Выбрать главу

Альяш гарэлкі не браў і ў рот, не цягнула яго і да людзей, чалавекам быў нелюдзімым. Толькі і дома карысці з яго многа не мелі. Дзяцей ён не любіў, з жонкай жыў кепска — яна сварылася з-за кніжак.

У салдатах Альяш служыў дзеншчыком у афіцэра і навучыўся чытаць, Цяпер ён кожную нядзелю заглядваў у царкоўныя фаліянты.

Альяш ведаў напэўна: брата Максіма загубілі гарадскія «аратары» і «бунтары». Усё новае, паводле Альяша, было параджэннем сатаны, д'ябла, і ўпартаму селяніну захацелася чорным сілам стаць папярок. Абмежаваны дзядзька старажытныя тэксты ўспрыняў слова ў слова, паверыў ім па-мужыцку — грунтоўна, раз і назаўсёды.

У бабак і сялян, што «святога пісання» чытаць не маглі, Альяш паступова пачаў выклікаць пашану, з-за чаго Юззфіну аж распірала ад гонару. Не даючы сказаць нявестцы і слова, старая стала сына падхвальваць. Неўзабаве нелюдзімы яе сын і стварыў славутую легенду, з якой і пачалася ўся яго дзейнасць як прарока.

Альяш стаў людзям апавядаць, што, калі ён пасвіў коней, раптам яго асляпіла незямное святло, на небе з'явілася багародзіца ды аб'явіла, што бог даручае яму пабудаваць на тым: пагорку, дзе яго маці нарадзіла, царкву.

Яшчэ багародзіца бытта сказала Альяшу, што тое месца будзе святым, а ён стане прарокам-цудатворцам.

Калі развіднела, на дрэве вісела іконка маці божай з Чэнстаховы. Альяш спалохаўся, іконку з гарачкі закапаў, але ў наступны дзень яна бытта зноў апынулася на той самай галіне.

Гэткія байкі тады былі надта распаўсюджаныя.

Страшаўскі Клемус на поўным сур'ёзе нам апавядаў — калі ён пасвіў валоў, раптам заныла ў яго спіна, засвярбелі ступакі. Праз хвіліну перад ім адкрылася зямля, і ў яме з агнём ён убачыў капец золата.

Не звяртаючы ўвагі на жар вуголляў, дзядзька пачаў выграбаць золата сабе ў прыпол, але яму ўсё здавалася мала. Ён дацягнуў да ракавога моманту — вяртаўся аднекуль чорт, праспяваў пеўнем, і багацце знікла.

— Во, сляды ад агню, бачыш?— паказаў ён мне свае закарэлыя рукі з белымі плямкамі, дзе прамяністымі зборачкамі нарасла маладая скура. — Эх, каб паспеў да таго, халернаго, пеўня золато тое вынесці наверх, хібо ж я такі цяпер быў бы, сынок?..

Мне і сёння дзядзьку шкода. Самаашуканства, мусіць, было такое моцнае, што і рукі ў чалавека пакрыліся пухірамі.

Яшчэ Клемус упарта і падрабязна расказваў, як перад ім з'явіўся пан Езус ды аб'явіў яго святым. Некалькі пакаленняў страшаўскіх дзяцей ведала на памяць, што сказаў Сцяпанаваму бацьку Хрыстос і дзе здарыўся цуд...

Як Клемусу яма з золатам і Хрыстос, так і поўнаму забабонаў Альяшу магла з'явіцца ў яго хваравітым уяўленні і маці божая. А мог ён усё выдумаць, але потым столькі разоў паўтараў хлусню, што і сам у яе паверыў. Так ці інакш, але страшаўцы дакладна памяталі, калі Альяш пачаў апавядаць сваю легенду, і смяяліся з яго, бы са старога Сцяпанавага бацькі.

Смяяліся людзі з грыбоўшчынца дарэмна.

Пахаваўшы маці, а разам і яе веру, якая яго пад-сцёбавала, Альяш рук не апусціў. На ўзгорку пад лесам Клімовіч і праўда пачаў капаць роў для падмурка ды вазіць туды камяні.

2

Дзіўна паводзяць сябе часамі людзі.

У перапоўненай зале варта кашлянуць ці пазяхнуць аднаму чалавеку, як пачынаюць кашляць і пазяхаць астатнія, — гэта ж не выдумка, што за мяжой дырэктары тэатраў нанімаюць спецыяльных рагатуноў, каб сваім смехам падахвочвалі ўсю залу.

З'яву такую вучоныя пазываюць «псіхалагічным рэхам».

...Неўзабаве навіна пра аб'яўленне Альяшу маці божай і аб яго рабоце перакінулася на вёскі суседнія ды памчала па іх тым самым тысячагалосым «псіхалагічным рэхам». Імчала ўжо перайначанай, з дапаўненнямі, вырастаючы ў легенду — бытта тады, як у далёкіх сёлах людзі размалёўвалі «геройскія» ўчынкі Паўтарака.

— От, дзіво!— казала ўсхваляваная цётка.— Глядзіш з вёскі — восім чалавек капае траншэю на падмурак, а зойдзеш на пагорак — усяго адзін! Адыдзіса да вёскі, павярні галаву назад — зноў налічыш восім!.. Мроіцца табе, ці што?.. Пералічу шчэ раз. Не, такі — восім!

— Святая сіла дапамагае!

— А што думаеш?.. Аж страх бярэ!..

I на ўзгорак аднойчы збегліся бабы з Нетупы, Гуран, Вострава і Ляшчыной. Прарок якраз паехаў па каменні. Яго пагорак быў удоўж і папярок перакапаны і завалены гарбылямі ды скрынямі з вапнай. Пад навесам матава блішчала слюда на іконцы маці божай з Чэнстаховы. Праваслаўны Альяш быў сынам каталічкі, і цётак абразок не здзівіў.

— Во, тая, што падказвае яму, як храм будаваць!— прашаптала цётка Піліпіха з Празнікаў.

— Ну! — пацвердзіла і старая Руселіха.— Праз яе Юзэфіна з таго свету з сынам гаворыць!