Выбрать главу

Новая ўлада суверэннай Беларусі — і цэнтральная, і мясцовая, гарадзенская — і пасля смерці не змяніла сваіх незычлівых адносінаў да пісьменніка-франтавіка. Пасмяротная кніга з «нёманскімі» ўспамі-намі, што рыхтавалася да друку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», пабачыла свет толькі ў некалькіх сігнальных асобніках. Адзін з іх быў перададзены ўдаве Карпюка, Іне Анатольеўне. На памяць?

Верагодна, як стрэмка, каб балела, прымушаючы памятаць пра нявыдадзеную кнігу, як пра нявыкананы абавязак.

Перасталі выдавацца кнігі. Не здымаюцца фільмы па ягоных творах — хоць і «Данута», і гістарычная аповесць «Белая Дама» так і просяцца ў серыялы. I вуліцу ў Гародні, дзе ён пражыў цэлае жыццё, не назвалі ягоным імем, і мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў, не павесілі.

Ён заўсёды быў западта нязручным для любой улады. Магчыма, таму, што і па сёння кіруюць Гарадзеншчынай многія з тых, хто калісьці выключаў яго з кампартыі ці арганізоўваў супраць яго пак-лёпы, чамусьці лічачы сябе, а не Карпюка, сапраўднымі камуністамі. А магчыма, таму, што справядлівасць яны разумеюць не так, як разумеў яе бескампрамісны франтавік Аляксей Карпюк.

I — не толькі для ўлады. Хоць пісьменнік і не дажыў да эпохі «рынкавага сацыялізму», але нават гады перабудовы паказалі, што і для апазіцыі ён заставаўся «не зусім сваім» — занадта «левым» паводле перакананняў, занадта «інтэрнацыяналістам». Магчыма, таму што не ўкладваўся ў схемы, быў недастаткова гнуткім для тых, хто перабягаў з лагера ў лагер у пошуках больш цёплага месца. А сапраўдныя зма-гары за справядлівасць — такія, як сам Аляксей Нічыпаравіч — зноў засталіся незапатрабаванымі.

Але старыя гарадзенскія брукаванкі да гэтай пары добра памятаюць яго цяжкія крокі — крокі стомленага чалавека, які прысвяціў жыццё пошуку справядлівасці і адышоў непераможаным — у Вечнасць.

Аляксандр Фядута

Данута

Аповесць

НЕ ХОЧУ Я ГНИТЬ КАК ИВА,

НА БОЛОТНЫХ КОЧКАХ ГДЕ-ТО, А ХОЧУ СГОРЕТЬ ОТ МОЛНИЙ, СЛОВНО ДУБ В РАЗГАРЕ ЛЕТА!..

Шандар Пецёфі

Пра ўсё гэта расказаў мне ў санаторыі адзін чалавек. Ад яго я пачуў, бадай, не новае: як сустракаліся закаханыя, рвалі кветкі, пісалі лісты, спрачаліся... Адным словам, выслухаў яшчэ адну гісторыю на «вечную тэму». Але гісторыя гэта — пра каханне ў бурлівы час вялікіх падзей, і таму яна мне здалася значнай.

Перада мной была аповесць — пра каханне, барацьбу і геройства. I вось перадаю яе на суд чытача такой, як пачуў, нічога не дадаючы і не адымаючы.

А ў т а р

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Раздзел першы

1

У пачатку восені 19З8 года я прыехаў у Вільню і паступіў на вячэрнія курсы пры жаночым ліцэі.

На курсы ішоў той, хто не мог трапіць у гімназію або быў пераростак, як я.

Мы не бывалі ў памяшканні ў час заняткаў дзённай змены, і з гімназісткамі, як мы звалі вучаніц ліцэя, курсанты не бачыліся.

У ліцэі і на курсах канцылярыя была адна, ёй спатрэбіўся пасыльны. Узялі мяне. Так я займеў доступ да дзённай змены.

У першы дзень работы даручылі разносіць па Вільні пісьмы.

Выканаўшы заданне, я вярнуўся ў ліцэй. У зале ішоў канцэрт. Я наблізіўся да зашклёных дзвярэй і крадком паглядзеў. Такога бачыць яшчэ не даводзілася. Як зачарананы, я доўга ўзіраўся.

У зале выступаў хор. На сцэне выстраіліся, адна ў адну, прыгожыя паненкі ў новенькіх уніформах. Дастаткова было зірнуць, каб пераканацца, што жыццё гэтых паненак праходзіла ў такім дастатку і радасці, пра якія мне і не снілася.

Скончыўшы песню, пяюхі сціскалі вусны, крывілі іх, усё перажывалі: будуць ім апладзіраваць ці не; у вачах былі такі спалох і чаканне, што стала нават шкада харыстак.

Але я зараз жа адагнаў ад сябе добразычлівасць. Вось такім мая маці заносіла ў горад усё да каплі малако. Такія абыходзілі мяне ў пачатковай школе здалёк, не хацелі сядзець за адной партай, бытта я заразны! У маёй вёсцы ад цяжкай работы дваццацігадовая дзяўчына — старая дзеўка, у трыццаць пяць бабуля, аў горадзе ўсё - паненкі, каб вы паздыхалі!

