Выбрать главу

Мужчына зачысціў і паглыбіў надсек на бярозе, і бярозавік пабег амаль што цурком, буйнымі і крыху мутнаватымі кроплямі, падобнымі на ваду, якая толькі пачынае кіпець. Я быў побач ужо з мужчынам і глядзеў яму між лапатак, дзе пад счарнелай ад даўняга поту сарочкай набраклі тугія бугры мускулаў. Ён адчуў мой позірк, азірнуўся і таксама стрэліў у мяне цёмнымі пад дугамі чорных броў вачыма, нібыта хацеў мяне ў нечым апярэдзіць, напалохаць і прагнаць. У той жа час і нейкая прыкрасць была ў яго вачах: ну, чаго, маўляў, прычапіўся, пайшоў прэч. Усё тут сёння маё, я тут гаспадар. Але я не спяшаўся размінуцца з ім. Упарта, як і стругаў некалі лучыну, глядзеў яму ў вочы. Што хацеў я ўбачыць за звужанымі іх зрэнкамі, за чорным іх донцам — гэта я ведаў, ведаў, пэўна, і ён, таму што бачыў, мусіць, мяне і раней, увялі яму ўжо ў вушы, што я адсюль, з гэтай во хаты. Калолі яму вочы мае землякі, не раз папікалі: куды ён улез, на што замахнуўся. Памяць ніхто яшчэ не здольны ні прадаць, ні купіць, хай будзе ў яго куча грошай, гара золата і вазы пшаніцы. Я хацеў пабачыць, ці скалоў дакор усёй вёскі вочы гэтаму чалавеку, які спрабаваў перажыць памяць, купіць памяць, у душу яго зазірнуць. Але нічога пэўнага, нічога цікавага, як ні імкнуўся, я не адчуў і не ўбачыў. Толькі тое, пра што ведаў і раней, што бачыў ужо не адзін раз на тварах іншых, падобных яму, чаму я парою нават спачуваў. Адвечную мужыцкую стомленасць і тугу і тое, як з гэтай тугі нараджаецца злосць, якую цяжка ўжо і розуму падначаліць. I ён не хаваў гэтай злосці, не зводзіў з мяне сваіх вачэй і адначасова прасіўся, маліў мяне пайсці, пакінуць яго: нічога ж няма ганебнага і сорамнага ў тым, што ён жыве іменна тут. Ён жа мужык, гаспадар, а які мужык, гаспадар адмовіцца ад зямлі, што добра родзіць, ад саду, які даўно тут пасаджаны. Перш чым брацца судзіць яго, зразумець трэба. Гэта ж колькі ў яго дзяцей. I ён не п'янчуга які-небудзь, не бяжыць з капейчынай, што завялася ў кішэні, як іншыя бягуць, у магазін па чарніла, не лянуецца ён і рабіць, і рукі яго, рукі... Во, зірні толькі на гэтыя хаты. Адна пад цынкам ужо і з блакітнымі аканіцамі. А дзве другія, ці псуюць яны гэты сад, гэтую зямлю, ці не пасуюць яны жыццю?

I я глядзеў туды, куды ён загадваў мне глядзець. Сапраўды, усё было прыгожа. Усё было б прыгожа, калі б там, каля фундаментаў гэтых хат, не ляжалі ўпокат ссечаныя яблыні, якіх яшчэ не паспелі сцягнуць, схаваць ад майго і людскога вока. Мае яблыні, Мысы, Мар'яна Іванавіча, маіх сяброў-дзетдомаўцаў, гвардыі радавых і ўжо абучаных. Дзетдомаўскі наш сад. I ці толькі дзетдомаўскі. Мы ж атрымалі гэтую зямлю ў спадчыну ад першых пагранічнікаў, якія першымі ўступілі тут у бой і загінулі ў тым баі. Ад іх мы атрымалі ў спадчыну і гэты дом, што стаіць літарай «Г», іх хата стала нашай хатай. Каму ж, у чые рукі мы перадалі ўсё гэта? Чаму ж развал і разруха пануюць над нашай хатай, разбураны, па цаглінцы раскіданы печы, што сагравалі нас, пабіты вясёлыя вокны, узадрана падлога, што спявала нам? Паздзіраны шыфер з даху. Хто вінаваты ў гэтым, хто дапусціў такое, чаму я саромеюся сябе, калі іду міма сваёй хаты? Вельмі рана памёр Мар'ян Іванавіч, а я не здолеў абараніць, адстаяць сваю хату. Не змог адстаяць, дык павінен хоць расказаць, як усё было. I няхай як атрымаецца: было не было, магло быць. Як гэта пачыналася, як складалася, прыдумка з болем скручвалася.

На дзядоў Сноўдала выйшаў недзе апоўначы. Побач гула начная дарога, фары машын, што праносіліся міма, білі яму, праўда, у бок, але даставалася і вачам. А вочы яго ўжо былі немаладыя. Наракаць на іх яшчэ не наракаў, што трэба, бачаць, а чаго не бачаць вочы, тое адчувае ён носам. Але тут яго адразу падвялі і вочы, і нос. Хаця ён і адчуваў: хтосьці тут ёсць, а распазнаць не мог і пачуць не мог — хто. Нешта шэрае і як бы сатканае з туману. Сноўдала пастаяў, паслухаў: небяспекі, здаецца, няма. Да машын ён даўно ўжо прызвычаіўся, смуродна толькі ад іх, але што ім да яго. Увесь час равуць, нібыта ў іх бясконцы гон, адкуль толькі сіла ў іх такая бярэцца. Множацца, множацца дзень і ноч без перадыху, вялікія і малыя, гоняцца адна за адной. Але чагосьці ім не хапае. Сноўдала, калі яшчэ быў малады, калі першы толькі раз убачыў іх, намагаўся зразумець: чаго ж. Але так і не зразумеў, плюнуў і пачаў грэбаваць імі. I цяпер ён стаяў задам да іх, ловячы вушамі, што адбываецца там, наперадзе. А наперадзе, як уяўлялася яму сёння і як падказвала яму спрадвечная яго памяць, якая належала не толькі яму, увабрала ў сябе ўсё, што было тут спакон веку, тады, калі ён сам быў менш шарсцінкі на целе свайго прабацькі, быў толькі гукам, які пранізваў стагоддзі трубным рыкам свайго прапрадзеда, кропляю расы, сцяблом травы, подыхам ветру, які бласлаўляў і аплакваў яго будучае нараджэнне і жыццё,— па ўсім гэтым яму здавалася, што наперадзе вёска. Таму ён і знерухомеў, не ад спалоху, а хутчэй ад здзіўлення напружана набычыўся. Ён наогул не ведаў, што такое страх, таму што сам быў для іншых страхам. Каго яму баяцца, калі ён сам бадай усемагутны. Не кожнае дрэва можа ўстаяць перад ім, не тое што звер ці чалавек. Цар звяроў і ўсяго існага на зямлі цар, махіна, якую не збіць з ног, не звярнуць з дарогі, усё жывое саступае яму, расступаецца, бяжыць прэч, хаваецца ў норы і схованкі. Але гэтая ўсемагутнасць адначасова сведчыла і аб тым, што ён недзе і бездапаможны. Сноўдала ў мностве сваіх жыццяў на ўласнай скуры спазнаў гэтую сваю сілу і бяссілле, горка і соладка паплакаў, праклінаючы сваю долю.