за аўтарам гэтага «твора», змест якога пазней быў аспрэчаны судом.

А тады Карпюку ўдалося дастукацца да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Ён прарваўся да Машэрава праз нешматлікую ў параўнанні з нашымі часамі ахову ў перапынку аднаго з урачыстых пасяджэнняў у Оперным тэатры. I дамогся, каб на наступны дзень яго прынялі і выслухалі.

Машэраў, сам партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны, вельмі добра павінен быў уяўляць сабе, што ж адчувае пазбаўлены ўласнага гераічнага мінулага ўдзельнік вайны. Але і фармальны гаспадар Беларусі Машэраў заставаўся палоннікам уласнага статусу і мусіў выконваць пэўныя правілы партыйнага этыкету.

Партыя не магла памыляцца. А значыць, без «пакаяння» «вінава-тага» не магло адбыцца і яго наступнае «дараванне».

Існуе прыгожая легенда. Пасля таго, як «справа Карпюка» была разгледжана на бюро ЦК КПБ, Машэраў, які на ім старшыняваў, паставіў пытанне на галасаванне: пацвердзіць выключэнне Карпюка з партыі, альбо абмежавацца строгай вымовай за «нявартыя камуніста» паводзіны. Галасы падзяліліся: трое за выключэнне, трое — за вымову.

Машэраў, які галасаваў апошнім, нібыта заявіў: першы сакратар ЦК, улічваючы складанасць пытання, не можа фактычна адзін пазбавіць камуніста партбілета, — і далучыўся да тых, хто прагаласаваў за вымову.

Гэта легенда, якой нам не ўдалося знайсці пацверджання. Але партбілет Карпюку вярнулі.

Верагодна, таму, што Машэраў сапраўды заступіўся.

Аналагічную сітуацыю апісаў у сваіх успамінах сябра Карпюка Барыс Клейн. Ён распавёў пра свой візіт да новапрызначанага першага сакратара Гарадзенскага абкама кампартыі Леаніда Кляцкова. Кляцкоў выслухаў Клейна, пазбаўленага навуковай ступені і магчымасці выкладаць, паабяцаў разабрацца і дапамагчы з працай. Пасля чаго дадаў: «Майце на ўвазе, я не з крыважэрных».

Такую фразу не прыдумаеш. Водападзел унутры партыйнай эліты СССР — і БССР у тым ліку — праходзіў менавіта так: крыважэрныя верныя ленінцы, і тыя, хто крыважэрнасцю не адрозніваўся і спадзяваўся, што сацыялізм можа быць гуманным нават у адносінах да сваіх апанентаў.

«Гуманны сацыялізм»! У 1993 годзе часопіс «Нёман» пасмяротна ўжо апублікаваў успаміны Карпюка «Развітанне з ілюзіямі» — горкую і сумленную кнігу, працяг той самай «Маёй Джамалунгмы», пасля якой пачалося цкаванне пісьменніка. Аляксей Нічыпаравіч распавёў ва ўспамінах, як цяжка даваўся яму перагляд уласных — шчырых — пе-ракананняў, як прайшоў ён шлях ад веры ў камуністычныя ідэалы да расчаравання ў іх. Пісьменнік-партызан стаў адным з нямногіх прадстаўнікоў свайго пакалення, хто знайшоў у сабе сілы перагледзець уласнае мінулае і абраць — праўду.

Гэтага яму і не схацела дараваць камуністычная ўлада. Чым болей адчувала яна ў Карпюку разумнага і сумленнага апанента, тым болей цкавала і пераследавала. Як напіша ў лісце да складальніка гэтай кнігі Барыс Клейн, «ёсць дастаткова матэрыялаў для доказу таго, што ў Гародні ў 1971-1972 гадах была рэалізаваная схема дэзарыентацыі грамадства адносна нашай групы. Быкава ўзялі пад пільны кантроль як «ачарніцеля слаўнага мінулага», які паддаўся варожаму ўплыву, Карпюка «выкрылі» як агента гестапа, а мяне залічылі да сіянісцкай агентуры. Гэтая схема спрацавала і ў другі раз, напачатку 1990-х, калі нам давялося распачаць два судовыя працэсы: адзін перад смерцю Карпюк выйграў, другі ж — па нашым з Міхасём Ткачовым зыску — да суду не дапусцілі».

Усе гэтыя фальшывыя, надуманыя, неаднаразова абвергнутыя звінавачванні зноў спатрэбяцца ўжо ў часы перабудовы, калі партыйныя органы зноў захочуць скампраметаваць Карпюка — занадта відавочным быў ягоны аўтарытэт у вачах інтэлігенцыі

Але ж Карпюк шчыра прыняў перабудову і імкнуўся рэальнымі справамі даказаць, што час змяніўся, што «крыважэрныя» больш ніколі не будуць кіраваць ягонай краінай і дыктаваць ягонаму народу, што і як рабіць, думаць, на якой мове размаўляць.

