Выбрать главу

I ён вярнуўся, адрадзіўся з семені, што раскідана па свеце яго бацькамі, з шарсцінкі маці, подыху ветру, з гуку. I цяпер зноў ішоў тымі самымі сцежкамі, па якіх хадзілі яго бацькі, па якіх некалі хадзіў і ён сам. Але сцежкі гэтыя перамяніліся. I Сноўдала ніяк не мог уцяміць, лепшымі ці горшымі яны сталі. Хацеў выйсці да вёскі, да стагоў, паскубці свежага мурожнага сена, ён жа выправіўся ў дарогу не блізкую, і трэба было берагчы сябе, каб адолець гэтую дарогу, але выбрыў ён да чагосьці незразумелага, незнаёмага. Незнаёмага на паверхні, а там, у глыбіні, здаецца, усё заставалася, як і раней. Стагнала пад ім падземнае возера, плавалі ў ім бязвокія чорныя рыбіны, цягнулі, смакталі з гэтага возера каранямі, як помпаю, ваду дрзвы і кусты. А вось у кустах, сярод язміну і бэзу, дзе колісь з блакітнай гліны струменіла блакітная крынічка, знаходзілася нешта сапраўды незразумелае, што насцярожыла Сноўдалу. Каб напалохаць, адагнаць гэтае незразумелае, Сноўдала стаў капыціць зямлю. Але ніхто не спалохаўся, не кінуўся прэч. Тады ён рушыў сам наперад. Спатыкнуўся аб невысокую, да каленяў яму, агароджу. Спыніўся, не ведаючы, што рабіць,— ці то пераступіць яе, ці то паваліць. Пераступіў. I выйшаў на двух магутных, задумлівых і з вялікімі бародамі дзядоў, што стаялі плячо ў плячо. Дзяды, хоць ён і быў ужо з імі побач, не крануліся нават. Сноўдала прыгледзеўся і зразумеў, што яны, падобна яму, таксама адроджаныя, крыху, праўда, не зусім так, як ён.

— Ну, чаго стаіш,— звярнуўся да яго адзін з дзядоў.— У нагах праўды няма.

— Так, так,— пагадзіўся з ім другі.— Добрдзень, добрночы табе. Куды на ноч гледзячы?

Сноўдала занепакоіўся, захоркаў, затупаў капытамі, выгнуў шыю.

— Не хвалюйся, маўчы,— зноў азваўся адзін з дзядоў.— Мы чуем, мы ведаем. Нам голасу не трэба. Так, Іван?

— Так, так, Міша. Нас голасам не падманеш. Мы праз такое прайшлі...

I Сноўдала ўспомніў гэтых дзядоў — браты яны. Згадаў, праз што яны прайшлі. Гэта было на яго звярынай памяці.

— Вось бачыш,— узрадаваліся дзяды,— мы ўжо ведаем адзін аднаго. А яшчэ гавораць, гара з гарою не сходзіцца. Усё на белым свеце сыходзіцца.

— З такой нагоды можна было б і чарку, Сноўдала. Як ты, Міша?

— Так, так, Іван, ды толькі...— I Міхайла каменна ўсміхнуўся з бетону.

— Эх, так тваю маць,— вылаяўся Іван.

Міхаіл падціснуў вусны:

— Вось як мацюгаўся ты на тым свеце, так і цяпер мацюгаешся.

— Прыроду, натуру, Міша, не пераробіш. Гэта табе не зямелька-маці.

— Вось таму што натурныя, мы і пайшлі з табой раней веку, Іван, у зямельку-маці. З-за натуры нашай.

— За зямельку, Міша, а не з-за натуры.

— Так, так, Іван, твая праўда. Садзікі нашы, што мы садзілі з табой, цвітуць, жыта красуе. Дзеткі нашы ў садзіку тым бегаюць, яблычкі кушаюць... А як мы з табой, Іваньча, тыя садзікі садзілі, крынічаньку капалі, варана каня вялі.

I Міхаіл нечакана заспяваў:

Эх, тачанка-ростовчанка, Наша гордость и краса,  Пулеметная тачанка,  Все четыре колеса...