Выбрать главу

У гэтым жыцці яго не раз забівалі. А недзе з паўвека назад забілі, здавалася, назаўсёды. На зямлі, якой ён валодаў з такога часу, што не хапала і памяці, ён застаўся адзін. Ён заўсёды ведаў і помніў аб гэтым, як ведаў і помніў чалавека, які павінен быў яго забіць, таму што часта бачыў таго чалавека ў лесе, і той зычыў яму, калі выпадалі суровыя зімы, дапамагаў выжыць. Але вось надышла тая адметная памятная зіма, калі ён застаўся адзін. Аплакваючы ўжо яго, нема вылі ваўкі. А ён, бязглузды, спачатку нават быў рады іх жалобнаму завыванню: адзін, адзін і нікога, нікога ва ўсім белым свеце, хто мог бы падужацца з ім. Ён мог ісці, куды вядуць вочы, і ніхто б не заступіў яму дарогі. Уся зямля была яго, усе балоты, лясы, паша. Толькі не было нікога, каму зубр мог бы сказаць пра гэта, хто мог бы парадавацца гэтаму разам з ім. Хаця спачатку ён і не адчуваў ні ў кім патрэбы, жыў самім сабой, сваёй свабодай. Гэта ўжо крыху пазней ён засумаваў, прыбіўся да ласёў, бачыў нешта блізкае, роднае паміж сабой і ласямі. Ласі, як і ён, таксама любілі ласавацца пупышкамі дрэў і маладымі галінкамі, сенам, травою. Але ласі не прызналі, пагрэбавалі ім, як ён пазней будзе грэбаваць машынамі. Пасля таго ён сышоў з воч ласёў, зашыўся ў глыб пушчы, дзе жылі ваўкі, ворагі ласёў. Ваўкі чакалі яго пагібелі, чакалі, калі ён акалее сам. Ён зразумеў: дачакаюцца, прыйдзе гэты час. За яго выключнасцю і свабодай хавалася не жыццё, а смерць. Смерць жа таксама любіць адзіноту і хоча быць заўсёды вольнаю. I Сноўдала адчуў, што ён носіць у сабе сваю ўласную смерць. I як гнула плечы гэтая ношка: кожны крок, здавалася, апошні, таму анікога ўжо следам за ім, няма каму ступіць у яго след, хоць шыю скруці, азіраючыся назад, хоць вочы праглядзі, углядваючыся наперад: нічога і нікога. А калі ўсё гэта так, то навошта тады і ён. I Сноўдала ўжо адчуваў павеў смерці над сваёю галавой. Ён ужо не радаваўся, што жыве, што займаецца новы дзень, узыходзіць на небе сонца, плыве па ім воблака, ідзе снег, бадзёра прабівае цела мароз. Усё гэта было хутчэй сумна, чым радаспа. Так ён адсумаваў студзень, акасцянеў за той студзень, збілася ў каўтун барада яго, звалялася ў лямец поўсць, а ён не меў ахвоты нават пашавяліцца і жвачку ўжо адвык жаваць. Менавіта тады ён і ўзбунтаваўся, пайшоў шукаць сваю смерць, якая, ён ведаў гэта, даўно ўжо сама шукала яго. Ружжо Барталамеуса Шпаковіча даўно ўжо квапілася на яго жыццё, прагла яго крыві. Але да таго часу ён лёгка абдурваў гэтае ружжо, уцякаў ад яго. А цяпер выйшаў на яго сам, таму што несла яно яму не толькі смерць, але і вызваленне, збаўленне ад адзіноты. Адраджэнне. Ружжо не ведала жалю, біла напавал, да поўнага забыцця. Але ў чалавеку, не, не ў Барталамеусе, у семені яго чалавечым, што раскідана па ўсім свеце, было закладзена сумленне, тое, што не дазваляе нічому знікнуць бясследна, канчаткова. Тое, што можа стрэліць і ў таго, хто страляе, каб адрадзіць забітага. I Сноўдала, прадзед яго, ішоў на такі стрэл, на смерць і адраджэнне. Ён сам знайшоў Барталамеуса, адкрыўся яму, замёр, чакаючы таго ўдару, што збівае з ног. Але ў апошнюю хвіліну занатурыўся, яму здалося, што Барталамеус цэліць не туды, куды трэба. Ён, само сабой, не прамахнецца, але і напавал не ўкладзе яго, і забыццё будзе цяжкім і хрыпліва доўгім. I Сноўдала, лёгкі і малады, уламаўся ў асіннік, прашыў яго наскрозь, паспеў удыхнуць яшчэ, перапоўніцца яго салодкім і горкім пахам. Куля апякла скуру, выблыталася з грывы, скавытнула над вухам і толькі надала Сноўдалу бадзёрасці. Ён зноў адчуў, што хоча жыць, жадае жыць, жаваць маладыя галінкі асінніку, клейкія і салодкія пупышкі ліпы, што так гоняць сліну, прагне дажыць да таго часу, калі гэтыя пупышкі набракнуць і выбухнуць лістом, паспытаць таго ліста і толькі тады выйсці насустрач кулі. Але ён уявіў сабе ўвесь той круг блуканняў у адзіноце, праз які прайшоў ужо, пагарду ласёў, адчуў, як зацята чакаюць падлы ваўкі; зразумеў, што не вытрывае больш такіх пакут, сваё ён ужо адпакутаваў. Але не хацелася ж вось так адразу і беспаваротна і паміраць. Ён павінен абысці, гуляючы з Барталамеусам апошнюю сваю гульню, усю пушчу, абабегчы ўсе логавы ваўкоў, нагнаць на іх страху, напалохаць напаследак ласёў, паслухаць і пасмяяцца з іх, як яны рагамі ломяць сухастой, мяцеляць, віхураць снег, узнімаючы вецер, самому дыхнуць тым ветрам. I пасля гэтага толькі. Пасля гэтага. Пасля...