Выбрать главу
Дзіўны шэпат у лісьці, А я з мараю нязьдзейсьненаю: Як у шчасьцi узрасьці I цьвісьці вясною песеннаю?
Як ад гора уцячы? Капцюрамі ліха драпаецца. На Купальлі уначы Мы шукалі кветку папараці.
Аджа кветкі не знайшлі, Толькі морак плыў над парасьцямі. Маладосьць мы перайшлі, Бачым поступ блізкай старасьці мы.
Розных думак рой імкне. Вунь жаданая, расквечаная Серабрыцца на вакне, Ды цяплом амаль зьнявечаная.
Клаў мароз на шыбы вас У спляценьні хітрым, папараці! Вам трываць нядоўгі час — Заўтра кроплямі закапаеце.
1942
ВЕРА Ў СЛОВА
Так, даўней па вёсках гора пекалі I жылі на горкай лебядзе. Ведзьмакамі сьвет муціўся некалі, Іх клялі ў накліканай бядзе.
I падзіў, і ўрок, і сны трывожныя... На жніве змагаліся з тым злом: Абжыналі жыта прыдарожнае Ды вязалі жычкаю залом.
Чараўнік імчаўся зданяй шпаркаю, А за ім грымелі пяруны. Ён насланьне гнаў над гаспадаркаю, Падымаў нябожчыка з труны.
Расьсяваў наўкол насеньне кепскае, Каб яно бур'янам парасло; Каб стагнала цяжка глуш палеская, Дзе стаіць самотнае сяло.
Зло ішло... Карова забадалася I давала мала малака: У бядзе ізноў віна складалася На таго старога ведзьмака.
Замаўлялі штосьці над карэньнямі, I цадзілку мялі ў саганох, Кіпяцілі зь зельлем белапенную, Каб нячысьцік скурчыўся і ссох.
На яго ступалі зь песьнятворамі, З конаўкай нашэптанай вады, Уначы мярцьвілі загаворамі — Ў сілу слова верылі дзяды.
1945
НЕМЫ ЛІРЫК
Мабыць шчасьце зраклося яго, Перасьледуюць крыўда, няўдачы. А ня ведаюць людзі таго, Што ён лірык із сэрцам гарачым.
Ён маўчыць. Ён ня можа сьпяваць. Трапяткое хаваецца слова. Засьвістаць на зацьвілую гладзь — Шчэ ня довад, што песьня гатова.
Шмат на сьвеце было песьняроў, Іх забылі, як леташніх пеўняў, Бо ніводзін пяшчотаю слоў Не запоўніў радкі, Не запэўніў, Што мастацтва — душы запавет, Будзе жыць аж да сьветнага скону...
Немы лірык, З пачуцьцямі — ў сьвет! Свой сьвяты абавязак выконвай.
1954
ВОСЕНСКАЯ ЭЛЕГIЯ
Шолахнага золата у садзе Мы цяпер ня можам зразумець. Восенскі імглісты лес ня надзіць Да сябе пад хвойную павець.
Выпятрылі добрае, што мелі I згубілі кволасьці свае. Мягне шчасьце дзесьці на адмелі, Сёньня нас сьцюдзёны смутак б'е,
Раніць арабінавае раньне Шэлестам апошняга лісьця... Дружа мой! У гэтым дагараньне Нашага пустога пачуцьця.
Не знайшлі мы ў сто каратаў слова, А ў душы ста градусаў цяпла, Каб любоў шырока і вяснова Ў сталасьці і ў старасьці жыла.
Каб маглі мы чыста захапляцца Краскамі, каралямі расы, I ў праменьні Божага багацьця З чуласьцяй узьняцца да красы.
Ці паўстане зноў настрой здаровы, Жарты, гульні, што назвод пайшлі?.. Не знайшлі мы ў сто каратаў слова, А яно існуе на зямлі.
1955
ВЕСЬНІЯ НАДЗЕІ
Зацьвілі надзеі Ў ясны дзень вясновы: Людзі-дабрадзеі Дом збудуюць новы.
Будуць маладыя Ладзіць навасельле. I пайду тады я Да іх на вясельле.
А сягоньня сініць Смутак мае вочы. Сьніцца мне гасьцінец I сяло на ўзбоччы.
Маё сэрца бачыць Абразы старога. Мірсьціцца, маячыць Простая дарога.
Чараты над рэчкай I з каткамі лозы... I мая засечка На кары бярозы:
Памятка спадзеву, Што калі вярнуся, Соку з таго дрэва, Смагнучы, нап'юся.
Я нап'юся соку, Я памаладзею. Так... нясу высока Веру і надзею.
1951
ПАЯСОК
Мне случанка падарыла Найпрыгожы паясок. Пачуцьцёвай процьму сілы Выбраў вытканы кусок.
Зацьвілі на кожнай нітцы Мары ткальлі маладой. Ёй вузор пазорны сьніцца, Шоўк ільсьніцца пад рукой.
I мітусяцца ўразбродку Зоркі ў зыркім паяску, I праменьні пасяродку Прабягаюць па шаўку.
Краскі, крыжыкі, шмат рысак Чырванеюць па бакох. Палымнеець ясны прысак — Беларускі даўні бог.
Сыплець іскрамі Ярыла Зь ніцяў золата пясок. Гэты слаўны паясок Мне случанка падарыла.
1942
ПЕРАД СЬВЯТАМ
А чаму, зь якой прычыны, Пад брывамі у дзяўчыны У блакітнай глыбіні Загараюцца агні?
Ці таму, што блізка сьвяты, Што прыходзяць часта сваты, Мёд нясуць, гарэлку п'юць I, частуючы, пяюць.
Пазіраюць ёй у вочы, А ў адказ ім — сьмех дзявочы. — Ня гуляйце да цямна! Мае любага яна.
З Васілём, хлапцом вясковым, Ёсьць інтэрас, адным словам. I вясельле пойдзе ў лад, Мае быць пасьля Каляд.
А таму, з тае прычыны, Пад брывамі у дзяўчыны У блакітнай глыбіні Загараюцца агні.
1942
НА ПРАДВЕСЬНІ
На прадвесьні па жарсьцьве дарог Я пайду за горад пець прастору, Мне ўжо сьніцца сонечны мурог, Мне прыносіць гліца пах чабору.