Выбрать главу

- Стой! Ён жа разаб'ецца!

Зверху мiльгануў аркан - за секунду блазан паспеў дастаць i кiнуць яго так, што вяроўка абхапiла Кiна за плечы i спынiла падзенне. Потым безжыццёвае цела Кiна апусцiлася на падлогу. Падняўшы шар, Жуль убачыў над люкам блазна з арканам у адной руцэ, з дубiнай - у другой. Раман i хлопец адхiснулiся ад люка, замерлi. Раман першы скемiў, што да чаго.

- Хто? - спытаўся ён.

- Ён мне з самага пачатку не спадабаўся - няма ў нас такога ў стражнiках. У мяне, ведаеш, якая памяць на твары. Падслухоўваў. Думаю, лазутчык епiскапаў.

Вочы ў Кiна былi заплюшчаныя.

- Ты яго не забiў? - спытаўся Раман.

- У нас, лiтоўцаў, галава жалезная, - сказаў блазан.

- Што ж рабiць? - сказала Ганна. - Яны яго заб'юць. Ну зрабi што-небудзь, Жуль, мiленькi! Выцягнi яго назад.

- Без яго дапамогi не магу.

- То прыдумай.

- Ды пачакай ты! - агрызнуўся Жуль. - Ты думаеш, ён на шпацыр пайшоў? Выблытаецца. Абавязкова выблытаецца. Нiчога...

- Трэба яго дапытаць, - сказаў Раман.

- Толькi вазьмi ў яго... гэта. Блазан нагнуўся, выхапiў у Кiна меч, арканам звязаў рукi. У гэты момант у люку паказаўся твар другога стражнiка.

- А, Явайла, - сказаў блазан. - Ты гэтага земляка не прызнаеш?

- Не, - адказаў той хутка. - За варотамi князь.

- Гэтага яшчэ не хапала, - сказаў Раман. - Акiплеша, прымi, хутчэй, хутчэй, ну! Глузд, дапамажы яму!

Яны адцягнулi Кiна ўбок, у цень, Раман кiнуў зверху кучу лахманоў... Сцэна была злавесная - ценi мiтусiлiся на сценах, спляталiся, быццам у бойцы.

Князь хутка спусцiўся ўнiз, прыступкi прагiналiся, за iм следам яцвяг у чорнай куртцы i чырвоным каўпаку. Князь быў у кальчузе, кароткi плашч прамок, прылiп да кальчугi, рыжыя валасы ўскудлачаныя. Князь быў сярдзiты:

- Ордэн на прыступ сабраўся, лесвiцы валакуць... Як трымацца, вароты слабыя, людзей мала. Ты чаго тут хаваешся?

- Якая ад мяне карысць на сцяне? Я тут больш патрэбны.

- Ты думай. Нам бы дазаўтра пратрымацца. Раман, чаму на вежах вогненнай вады няма?

- Скончылася, княжа.

- Каб была! Не абаронiм горад - першы памрэш.

- Князь, я твайго роду, не кажы так. Я ўсё раблю...

- Не ведаю, нiкому не веру. Як дрэнна - нiкога няма. Дзе Ўладзiмiр Полацкi? Дзе Ўладзiмiр Смаленскi, дзе Мсцiслаў Удалы? Уладзiмiр Пскоўскi? Дзе рацi? Дзе ўся Русь?

- Я прыйду на сцяну, брат, - памяркоўна сказаў Раман.

- Тут у цябе столькi зелля нарыхтавана!

- Гэта, каб золата рабiць.

- Мне цяпер золата не патрэбна - ты мне самародак дасi, я яго на галаву епiскапу кiну. Ты мне агонь дай, агонь!

- Я прыйду на сцяну, брат.

Кiн заварушыўся пад лахманамi, вiдаць, застагнаў, таму што князь кiнуўся да кучы лахманоў, пад столь узляцелi чорныя ценi, - Кiн быў без прытомнасцi.

- Хто такi? Чаму лiтоўца звязаў?

- Чужы чалавек, - сказаў Раман. - У хату да мяне прабраўся. Не ведаю, можа, ордэнскi лазутчык.

- Забi яго, - князь выцягнуў меч. Ганна закрыла далонямi вочы.

- Не, - пачула яна Раманаў голас. - Я яго дапытаць павiнен. Iдзi, князь, я прыйду. Зробiм агонь - прыйдзем.

- Ты, - сказаў князь яцвягу, - застанешся тут.

- Лiшняе, князь, - сказаў Раман.

- Цяпер я нiкому не веру. Зразумеў. Табе не веру таксама. - Князь адпусцiў дзяржальна мяча. - Нам бы да заўтра пратрымацца.

Князь, аглядаючыся, хутка падняўся па лесвiцы. Спынiўся, глянуўшы ў падвал зверху. I яму вiдаць былi цёмныя ценi, няроўна асветленыя жоўтым святлом твары, бляск рэтортаў i трубак. Князь перахрысцiўся, столь над галовамi чарадзея i яго памочнiкамi, што глядзелi ўверх, здрыганулася, загайдалася ад хуткiх i цяжкiх крокаў князя Вячкi.

- Уся лiтоўская раць не выратуе яго, - цiха сказаў Раман.

Ён падышоў да Кiна, паглядзеў уважлiва на яго твар. Яцвяг - за яго спiной таксама глядзеў на Кiна, холадна i абыякава - для яго смерць i жыццё былi толькi момантамi ў бясконцым чаргаваннi быцця i небыцця.

