Выбрать главу
А яшчэ ня выбегла нідзе 3-пад зямліцы траўка маладая — Сымбаль сыці і людзкіх надзей. А яшчэ пахмура паглядае
Ў талым сьнезе прэлая зямля, Як іржа рудая на зялезе. Аж ня ўрымсьцiцца жальба мая, Асьцюком у верш яна залезе.
Будзе песьні мутарна маёй. А пасьля, калі ўсьміхнуцца руні, Праліецца сум, і супакой Ляжа ў сэрцы на жывыя струны.
Акрыліцца слова. Пойдзе ў друк. Хай чаруе, песьцiць на прадвесьні. Дзесьці тоне ў просіні жаўрук, Ён пяе напэўна мае песьні.
1938
ЗЛОЕ ШЧАСЬЦЕ
Я маю злое шчасьце: Любіць і боль цярпець, Падняцца, нізка ўпасьці, Зноў узьляцець і пець.
I песьнямі сваімі Спакой душы знайсьцi, Бяз крыку, з простьм імем Да хараства ісьці.
Гарэць... ахвяры класьці, I ўсёй істотай пець. Такое злое шчасьце Паэт павінен мець.
1938
МНЕ ШКАДА
Зажурыўся сад улетку — Салаўя загналі ў клетку, Мне шкада...
У садку сарвалі кветку, Начапілі на жакетку. Мне шкада ...
Салавей прыціх у клетцы, Кветка вяне на жакетцы — Мне шкада...
Радасьць чыстая, сьвятая Хараством жалобным грае — Мне шкада.
1927
ВЯЧОРНЫ СЬПЕЎ
Захад мягне ў журавіне, Хмары звоняць у званы. Вечар сіні па даліне Расьцілае туманы.
На аблоні вечар млявы Лёг і слухае цішком, Як гамоняць краскі-травы З кучаравым хмызьняком.
Кадзіць ладанам ракіта... I крычыць мая душа — Дзесьці ў кляштары забытым Незабытая імша.
Бомы льлюцца, будзяць далі. Глуха стогне медзь званоў. Бомы штосьцш мне згадалі I сагрэлі наквець сноў.
1928
ПАДАРУНАК
Там, дзе дубчыкамі простымі Вербалоз расьце з арэшынаю, Сплёў я кошык ёй, і ў ростані Застанецца люба ўсьцешаная.
Пахне сьвежаю ракітаю Кошык з выгнутымі рэбрынамі. Вочкі ніцямі абвітыя Залатымі і сярэбранымі.
Дужка беленькая, гладкая Стужкай-стружкай упрыгожаная. Падарунак будзе згадкаю Ўсхваляванаю, ўстрывожанаю.
Бо як пойдзе люба з кошыкам Ў лес па ягады засмучаная — Адгукнецца песьня пошчакам, Што дзяўчына ўжо заручаная.
1935
АСТРАЛЁГ
Выходзіць апаўночы, Варожыць, зоры ліча. Устромленыя вочы Ў нябёснае аблічча.
А ў гараскопе — сьмецьце, Ўсё зьмеценае ветрам. Як цяжка жыць на сьвеце Бяз сьвежага паветра!
Імглою засьцілае Густая тхлань прасторы. Гуляе доля злая I на зямлі і ў моры.
Ідзе бяда вайною I топча ўсе народы. Няма нідзе спакою, Няма праўдзівай згоды.
З далёкіх сонных зорак Зыходзіць прашчур ценем, I штосьці кажа ў морак Загадкавым мігценьнем.
Апакаліпсы неба Мне астралёг чытае. — Ня трэба больш... Ня трэба... Маўчы! Ужо сьвітае.
25.4.48
СЫН ЖЫВЕ
Я ня атамы шляху малочнага, А наземныя зьявы пяю... Маці моліцца, сына малодшага Заклікае сьлязьмі у сям'ю.
А малітва гарачая, простая. Слоў няма, дый навошта яны! Сына постаць у мроях выростае, Апавітая жахам вайны.
Вісьне ў хаце сутоньне сухотнае, I пытаньні стаяць на чарзе: — Дзе сынок? Можа доля гаротная Сакаліныя крылы грызе?
Хоць суседкамі шмат наварожана На вугольчыках ці на вадзе. Навярэджаны боль, натрывожаны Не знаходзіць спакою нідзе.
Палахлівыя думкі над картамі, Нібы стогны напятай струны, Паплылі хваравіта-упартымі: — Можа мёртвым ляжыць бяз труны?
Можа ён у шпіталі зьнявечаны, А мо здаўся няшчасны ў палон, I цяпер ён радзіме зь Нямеччыны Пасылае апошні паклон.
Гэтак ночка сплывае лятункамі I віецца суровая ніць. Думкі маці плятуцца карункамі, Гэтак маці старэнькая сьніць.
I нямала ўжо сноў растлумачана, А ці сына разгаданы лёс? Ой, дранцьвее ўначы сэрца матчына, Сохне ў кроплях затоеных сьлёз.
Узьлятае надзея і падае... Вытры, маці, сьлязінаў расу. Я цябе песьняй вешчай узрадую, — Ліст Чырвонага крыжу нясу.
Вір падзеяў страшэнна закручаны, Сыну ўсё-ж наканована жыць! Зь лепшай доляй сьвяткуе заручыны, Шлях ягоны на Захад ляжыць.
1942
ЦЫМБАЛІСТ
Ён пазнае душой людзкую кволасьць I творыць казку чараўнічых сноў. Таму ў яго пад колер струнаў волас I вусны выцьвілі ад сьпекі сьпеўных слоў.
Зрывае дзед з цымбалаў гукі-звоны, Яны лятуць, як лісьце па вятры. На Беларусі зь песьняй плытагонаў Усе дарогі выхадзіў стары.
Ён перажыў усіх цароў на сьвеце, Страхоцьце войнаў на сваёй зямлі, I павыросталі на славу дзеці, Дый за чужую славу паляглі.
Але былі таксама — іх ня мала, — Што пралівалі за Радзіму кроў. Прызыўны голас дзедавых цымбалаў Зьвінеў магутна ў сэрцах змагароў.
Іграў музыка ладна ў непагоды, Сьпяваў пра вёсны, вусны, маладосьць. I абуджаў лагоднае заўсёды, А да чужынцаў накіпала злосьць.