Падчас перабудовы патэнцыял грамадскага дзеяча Карпюка праявіўся цалкам. Аляксей Нічыпаравіч стаяў ля вытокаў усіх знач-ных грамадзянскіх ініцыятываў на Гарадзеншчыне. Ён выступаў за з'яўленне польскіх школаў, развіццё габрэйскай культуры, і натуральна, што галоўным клопатам для яго стала адраджэнне беларускай мовы і культуры.

Дом Карпюка заўсёды быў цэнтрам прыцягнення для інтэліген-цыі — прычым не толькі гарадзенскай. Тут гасцяваў, прыехаўшы на радзіму, Міхась Забэйда-Суміцкі. Праз утульны кабінет Аляксея Нічыпаравіча прайшлі многія значныя беларускія пісьменнікі — Воль-га Іпатава, Данута Бічэль ды іншыя. Прызнаны лідэр гарадзенскіх літаратараў, шматгадовы кіраўнік Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Карпюк па-бацькоўску апекаваўся пачаткоўцамі, стараўся дапамагчы ім. Шчыльна кантактавалі з Карпюком і менскія вучоныя-фізікі, якія пад кіраўніцтвам Юрыя Хадыкі стварылі пры Інстытуце фізікі Акадэміі Навук Беларусі Музей старажытнай беларускай культуры. Працягвалі абмяркоўваць з пісьменнікам самыя актуальныя пытанні старыя сябры-гісторыкі — Барыс Клейн і Міхась Ткачоў.

У які момант Карпюк пачаў пераглядаць свае перакананні — цяжка сказаць. Відавочна, што гэта давалася яму нялёгка. Ён шчыра верыў у магчымасць пабудовы грамадства сацыяльнай справядлівасці, а таму, як і Ткачоў з Клейнам, ішоў ад камуністычнай ідэі да ідэі сацыял-дэмакратычнай. Магчыма, меў месца ўплыў новага генеральнага сакратара ЦК КПСС — Міхаіла Гарбачова, які публічна загаварыў пра «сацыялізм з чалавечым тварам». I Карпюк цяпер абараняў — як яму здавалася, разам з новым кіраўніком краіны — менавіта чалавечнасць, права кожнага заставацца самім сабой.

Але ён апынуўся далёка наперадзе — і новай улады, і новай апазіцыі. Гэты стары чалавек, які шмат перажыў і перадумаў, застаў-ся верным самому сабе ў галоўным: ён змагаўся за справядлівасць! Прынцып справядлівасці здаваўся Карпюку галоўным — вышэйшым за ўсе астатпія.

Пісьменнік і свой гонар пайшоў абараняць у суд, дамагаючыся, каб закон дзейнічаў. Ён зноў і зноў хадзіў на паседжанні, адпрэчваючы ўжо не аднойчы адпрэчаныя сфальсіфікаваныя абвінавачванні на свой адрас, выстаўленыя то ветэранамі савецкіх спецслужбаў, то партыйнымі функцыянерамі. Карпюк ізноў супрацьстаяў уладзе.

I калі ў студзені 1991 года, калі Аляксей Нічыпаравіч выйшаў на мітынг, каб пратэставаць супраць захопу віленскай тэлевежы АМАПам пад кіраўніцтвам будучага намесніка міністра абароны Беларусі Уладзіміра Усхопчыка, супраць гібелі ні ў чым невінаватых людзей, якія абаранялі сваю краіну і сваё права на свабоду слова, ён даказаў, што застаўся самім сабой — тым самым Карпюком, які звык адстойваць праўду.

Сёння аўтару гэтых радкоў сорамна: тады я знаходзіўся з ім па розныя бакі барыкадаў. Я быў карэспандэнтам гарадской партыйнай газеты і напісаў рэпартаж з таго мітынгу. I калі мы сустрэліся праз два тыдні на той самай плошчы, я адчуў на сабе цяжкі і тужлівы погляд Аляксея Нічыпаравіча: ён ведаў, што я — вучань ягонай жонкі. Больш за тое, ён рэкамендаваў мяне яшчэ ў студэнцкія гады на семінар маладых пісьменнікаў (праўда, даведаўся я пра гэта толькі ў 2006 годзе). Але тады, на плошчы, ён не сказаў мне ні слова...

Ён цяжка хварэў у апошнія гады жыцця. Працягваў працаваць, дапісваў успаміны, рабіў нататкі ў запісных кніжках, спадзяваўся, што паспее рэалізаваць свае задумы. У адрозненне ад героя свайго раману «Карані», дзеда Лаўрэна, ён не быў адзінокі — пры ім была яго сям'я, якая любіла яго і імкнулася прыняць на сябе частку ягонага болю, дапамагчы яму. Але дапамагчы было ўжо немагчыма...