- Дай чаго-небудзь выпiць яцвягу, - сказаў Раман.

- Ён загаварыў па-латынi, - заўважыў Жуль.

- Цi не ўсё роўна! - усклiкнула Ганна. Яцвяг адступiў на крок, ён быў напагатове.

- Не будзе ён пiць, - сказаў блазан.

Кiн расплюшчыў вочы. Памахаў галавой, зморшчыўся ад болю.

- Нiчога, - сказаў Жуль. - Мы не такiм давалi рады.

- Пiсталет бы яму. Чаму ён не ўзяў зброi!

- Ён не мае права нiкому ўчынiць шкоды.

- Нават калi гэта пагражае яму смерцю?

- Мы гатовы на гэта, - сказаў Жуль.

- Ты хто? - спытаўся Раман, нахiляючыся да Кiна. Кiн маўчаў, глядзеў на Рамана.

- Ён па-нямецку не разумее, - паведамiў блазан.

- Без цябе, дурань, бачу, напэўна, прытвараецца.

- То забi яго, i справе канец, - сказаў блазан.

- А раптам прыслаў яго епiскап?

- Другога прышле, - сказаў блазан. - З моваю.

- Нягоднiк, - сказала Ганна праз зубы.

- Спытайся ў яго па-лiтоўску, - сказаў Раман.

- Ты што тут робiш? - спытаўся блазан.

- Я прыйшоў з Трокаў, - сказаў Кiн. - Я сваiх убачыў.

- Хлусiш, - сказаў блазан.

- Што ён кажа?

- Хлусiць, - сказаў блазан. - Забiць яго трэба, i справе канец.

Кiн паспрабаваў прыпадняцца. Яцвяг, як кошка, мякка выхапiў шаблю.

- Пачакайце, - сказаў Кiн. - Месiр Раман, у мяне да вас важная справа.

- Ён ведае латынь? - вырвалася ў Рамана.

- Баярын, - сказаў хлопец, - час на зыходзе.

- Час? - паўтарыў яцвяг. - Князь чакае. Iдзiце на вежу.

- Зараз, - сказаў Раман. - Ты кажаш, што ведаеш мяне?

- Я прынёс навiны з Брэмена, - сказаў Кiн. - Я не магу сказаць цяпер. Я буду гаварыць толькi адзiн на адзiн. Развяжыце мяне.

- Не, - сказаў Раман. - Нават калi ты не хлусiш, ты ўсё роўна застанешся тут. Я не веру табе.

- Час не чакае, - сказаў хлопец.

- Што ён увесь час паўтарае? - спытаўся блазан.

- Ён павiнен сустрэцца з адным чалавекам.

Яцвяг паклаў на левую далонь лязом шаблю, быццам цешыўся з яе цьмянага бляску.

- Князь загадаў, - паўтарыў ён, - пара iсцi.

- З табою пойдзе Акiплеша, - сказаў Раман. - Ён усё ведае.

- Князь загадаў, - паўтарыў яцвяг, i ў словах яго была пагроза.

Ганна ўбачыла, што Раман падаў якiсьцi знак хлопцу i той, ледзь прыкметна кiўнуўшы, пайшоў уздоўж сцяны ў змроку. Кiн ляжаў з расплюшчанымi вачыма. Уважлiва сачыў за людзьмi ў падвале. Крыху паварушыў плячыма.

- Ён здыме вяроўкi, - прашаптаў Жуль, нiбыта баяўся, што яго пачуюць, галоўнае - зняць вяроўкi.

Яцвяг таксама ўважлiва сачыў за тым, што адбываецца навокал, нiбы адчуваў нядобрае.

- Цэзар, - сказаў блазан, - не бяры грэх на душу.

- Ты нiколi не станеш вялiкiм чалавекам, - адказаў Раман, робячы крок да стала, каб адцягнуць увагу яцвяга, - наш час не трывае добрых. Стаўка занадта вялiкая. Стаўка - жыццё i вялiкая магiя. Ты! - крыкнуў ён нечакана яцвягу. I замахнуўся кулаком. Яцвяг мiмаволi ўзняў шаблю.

I ў гэты момант блiснуў хлопцаў нож - коратка, невыразна адлюстраваўшыся ў рэтортах. I яцвяг адразу выпусцiў шаблю, бессэнсоўна i безнадзейна iмкнучыся ўбачыць прычыну болю, дастаць закiнутымi за спiну рукамi ўваткнуты ў спiну нож... i рухнуў на бок, ссунуўшы цяжкi стол. Рэторта з цёмнай вадкасцю захiсталася, i Раман кiнуўся да стала i падхапiў яе.

- Як я спалохаўся... - сказаў ён. Блазан глядзеў на яцвяга.

- Нядобра выйшла, - сказаў блазан. - Ой, як нядобра выйшла...

- Скажам князю, што ён пайшоў. Выцягнi яго наверх - i за хлеў. Нiхто ноччу не знойдзе.

- Кроў, - сказаў блазан. - I гэта ёсць пазнанне?

- Дзеля якога я аддам сваё жыццё, а тваё - тым больш, - сказаў Раман. Цягнi, ён лёгкi. Блазан стаяў нерухома.

- Паслухай, - сказаў Раман. - Я вiнаваты, я цябе ўсё жыццё iншаму вучыў... я цябе вучыў, што жыццё можна зрабiць добрым. Але нельга не змагацца. За навуку змагацца трэба, за шчасце... iдзi, мой раб. У нас ужо няма выйсця. I грэх на мне.