Адну харыстку я пазнаў.

Гэта была мая суседка – дачка генерела. Паненка бянтэжылася больш за ўсіх. Яе разгубленасць была нявіннай і мілай. Калі паненка заспявала, вочы яе зрабіліся натхнёныя, яна пасмялела, поўны пачуцця голас, паліўся роўна і так кранаў за душу, нібы ішоў не з яе, а з маіх грудзей.

Яшчэ дзяўчына мела зграбную постаць. Каб не прадузятасць, я мог бы адразу сказаць, што яна — рэдкая прыгажуня. Але я пачаў выдумляць на суседку тое, чаго не было.

Мы, курсанты, адчувалі сябе пакрыўджанымі лесам і зай-здросцілі дзённай змене — недасяжнай мары. Наглядзеўшыся на выпеставаных, гадаваных на масле і смятане паненак, я толькі ўздыхнуў, паціху вылаяўся — халера! — ды адправіўся ў канцылярыю рабіць справаздачу.

Сёння насіў я пісьмы ў мужчынскую гімназію і праз адчыненыя вокны бачыў гімназістаў. Гэта былі не нашыя курсанты — нжмелыя, стомленыя ад працы, апранутыя хто ў што.

Асабліва запомніліся іх разбэшчаныя твары, бессаромныя вочы. Гімназісцікі ў новенькіх мундзірчыках не маглі спакойна ўседзець і некалькі хвілін за партай. Хіхікалі, крывілі морды, перакідваліся паперкамі...

Ідучы з ліцэя, я ніяк не мог забыцца на харыстак. Тады паста-раўся ўспомніць нахабныя вочы гімназістаў і, нібы перада мною стаяла дачка генерала, упікнуў яе:

— Спявай з імі, яны табе падпяюць!..

Толькі так падумаў і надышоў на саміх харыстак. Мая суседка была ў цэнтры ўвагі. Яна з натхненнем апавядала:

— О-ей, калежанкі! Вы сабе не ўяўляеце, як цяжка выйсці перад хорам і запяваць! Як падумала, што на мяне будуць глядзець, ногі так і прыраслі да падлогі! Глянула прафесару[1] ў вочы, а ён прыязна ўсміхаецца, і я адразу пасмялела. Потым ужо нічога не бачыла, толькі яго вочы!

Ад захаплення сваім апавяданнем яна аж свяцілася шчырасцю і даверам, і хоць вочы яе былі пакіраваныя ў мой бок, мяне яна, вядома, не бачыла. Паненкі глядзелі на яе аддана, з абажаннем і скрытай зайздрасцю.

Агорнутая новай хваляй успамінаў, суседка загаварыла яшчэ больш жыва:

— А вы не заўважылі, як я забылася на словы песні? Не?!. Шапчу вам: «Скажыце, як пачынаецца «Гураль»[2]. Вы думалі, я жартую, і маўчыце. Піяніст іграе апошні такт уступлення, а ў маёй галаве — пуста! I толькі ў апошнюю секунду аднекуль узяліся словы! Можа, ніколі ў жыцці яшчэ так не стамлялася!

Гімназісткі свабодна, на ўсю вуліцу засмяяліся.

Тое, пра што яны гаварылі, было даволі цікавым, але і такім недасяжным, што мне аж стала крыўдна.

Фу ты! Выразам свайго твару я падсвядома паўтараў выраз твару паненкі і толькі цяпер спахапіўся. Імгненна згасіў усмешку замілавання і азірнуўся.

Не, здаецца, ніхто не бачыў.

2

Вярнуўся я тады з ліцэя і, як ніколі, зноў адчуў несправядлівасць на гэтым свеце.

У Вільні мяне праследавалі адны няўдачы.

Ад нас тут вучыўся і Генрых Станеўскі. Маці мне наказвала, калі будзе пільная патрэба, звяртацца да яго за дапамогай. Генрых быў не з нашай, а з суседняй вёскі. Прадзед яго перабраўся ў наш край з Памераніі і прыстаў да мжцовай дзеўкі. Бацька Генрыха вёў гаспадарку па-навуковаму, і іхняя сям'я жьша лепш за другіх, хоць зямлі мела зусім мала. На адным лузе з Генрыхам пасвіў я каровы, а потым маці пасылала мяне кожнае лета купляць у яго падручнікі: Генрых ішоў на клас вышэй, быў выдатнікам, а падручнікі ў яго былі без ніводнай плямкі.

I вось у Вільні мы сустрэліся. У першы дзень. Я з клункам валокся з вакзала па адным баку вузенькай вулачкі, а ён насустрач — па другім. Станеўскі вёў паненку.

— Гэнек! — закрычаў надта ўзрадаваны я.

Зямляк адвярнуў галаву — бытта не чуў. Спачатку я нічога не зразумеў, пабег за ім. Цяпер ужо не крычаў, а — кашляў. Тады абагнаў і яшчэ раз пайшоў насустрач.