Выбрать главу

- Iдзi за iм, - сказаў ён. - Прасачы...

- Што? - не зразумеў хлопец.

- Каб ён не падышоў да каго-небудзь з князевых людзей. Да князя каб не падышоў... а зрэшты, заставайся. Ён не паспее.

Раман паводзiў сябе дзелавiта, суха i холадна. Ён паглядзеў на пясочны гадзiннiк. Потым акiнуў позiркам тых, хто заставаўся ў сутарэннi.

- Князёўна Магда, - сказаў ён, - душа мая, паднiмiся наверх. Iдзi ў тыльныя пакоi. I не выходзь адтуль. Нi ў якiм разе. А ты, - ён загаварыў да Кiна, - глядзi, каб не выйшла.

- Раман, - сказала Ганна, - мой чалавек застанецца з табою. Я веру яму больш, чым каму iншаму.

- Няхай будзе па-твойму, - Раман усмiхнуўся. Цудоўная была гэтая добрая, шчаслiвая ўсмешка. - Дзякуй. З табою пойдзе Глузд.

- Iдзi, - сказаў Кiн. - Баярын кажа праўду. Iдзi, князёўна, далей ад небяспекi. Больш тут табе няма чаго рабiць.

Ганна паднялася па лесвiцы першая. Ззаду iшоў хлопец. Ён стамiўся, твар яго асунуўся, ён быў напалоханы. Звон i крыкi разносiлiся над горадам, i калi Ганнiна галава паднялася над падлогаю, шум аглушыў, уварваўшыся праз высокiя вокны верхняй святлiцы... I яшчэ Ганна паспела ўбачыць, як кiнуўся да выхаду блазан - аказваецца, ён нiкуды не пайшоў. Ён падслухоўваў. Можа, так i лепш. Можа, ёй на самай справе пара дакрануцца да прысоскi пад вухам.

Яна накiравалася да тыльных пакояў. Хлопец апярэдзiў яе, адчынiў перад ёю дзверы; увайшоўшы, Ганна кiнула позiрк назад: блазан стаяў за вершнiкам, невыразна акрэслiваўся там, быццам куча лахманоў. Ах, не трэба было аглядацца, бо хлопец сачыў за ёй i заўважыў нейкi рух каля дзвярэй.

Напэўна, ён проста спалохаўся. Мабыць, не здагадаўся, што там Акiплеша. Нечакана моўчкi, як воўк, даганяючы ахвяру, хлопец кiнуўся ў куст, наставiўшы нож перад сабою, быў ён нястрымны i больш нiчога не бачыў.

Ганна толькi паспела ахнуць...

Блазан мякка адскочыў убок, хлопец стукнуўся аб сцяну i ўпаў, заняўшы блазнава месца ля сцяны. Гарбун выцер тонкае лязо штылета, сказаў, як бы просячы прабачэння: - Ён мне не раўня... я ў сарацынаў навучыўся.

- Я не магу больш, - сказала Ганна. - Не магу...

- Страшны час, - сказаў блазан. - Напэўна, не было яшчэ такога жорсткага веку, i я таксама жорсткi... Але я не подлы. Разумееш, я не подлы. Я абараняюся, але не здраджваю...

Блазан падышоў да адчыненага люка i спынiўся так, што з сярэдзiны яго было цяжка ўбачыць.

- Цi будзе лепшы час? - спытаўся ён у самога сябе, гледзячы ўнiз. - Цi будзе добры час, цi смертаносныя коннiкi ўжо скачуць па нашай зямлi?

- Будзе, - сказала Ганна. - Павiнен быць.

Блазан маўчаў. Ганна адчула, як напружылiся яго плечы i кароткая шыя. Яна зрабiла крок наперад, заглянула ўнiз, у сутарэнне. Раман прынiк да патайных дзвярэй прыслухоўваючыся. Кiн ззаду.

- Адыдзiся, - адмахнуўся ад яго Раман.

Кiн паслухмяна адступiў на некалькi крокаў.

У дзверы стукнулi два разы. Потым яшчэ тры разы.

- Я так i ведаў! - прашаптаў блазан. - Я ведаў... Трэба было бегчы да князя!

Раман адсунуў засаўку, i цяжкiя дзверы адчынiлiся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.

Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:

- Усё ў парадку?

- Усё, - адказаў Раман. - Як там каля варотаў?

- Хутка рухнуць, - сказаў Фрыдрых. - Хутка.

Ён накiраваўся назад у цёмны праход i крыкнуў штосьцi па-нямецку. Раптам блазан завiшчаў, як параненая жывёлiна, i скочыў унiз, мiнаючы лесвiцу, з двухметровай вышынi, i ўмомант апынуўся каля дзвярэй, iмкнучыся дацягнуцца да засаўкi.

