Выбрать главу

Цяпер ва ўстанове, дзе працуе тая асоба, не вырашаецца без яе ні адна важная справа. Калі ж выязджае ў камандзіроўку, усе не дачакаюцца яе — бы самога дырэктара.

Аднак па-ранейшаму ёй лёгка нанесці рану.

Учора абразіў яе ўладалюбівы, вядомы ва ўсім горадзе кар'ерыст-начальнік. Пакрыўджаную дзяўчыну ў апошнюю секунду выхапіў з-пад колаў аўтобуса нейкі юнак: яна, уся заплаканая, плялася сярэдзінай асфальту, нічога не заўважаючы. Зараз яе супрацоўніцы падрабязна, са спачуваннем, расказваюць пра выпадак ды радуюцца, як малыя, што ўсё, дзякуй богу, абышлося.

А мяне не пакідае трывога.

У даным выпадку падвярнуўся смелы юнак. Але ж у цябе, дзіця, яшчэ цэлае жыццё наперадзе, у якім будзе не адзін такі нядбайны сухумскі кранаўшчык. Як ты далей будзеш даваць сабе рады?

1981

У ЛАЗНІ

Панядзелак. У лазні пуста. Ля шафы распараны мужчына заклапочана крычыць:

Баншчык, дзе мой гадзіннік?!

Адкуль я ведаю?! — дзівіцца з крыўдай у голасе аднарукі вусач у белым халаце.

А хто ведаць павінен?

Вы мне яго здавалі?

Пара-адкі ў вас тут!..

Гм, а на руцэ — што?

Цьфу, чорт, прашу прабачэння! I як я не заўважыў?!

А шчэ парадкі крытыкуеце!..

Прабачце яшчэ раз!.. Гэта ўжо не ўпершыню — от бяда. Мінулы раз — нацягнуў адзін бот на нагу, другі шукаю — ледзь галаву сабе не звярнуў, а бот — у мяне ў руцэ!.. Скляроз ужо, ці што?

Мужчына апранаецца, закурвае, на тумбачку інваліду кладзе аж дваццаць капеек за венік і выходзіць. У прылазніку — ні душы. Толькі чуваць, як унізе гудуць машыны і вібрыруе падлога, як за сцяной ільецца праз сетачкі вада: ш-ш-ш-ш!..

Інвалід заходзіць у парылку, падбірае цэлыя венікі. Іх купляюць кліенты ў касе, а за выкарыстаныя — грошы бярэ ён, хто колькі дасць. Чалавек адчыняе шуфляду, кідае туды дваццаць капеек і сумна мяркуе — колькі сёння дабавяць? Ат, на цукеркі ды на «жвачку» ўнукам, але ж буфетчыца сёння не працуе. А канец дня яшчэ не хутка.

Інвалід пазяхае ды крычыць касірцы, якая сядзіць у вестыбюлі ля адчыненых дзвярэй:

Макараўна, чуеш? Ну і кліент мне трапіўся, не дай і не прывядзі! Разумееш, нацягнуў адзін бот, другі ў руцэ трымае ды лямантуе: «Баншчык, тудыт-растудыт, куды мой бот падзеў?.. Аддавай, а то табе галаву на бок звярну!..» I як пайшоў, як пайшоў!.. Гладкі такі, з жыво-оцікам, у багатым касцю-уме... Мабыць, нейкі дырэктар папарыцца прыходзіў... Прызвычаіўся там у сябе на пад-уладных крычаць, то думаў, што і тут збаяцца яго. Не на таго натра-апіў! О-го-о, са мной гэты нумар не пройдзе, я так і абсадзіў яго. Паўрубля за венік адваліў з гарачкі!

З вестыбюля чуецца голас Макарыхі:

Ім толькі паддайся!..

А што я кажу? Так і ўзлезуць на плечы чалавеку такія, дальбо.

Самасцвердзіўшыся гэтак ды азірнуўшыся на ўсялякі выпадак, ці хто не бачыць, чалавек падышоў да люстэрка, прыняў паважную паставу ды стаў падкручваць свае рыжыя пракураныя вусы.

АДГАЛОСКІ ГІСТОРЫІ

Пасля першай сусветнай вайны буржуазная Польшча паспрабавала цераз праваслаўнага мітрапаліта Георгія ўзрадзіць у Заходняй Беларусі уніяцтва. Гэта выклікала пратэст сярод духавенства. Мітрапаліт у 1923 годзе быў забіты. Яго застрэліў архімандрыт Смарагд з Бялявіч (цяпер Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці), пасля чаго насаджваць уніяцтва ў нас паны перасталі.

Мне ўдалося знайсці жывога сведку тых падзей — Веру Міхайлаўну Красько. Вось што яна расказала.

«Сама я родам з Бялявіч і айца Смарагда ведала надто добро. У міру называўся ён — Павел Латышэнко. Адкуль узяў такое імя? Кажуць, дарагі камень е такі. Бацько меў прыход у нашых Бялявічах. Калі ж стары Латышэнко памёр, на яго месцо напрасіўся сын. Але ён быў не просто бацюшко, а архімандрыт, але — во, прыехаў у глухую вёску, замест таго, каб архірэя ў Гродне дабівацца. Я тады была падлеткам, яму прыслужвала. Такі высокі чорны халасцяк...

Калі варшаўскі мітрапаліт дамовіўся з Пілсудскім на тую вунію, то знайшліся такія свяшчэннікі, што падаліся на панскую руку. Як ты ўжэ да такого прынясеш дзіця хрысціць ці маладыя прыедуць вянчацца, то поп-уніят за польскі малебен не толькі грошай не бярэ, а шчэ і сам даплаціць людзям — во быў фокус, дальбо! Праўда, да іх мало хто з людзей ішоў — каму хочацца веру сваю прадаваць?! А Смарагд не знаходзіў сабе месца. Да ці толькі ён!..

Бывало, сабяруцца ў плябані бацюшкі з цэлай акругі, зачыняцца ў велькай хаце. Падкрадзешса да дзвярэй, вуха прыставіш, а яны ўсё пра штось — ду-ду-ду-ду!-- I архірэй часто прыязджаў на гэто, яго добро памятаю, бо меў язву і прыходзілася ўладыцы страву варыць аддзельно.