Выбрать главу

Аднойчы два чалавекі з вёскі Акопавічы везлі хаваць сваіх дзетак. Па дарозе да сумнай працэсіі далучылася яшчэ некалькі чалавек, а між іншымі — селянін Казакевіч, соцкі ды старая Манчыха. Бабулю ўгаварылі ісці на могілкі соцкі з Казакевічам, бо мужчыны задумалі разам з дзіцячымі трупікамі пахаваць і яе. Абодва чулі, што адзіны правераны сродак прагнаць халеру — закапаць у зямлю жывую бабку, як гэта ўжо зрабілі пад Лідай, Слонімам, Ваўкавыскам, Гродна...

Адным словам, як старая ні енчыла, ні прасілася, а Манчыху закапалі разам з дзецьмі.

Халера, вядома, не знікла, неўзабаве звяла ў магілу і ўдзельнікаў жудасных хаўтур. Застаўся адзін няшчасны Казакевіч, на якога і абрынуўся закон. Прысуд па гэтай справе Мінскай крымінальнай палаты гучаў так:

«...Казакевича, виновного (в сообществе с др. лицами) в убийстве с обдуманным заранее намерением крестьянки Манковой, зарытием ее живой в землю — по предрассудку, что через это прекратится смертность от холеры, на основании ст. улож. 2-й степени 3, 215-й п 1, 925-й, лишив всех прав состояния, наказать публично в городе Новогрудке через палача плетьми семьюдесятью ударами с наложеннем клейм и потом сослать на каторжную работу в рудпиках на двадцать лет...»

1964

МЫ ВЕДАЛІ

«У вайну жылі мы ў Мардовіі. Панаваў голад. Малолі на муку жалуды, елі з іх бліны, а потым хадзілі з жоўтымі зубамі і вуснамі.

Аднойчы бацька раздабыў кілаграм жытняй мукі. Каб цеста атрымалася больш, параілі яму да мукі падмяшаць ліпавых апілак. Тата доўга пілаваў цурбан, сушыў апілкі, перамешваў з мукой.

Напаліўшы печ, мама на шырокай хлебнай лапаце пасадзіла цеста пячыся. Мы, малыя, паселі ды нецярпліва чакаем свежага хлеба.

Праз гадзіну заглянулі ў печ, а там ад цеста засталася толькі чорная плямка: згарэлі пілавіны, згарэў і кілаграм жытняй мукі. Крык, роспач, плач.

Каб замарыць голад, нас, дзяцей, адправілі ў лес па ягады. Мама пачала малых чакаць.

Ужо вечарэе, а нас усё няма. Нарэшце мама бачыць: дзеці валакуцца.

Я адразу паскардзілася:

Мам, а ты нічога не ведаеш? У лесе я ўпала і доўга-доўга ляжала! Потым адкрываю вочы, а Ваня сядзіць нада мной, хныча. «Не румзай,— кажу,— я ўжо прачнулася!» Ха-ха-ха-ха!.. От смешна, праўда?.. Мам, ты таксама ўжо плачаш? Сціхні, не трэ-э!.. А мы ведалі, што, калі табе раскажам, ты адразу будзеш плакаць!..»