Раман першы скемiў, у чым справа, i схапiўся за тронкi нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож i блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так i не паспеўшы зачынiць дзверы, а ў руцэ ў яго блiшчаў штылет...

- Кiн! - адчайна крыкнула Ганна. - Не той!

Кiн павярнуўся да яе. Вочы ў качэўнiка зрабiлiся вузкiмi шчылiнкамi. Голас яго быў цiхi, але страшны, i непадпарадкавацца было нельга:

- Iдзi зараз жа.

Ганна зрабiла крок па лесвiцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кiну...

- Нацiснi на прысоску! Загубiш усё!

I Ганна, амаль не разумеючы, што робiць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыi...

I ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалiлася, знiкла, бясконцая бездань часу захапiла яе i панесла цераз цемру, мiж недарэчных i незразумелых прывiдаў: лавiна конскiх мызаў i капытоў неслася на яе праз агонь, якi вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвiстаў вецер, данеслiся абрыўкi музыкi...

Ганна стаяла ў маленькiм халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, i Жуль, схiлiўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:

- Зрабi крок убок! Выйдзi з поля!

Ганна паслухмяна ступiла - галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар - як акно ў падвал.

Надта маленькi ў шары блазан бiўся з Раманам, i рука яго, як абцугамi, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сцiскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож i крычаў штосьцi, але Ганна не чула слоў.

- Не той, - сказала яна хрыпла. - Не той!

Блазан вывернуўся, i Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману i той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлi адзiн за адным нямецкiя ратнiкi. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваiм мячом... I мiльгануў ценем Кiн...

- Не той! - паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.

У той жа момант з шара знiклi двое: Кiн i блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. I, адкiнуўшы яго, рыцар апусцiўся на каленi над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглi наверх. I ратнiкi адзiн за адным пачалi падымацца па лесвiцы - жвава i спрытна...

Шар патух.

- Усё, - сказаў Жуль.

- Дзе яны? - спыталася Ганна.

- Яны прайшлi скрозь нас. Яны ўжо там, дома... Ты не ўяўляеш, як я стамiўся.

- Я таксама стамiлася, - сказала Ганна.

- Дзякуй, - сказаў Жуль. - Без цябе было б не выбрацца нам.

- Не варта падзякi, - адказала Ганна. - Ты ўпэўнены, што ён забраў Акiплешу?

- Ты ж бачыла, - адказаў Жуль. Ён падняў пульт i паклаў у чамадан.

- Яны дабралiся на месца? Ты ўпэўнены?

- Безумоўна, - сказаў Жуль. - Што з iмi можа здарыцца?

26

Ганна прачнулася, калi сонца ўжо хiлiлася на захад. У пакоi было горача, над пакiнутай на стале фiлiжанкай кавы кружылiся восы. У пакоi стаяў дзед Генадзь.

- Выбачай, - сказаў ён. - Я тут стукаў, стукаў, дзверы адчыненыя, ты не адклiкаешся. У нас у вёсцы не тое, што ў горадзе, - у нас прасцей. Дзверы адчыненыя, я i ўвайшоў.

- Нiчога, - сказала Ганна, апускаючы ногi з канапы. Яна заснула ў вопратцы. Зашамацела парча.

Ганна акiнула сябе позiркам - яна так i засталася ў сукенцы польскай князёўны Магдалены, пляменнiцы караля Лешкi Белага, родам са стольнага горада Кракава.

- Гэта ў Маскве так носяць? - спытаўся дзед. Ганне здалося, што ён пасмiхаецца з яе. Яна ўстала i выглянула ў сенцы. Там было пуста i чыста. Дзверы ў халодную святлiцу расчынены насцеж. I там пуста. Ложак акуратна засланы.

Дзед Генадзь плёўся следам за ёю.

- Паехалi, значыць? - сказаў ён.

- Паехалi, - адказала Ганна.

- А я табе на памяць прынёс, - сказаў дзед. - З музея.

Ён выцягнуў з глыбокай кiшэнi з плашча медную львiную галаву з колцам у пашчы.

- Я яшчэ дастану, ты не турбуйся.

- Дзякуй, дзядуля, - сказала Ганна. - Яны напраўду адтуль?

- А цi я ведаю? Былi б людзi добрыя.

Ганна вярнулася ў вялiкi пакой. Праз адчыненае акно быў вiдаць круты пагорак. Каля ручая пасвiлася гнядая кабыла Клеапатра.

- Грахi нашы цяжкiя, - уздыхнуў дзед. - Спяшаемся, мiтусiмся, падарожнiчаем бог ведае дзе. А гэта ж рызыкоўна. Вось я табе тут малачка прынёс. Сырадойчыку. Будзеш пiць?