Выбрать главу

Ёй было сорамна — яна так апраўдвалася. Яшчэ ён па гаворцы распазнаў у ёй тутэйшую маладзіцу з-пад Беластока — дакладна такую самую, якія яму не раз давалі ў партызанах есці, хавалі, мянялі бялізну ці вішчалі ды лямантавалі, каб ён з сябрамі хутчэй уцякаў, пашкадаваў яе дзяцей, бо унь, за ўзгоркам, пруцца на «равэрах» немцы. Трэба было з удзячнасцю падтрымаць яе хлусню ці хоць крыху прылашчыць, ды размовы весці ён не ўмеў, а хлусіць — тым больш не збіраўся.

Тым часам маладзіца разумела яго таксама і нічога не патрабавала. Раптам рука яе пад гімнасцёркай намацала правал пад лапаткай, і жанчына стрымала дыханне.

Бе-едны! — пачуў ён праз хвіліну яе сардэчнае спачуванне.— Ну, паспі-і, паспі-і шчэ, табе мо-ожно, а мне — пара

Яна адхілілася, надта чула і старанна падаткнула пад яго шынель, прыкрыла твар каўняром, паправіла на сабе адзенне, села ды, прытворна пазяхаючы, пракрычала камусьці ў цемру:

— Броня, ужэ Фасты праехалі, трэ збірацца! Пасядзім на вакзале, покуль каменданцкі час пройдзе, як думаеш. Досыць вылежвацца, рыбачка, паднімай нашых бабаў!..

На даху раптоўпа загрукатала, бытта на яго ўзвялі падкаваных коней; пачуўся скрыгат — цягнулі нейкія скрыні, мяшкі ды чамаданы.

8

Прыбылі яны на станцыю Беласток-Цэнтральны яшчэ зацемна. Гурба баб з мяшкамі і рукзакамі на спінах паваліла на вакзал. Як ён ні прыглядаўся, але ў натоўпе, асветленым цьмянай лямпай на слупе, спадарожніцы сваёй разгледзець не змог.

У бок Ваўкавыска, куды яму трэба было адпраўляцца, поезда пакуль што не было. Ісці ў горад? Панаваў яшчэ каменданцкі час, і з патрулямі лепш было не звязвацца. Ля кубавой нейкія мужчыны палілі са старых шпалаў вогнішча, салдат падышоў да іх, прыслухаўся. Пажылыя і юнакі караталі сабе час, успамінаючы выпадкі з вайны. Дзівакі, яшчэ мала ім?! Перасычаны ўсё тым жа адчуваннем здавальнення і бадзёрасці ва ўсім целе, салдат пакрочыў на вакзал. Яго як магнітам цягнула зірнуць на спадарожніцу пры святле.

Яе батарэец заўважыў здалек. У заваленай мяшкамі ды чама-данамі пачакальні сядзела мноства жанчын — хто з іх драмаў, хто браўся за снеданне, хто застыў, згорблены, у тупым забыцці. Яна сядзела ў цэнтры на белым мяшку і некага выглядала, вочы яе аж гарэлі. Спаткаўшыся нарэшце з ім позіркам, шчасліва ўзрадаваная маладзіца запрамянела яшчэ больш ды аблашчыла яго вачыма, поўнымі мацярынскай ласкі і спагады. Ён толькі на секунду затрымаў свой позірк на гэтым багацці прыемных адценняў ды адчуў, як душа яго поўніцца ўдзячнасцю да гэтага чалавека. У батарэйца нібы выраслі крылы: ён зрабіў энергічнае — кругом! — і пакрочыў назад.

Пачынала світаць. Ля вогнішча даўно не голены дзядзька з захапленнем казаў:

— А Саколе як яны файно раскалашмацілі! Захапілі станцыю, варту звязалі, а поезд разнеслі мінай ушчэнт! Немцы перлі якраз на фронт зброю; яны падагналі сотні дзве фурманак, наладавалі аўтаматаў, кулямётаў, гранат. Спалілі станцыю і — у лес! Шчэ і запіску пакіпулі з намаляванай фігай!..

Батарэец спахапіўся, што апавядаюць якраз пра яго партызан-скія прыгоды. Толькі на самой справе ўсё было не так. Саколе не станцыя, а — паўстанак. Пад поездам пералажылі стрэлку, і эшалон усяго саскочыў з рэек. Варты тады вязаць не трэба было, бо тры немчыкі з «вахі», пачуўшы партызан, уцяклі. Ніякай і зброі тады не здабылі — вагоны былі з параненымі. Паўстанак жа толькі падпалілі — у хлопцаў не хапіла бензіну. Не фігу, а цэлае пісьмо вывелі крэйдай на дошцы для немцйў...

«Ладна, няхай так будзе! —пасмяяўся салдат у душы.— Але ж — ты глядзі, людзі ўжо стварылі легенду!»

Ён раптам адчуў сябе шчаслівым, яму зрабілася ўсё ясна і стала зразумела, як жыць. Не ўвязваючыся ў размову, напоўнены радаснай энергіяй, салдат закінуў рэчавы мяшок на плечы ды энергічна пайшоў яшчэ раз шукаць поезд. Разглядаючы ў бадзёрым бляску раніцы знаёмыя сілуэты будынкаў і вакзальных таполяў, батарэйцу ўжо здавалася, што адгэтуль на фронт ён і не ад'язджаў, а ва ўсім целе адчуваў такую мускульную радасць, што пра сваю рану забыўся зусім.